5 ліпеня будзе абнародавана першая энцыкліка папы Францішка — «Lumen fidei». Святы Айцец стварыў яе ў супрацоўніцтве з Пантыфікам на пенсіі Бэнэдыктам XVI, які раней напрацаваў матэрыял на тэму веры.
1 ліпеня Прэфектура папскага дому паведаміла, што агульных аўдыенцый Папы па серадах у ліпені і жніўні не будзе. На рэгулярнай аснове яны адновяцца 4 верасня.
«Не бойцеся жыць верай», «адчувайце сябе жывой часткай Касцёла», — заклікаў папа Францішак удзельнікаў «VI Дня літоўскай моладзі», які з 28 па 30 чэрвеня праходзіць у Каўнасе. У спецыяльным пасланні Пантыфік заахвоціў літоўскую моладзь быць сведкамі Хрыста разам са сваімі равеснікамі.
Умацаванне ў веры, любові і адзінстве — фундаментальныя рысы, якія характарызуюць служэнне Наступніка апостала Пятра, — адзначыў папа Францішак падчас Імшы, якую 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, узначаліў у ватыканскай базыліцы. Перад пачаткам літургіі Пантыфік уручыў паліі 34 арцыбіскупам Мітрапалітам, прызначаным на працягу апошняга года.
28 чэрвеня Святы Айцец Францішак сустрэўся з дэлегацыяй Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Апостальскую Сталіцу на ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Звяртаючыся да членаў дэлегацыі, Папа назваў прысутнасць Патрыярха Барталамея на яго інаўгурацыі «жэстам вытанчанай увагі».
Святы Айцец Францішак пацвердзіў мандат кардынала Веласіо Дэ Паоліса як папскага дэлегата для Легіянераў Хрыста. Іерарх быў прызначаны на гэтую пасаду ў 2010 г. Бэнэдыктам XVI на тэрмін да надзвычайнай генеральнай капітулы манаскай кангрэгацыі, запланаванай на пачатак 2014 г.
Дзяліцца дарамі сваёй душы заахвоціў вернікаў Святы Айцец Францішак 26 чэрвеня ў «Твітэры». «Міласэрнасць, цярплівасць і пяшчота — вельмі прыгожыя дары. Калі яны ў вас ёсць, дзяліцеся імі з іншымі», — так гучаць словы Пантыфіка.
Агульная аўдыенцыя 26 чэрвеня была апошняй перад летнім перапынкам. Аб гэтым паведаміла Прэфектура папскага дому. У тры першыя нядзелі ліпеня Святы Айцец будзе сустракацца з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» (7 і 21 ліпеня на плошчы св. Пятра, 14 ліпеня ў Кастэль Гандольфа), а 22 ліпеня накіруецца ў Бразілію на Сусветны дзень моладзі.
24 чэрвеня Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі «Яўрэйскага камітэта па міжрэлігійных кансультацыях». У ходзе сустрэчы Папа назваў іх «старэйшымі братамі», «дарагімі хрысціянскай традыцыі», і адзначыў, што ў першыя дні Пантыфікату сустракаўся з «выбітнымі постацямі яўрэйскага свету», аднак сённяшняя сустрэча стала першай магчымасцю пабачыцца з афіцыйнай групай прадстаўнікоў супольнасці.
«Ці гатовы мы быць хрысціянамі пастаянна, сведчачы пра гэта словам і справай?» — з такім запісам звярнуўся Святы Айцец Францішак у «Твітэры» 24 чэрвеня.
23 чэрвеня папа Францішак прывітаў дзяцей, якія прыбылі да яго з Міланa, Балонні і Фларэнцыі. «Дзіцячы цягнік» выправіла ў падарожжа Папская рада па культуры, жадаючы такім чынам дапамагчы дзецям з псіха-сацыяльнымі праблемамі знайсці шлях да сябе, іншых і акружаючага свету праз дыялог з прыгажосцю. Каля 300 дзяцей і каля 160 іх апекуноў на працягу падарожжа ўдзельнічалі ў развіваючых майстар-класах, сустрэчах і забавах.
«Калі мы знайшлі ў Езусе сэнс нашага жыцця, мы не можам быць абыякавымі да тых, хто пакутуе і сумуе», — такія словы скіраваў папа Францішак 22 чэрвеня да сваіх чытачоў у «Твітэры».
Любоў да Хрыста, Касцёла і чалавека – тры фундаментальныя рысы, якія характарызуюць Паўла VI, — адзначыў Святы Айцец Францішак падчас сустрэчы з пілігрымамі з італьянскай дыяцэзіі Брэшыа. 22 чэрвеня каля 5 тысяч вернікаў прыбылі ў Рым з родных мясцін Паўла VI, каб адзначыць 50-ю гадавіну яго абрання на Пасад св. Пятра.
21 чэрвеня Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 150 папскіх дыпламатычных прадстаўнікоў, якія працуюць у розных краінах свету. У сустрэчы з Папам удзельнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
«Хрысціяне гатовы абвяшчаць Евангелле, бо яны не могуць схаваць радасць ад пазнання Хрыста», — з такімі словамі звярнуўся Святы Айцец Францішак 19 чэрвеня да сваіх чытачоў у «Твітэры».