У 2013 годзе папа Францішак наведае Сардзінію. Пантыфік памоліцца ў мясцовым санктуарыі Маці Божай з Банарыё, ад якой паходзіць назва сталіцы Аргенціны Буэнас-Айрэс.
18–19 мая ў Рыме пройдзе Дзень свецкіх рухаў, новых супольнасцяў, асацыяцый і аб’яднанняў пад дэвізам «Я веру! Павяліч у нас веру». Для ўдзелу ў форуме зарэгістраваліся каля 120 тысяч чалавек са 150 рухаў з розных краін свету, у тым ліку і Беларусі. 19 мая ўдзельнікі сустрэчы збяруцца на Эўхарыстыі на плошчы Св. Пятра, якую ўзначаліць Папа.
Пра павагу і любоў да чалавечага жыцця напісаў папа Францішак у «Твітэры» 15 мая. «Гэта Бог дае жыццё. Давайце будзем паважаць і любіць чалавечае жыццё, асабліва ранімае жыццё ў мацярынскім улонні», — так гучаць словы Пантыфіка.
Вернасць Хрысту ў паўсядзённасці — такую тэму закрануў Святы Айцец Францішак у сваім чарговым запісе ў «Твітэры» 13 мая. «Ці магу я быць верным Хрысту ў маім штодзённым жыцці? Ці здольны я паказваць сваю веру з пашанай, але таксама з адвагай?» — такія пытанні паставіў Пантыфік.
Новы даведнік са статыстычнай інфармацыяй пра Касцёл «Annuario Pontificio» прадставілі Святому Айцу 13 мая Дзяржаўны сакратар кардынал Тарчызіо Бэртонэ і субстытут Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Анджэло Бэчу. Даведнік распрацавала Цэнтральная статыстычная служба Святога Пасаду.
Маліцца за хрысціян, якія церпяць пераслед і насілле, заклікаў Святы Айцец Францішак у «Твітэры». «Давайце маліцца за шматлікіх хрысціян у свеце, якія ўсё яшчэ пакутуюць ад пераследу і насілля. Няхай Бог дасць ім адвагу веры», — так гучыць новы запіс у папскім профілі, які з’явіўся 12 мая.
12 мая папа Францішак правёў сваю першую кананізацыю. Пантыфік абвясціў святымі 800 мучанікаў з італьянскага Атранта, якія аддалі жыццё за веру напрыканцы XV ст., а таксама дзвюх заснавальніц манаскіх супольнасцяў з Лацінскай Амерыкі: калумбійку Лаўру ад св. Кацярыны Сіенскай і мексіканку Марыю Гвадалупэ.
11 мая папа Францішак звярнуўся да вернікаў з новым запісам у «Твітэры». «Дух Святы дапамагае нам паглядзець на іншых свежым позіркам, бачыць іх заўсёды як братоў і сясцёр у Езусе, паважаць і любіць», — так гучаць словы Пантыфіка.
10 мая Святы Айцец Францішак сустрэўся з Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам ІІ. Візіт іерарха адбыўся ў 40-ю гадавіну падпісання Супольнай каталіцка-копцкай дэкларацыі, якая паклала пачатак афіцыйнаму тэалагічнаму дыялогу паміж дзвюма Цэрквамі.
12 мая на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане папа Францішак здзейсніць кананізацыю 800 мучанікаў з Атранта (Італія), якія аддалі жыццё за веру ў канцы XV стагоддзя. Таксама Пантыфік абвесціць святымі дзвюх заснавальніц законных супольнасцяў з Лацінскай Амерыкі: калумбійку Лауру ад св. Кацярыны Сіенскай і мексіканку Марыю Гвадалупэ. Гэта першая кананізацыя, якую правядзе папа Францішак.
Папа Францішак спачувае ў сувязі з трагедыяй, якая здарылася ў порце Генуі (Італія) 7 мая, дзе ў выніку сутыкнення кантэйнеравоза з дыспетчарскай вышкай па папярэдніх даных загінула 7 чалавек. У тэлеграме, падпісанай Дзяржсакратаром кардыналам Тарчызіо Бэртонэ, адзначаецца, што «Святы Айцец раздзяляе боль, які ахапіў увесь горад, і запэўнівае ў сваіх гарачых малітвах падтрымкі за трагічна загінуўшых».
Пра значэнне Духа Святога ў жыцці хрысціян напісаў папа Францішак 9 мая ў «Твітэры». «Дух Святы прыносіць у нашы сэрцы найкаштоўнейшы дар: глыбокі давер Божай любові і міласэрнасці», — так гучыць новы запіс Пантыфіка.
8 мая папа Францішак сустрэўся з членамі Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц, пасяджэнне якога 3–7 мая праходзіла ў Рыме. Каля 800 законных сясцёр з 75 краін размаўлялі на тэму «Служэнне ўлады паводле Евангелля».
Пра тое, у чым знаходзіцца сапраўднае багацце, напісаў папа Францішак у «Твітэры» 8 мая. «Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё, і мелі ў паўнаце, — кажа Езус. Вось дзе сапраўднае багацце, не ў матэрыяльных рэчах!» — так гучыць новы запіс Пантыфіка.
Праграма візіту Святога Айца ў Бразілію на Сусветны дзень моладзі была прадстаўлена 7 мая ў Апостальскай Сталіцы. У праграме прадугледжаны сустрэчы Папы з касцёльнымі і дзяржаўнымі ўладамі, з моладдзю, удзел у споведзі, наведванне хворых і зняволеных.