Падчас візіту ў Бразілію на Сусветны дзень моладзі папа Францішак 24 ліпеня адкрые ў бальніцы імя св. Францішка Асізскага ў Рыа-дэ-Жанэйра новы аддзел для лячэння наркаманіі. Як паведамляе «KNA», кіраўніцтва шпіталя спадзяецца, што адкрыццё цэнтра дасць наркаманам, асабліва нарказалежным дзецям і падлеткам, надзею і другі шанс.
8 ліпеня папа Францішак падчас свайго першага афіцыйнага апостальскага візіту на востраў Лампедуза ўзначаліў на стадыёне вострава святую Імшу з удзелам тысяч мясцовых жыхароў і імігрантаў, якія прыбылі галоўным чынам з Афрыкі. Менавіта пра іх трагедыю казаў падчас гаміліі Пантыфік.
7 ліпеня Святы Айцец Францішак узначаліў у ватыканскай базыліцы Імшу з удзелам семінарыстаў і навіцыяў, якія прыбылі ў Рым практычна з усяго свету з пілігрымкай у Год веры. У гаміліі Папа казаў пра радасць суцяшэння, крыж і малітву ў святарскім служэнні.
Папа Францішак пракаментаваў выданне сваёй першай энцыклікі. 7 ліпеня пасля малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец нагадаў, што працу над дакументам з нагоды Года веры пачаў Бэнэдыкт XVI у якасці далейшых разважанняў пра любоў і надзею (сённяшні Пантыфік на пенсіі выдаў тры энцыклікі: «Deus Caritas Est» («Бог ёсць любоў»), «Spe Salvi» («Збаўленыя надзеяй») і «Caritas in Veritate» («Любоў у ісціне»). «Я прыняў гэтую цудоўную працу і прывёў да завяршэння», — сказаў папа Францішак.
Папа Францішак зацвердзіў цуд праз заступніцтва благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ і абвясціў аб скліканні кансісторыя па кананізацыі двух Пантыфікаў – Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ.
5 ліпеня ў Апостальскай Сталіцы ўбачыла свет першая энцыкліка Святога Айца Францішка пад назвай «Lumen Fidei» «Святло веры»). Мэтай энцыклікі з’яўляецца аднаўленне веры як святла, здольнага асвятляць усё чалавечае існаванне.
Як кожны месяц, на ліпень падаюцца дзве інтэнцыі малітваў Святога Айца: агульная і місійная. Першая з іх гучыць так: «Каб Сусветны дзень моладзі, які адбудзецца ў Бразіліі, заахвоціў усіх маладых хрысціян станавіцца вучнямі і місіянерамі Евангелля».
8 ліпеня папа Францішак наведае італьянскі востраў Лампедузу. На востраве прабывае шмат імігрантаў, якія шукаюць прытулку ў Італіі і Еўропе. Святы Айцец узначаліць Імшу на мясцовым стадыёне і сустрэнецца з імігрантамі і жыхарамі вострава.
5 ліпеня будзе абнародавана першая энцыкліка папы Францішка — «Lumen fidei». Святы Айцец стварыў яе ў супрацоўніцтве з Пантыфікам на пенсіі Бэнэдыктам XVI, які раней напрацаваў матэрыял на тэму веры.
1 ліпеня Прэфектура папскага дому паведаміла, што агульных аўдыенцый Папы па серадах у ліпені і жніўні не будзе. На рэгулярнай аснове яны адновяцца 4 верасня.
«Не бойцеся жыць верай», «адчувайце сябе жывой часткай Касцёла», — заклікаў папа Францішак удзельнікаў «VI Дня літоўскай моладзі», які з 28 па 30 чэрвеня праходзіць у Каўнасе. У спецыяльным пасланні Пантыфік заахвоціў літоўскую моладзь быць сведкамі Хрыста разам са сваімі равеснікамі.
Умацаванне ў веры, любові і адзінстве — фундаментальныя рысы, якія характарызуюць служэнне Наступніка апостала Пятра, — адзначыў папа Францішак падчас Імшы, якую 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, узначаліў у ватыканскай базыліцы. Перад пачаткам літургіі Пантыфік уручыў паліі 34 арцыбіскупам Мітрапалітам, прызначаным на працягу апошняга года.
28 чэрвеня Святы Айцец Францішак сустрэўся з дэлегацыяй Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Апостальскую Сталіцу на ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Звяртаючыся да членаў дэлегацыі, Папа назваў прысутнасць Патрыярха Барталамея на яго інаўгурацыі «жэстам вытанчанай увагі».
Святы Айцец Францішак пацвердзіў мандат кардынала Веласіо Дэ Паоліса як папскага дэлегата для Легіянераў Хрыста. Іерарх быў прызначаны на гэтую пасаду ў 2010 г. Бэнэдыктам XVI на тэрмін да надзвычайнай генеральнай капітулы манаскай кангрэгацыі, запланаванай на пачатак 2014 г.
Дзяліцца дарамі сваёй душы заахвоціў вернікаў Святы Айцец Францішак 26 чэрвеня ў «Твітэры». «Міласэрнасць, цярплівасць і пяшчота — вельмі прыгожыя дары. Калі яны ў вас ёсць, дзяліцеся імі з іншымі», — так гучаць словы Пантыфіка.