2 чэрвеня ўпершыню ў гісторыі Касцёла адбудзецца эўхарыстычная адарацыя, якая злучыць базыліку св. Пятра і ўсе катэдры свету. Святы Айцец прапанаваў правесці набажэнства ў дзвюх інтэнцыях, першая з якіх — за Касцёл ва ўсім свеце, у гэты дзень аб’яднаны на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Папа Францішак моліцца за поспех Эўхарыстычнага кангрэсу, які пройдзе 5–9 чэрвеня ў Кёльне (Германія). Пантыфік паведаміў аб гэтым арганізатарам форума пасля агульнай аўдыенцыі ў мінулую сераду, 22 мая.
28 мая Святы Айцец Францішак звярнуўся ў «Твітэры» да моладзі. «Дарагія маладыя людзі, Касцёл чакае вялікіх рэчаў ад вас і вашай высакароднасці. Не бойцеся ставіць высокія мэты», — так гучаць словы Папы.
Пра план Божай любові да кожнага чалавека напісаў Святы Айцец 26 мая ў «Твітэры». «Кожны раз, калі мы паддаемся эгаізму і кажам „не“ Богу, мы псуем Яго план любові ў адносінах да нас», — так гучаць словы Папы.
26 мая Святы Айцец наведаў парафію Святых Альжбеты і Захарыі, здзейсніўшы такім чынам свой першы пастырскі візіт у рымскую парафію. У гаміліі Папа звярнуў увагу вернікаў на імкненне Панны Марыі заўсёды дапамагаць ім.
26 мая пасля малітвы «Анёл Панскі» папа Францішак нагадаў аб постаці кс. Джузэпэ Пулізі, забітага ў 1993 г. мафіяй, які ўчора ў Палерма быў беатыфікаваны. Пантыфік нагадаў, што новы благаслаўлёны прысвяціў сябе асаблівым чынам душпастырству моладзі, і менавіта навучанне дзяцей паводле Евангелля і імкненне выцягнуць іх з апраметнай стала матывам забіцця святара мафіяй.
26 мая перад малітвай «Анёл Панскі» папа Францішак разважаў аб таямніцы Найсвяцейшай Тройцы. Пантыфік падкрэсліў вызначальны характар веры ў Трыадзінага Бога ў жыцці кожнага католіка і важнасць Яго пастаяннага пазнання і спасцігання.
25 мая папа Францішак сустрэўся з членамі фонду «Centesimus Annus Pro Pontifice» з нагоды міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Рыме. Святы Айцец звярнуўся да тэмы сёлетняй сустрэчы фонду, якая запрашае «пераасэнсаваць салідарнасць».
Святы Айцец абмеркаваў падрабязнасці свайго прабывання ў Рыа-дэ-Жанейра на Сусветным дні моладзі. 24 мая, прымаючы мясцовага арцыбіскупа Арані Тэмпесту, які адначасова з’яўляецца старшынёй аргкамітэта гэтага сусветнага форума, папа Францішак размаўляў з ім пра праграму свайго знаходжання ў Бразіліі.
Новы запіс папы Францішка ў «Твітэры» 25 мая прысвечаны веры і нявер’ю. «Усе мы маем у сваіх сэрцах некаторую прастору нявер’я. Давайце скажам Пану: веру! Дапамажы майму нявер’ю», — так гучаць словы Святога Айца.
Гандаль людзьмі — сорам для нашых грамадстваў, якія называюць сябе цывілізаванымі, — адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з членамі ХХ Пленарнай асамблеі Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі 24 мая.
Пра важнасць малітвы напісаў папа Францішак у «Твітэры» 24 мая. «Цуды здараюцца. Аднак малітва неабходная! Малітва адважная, моцная і настойлівая, а не фармальная», — так гучаць словы Святога Айца.
«У свята Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў я далучаюся да католікаў у Кітаі, якіх давяраю апецы Маці Божай з Шэшан, і малюся за іх», — так гучыць новы запіс Святога Айца Францішка ў «Твітэры».
Быць сапраўднымі пастырамі, якія ідуць побач са сваім статкам, заклікаў папа Францішак італьянскіх біскупаў. 23 мая епіскапат краіны прыняў удзел у малітоўнай сустрэчы са Святым Айцом у базыліцы св. Пятра.
4 кастрычніка папа Францішак наведае Асізі. Аб гэтым паведаміла мясцовая дыяцэзія на сваёй інтэрнэт-старонцы. Інфармацыю пацвердзіў кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.