Падчас візіту на Сусветны дзень моладзі ў Бразілію Святы Айцец Францішак наведае санктуарый Маці Божай у Апарэсідзе. Менавіта там у 2007 г. пасля візіту Бэнэдыкта XVI кардынал Берголіа, сённяшні Папа, узначаліў камітэт па распрацоўцы выніковага дакумента V Усеагульнай канферэнцыі лацінаамерыканскага епіскапату. У Апарэсідзе штогод збіраюцца каля 8 мільёнаў пілігрымаў, давяраючыся заступніцтву Маці Божай.
Папа Францішак заклікаў католікаў Ірландыі, Шатландыі, Англіі і Уэльса абараняць жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Святы Айцец накіраваў пасланне на «Дзень для жыцця», які штогод адзначаецца на Брытанскіх астравах.
16 ліпеня Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з новым запісам у «Твітэры». «Малітва, пакора і міласэрнасць да ўсіх маюць важнейшае значэнне ў хрысціянскім жыцці: гэта шлях да святасці», — так гучаць словы папы Францішка.
Прабыванне Святога Айца Францішка ў летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Гандольфа 14 ліпеня распачалося сустрэчай з мясцовымі супрацоўнікамі і прадстаўнікамі свецкай улады. На падворку Апостальскага палаца Папу прывіталі мясцовы біскуп Марчэла Сэмерара, дырэктар Папскіх віл Саверыл Петрыла і мэр Кастэль Гандольфа Мільвія Манакэзі.
Войска Бразіліі возьме на сябе абавязацельствы па ахове папы Францішка ў Кампус Фідэі ў Рыа-дэ-Жанэйра. Чакаецца, што ў святой Імшы, якая будзе цэлебравацца 28 ліпеня ў Гуараціба самім Пантыфікам, прымуць удзел каля двух мільёнаў чалавек. Гэта стане завяршальнай часткай Сусветнага дня моладзі і папскага візіту ў Бразілію.
Папа Францішак правядзе ў Бразіліі сем дзён. Днямі стала вядома праграма першага выезду Папы за межы Ватыкана. Перадусім Пантыфік прыме ўдзел у Сусветным дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра. Таксама ў праграме запланавана пілігрымка ў горад Апарэсіду, дзе знаходзіцца другі ў свеце касцёл па велічыні пасля касцёла у нямецкім Падэборне.
Італьянскі часопіс «Vanity Fair» назваў Папу Францішка «Чалавекам года». Пра гэта паведамляе ліпеньская вокладка часопіса. Зазвычай на першай вокладчы часопіс змяшчае фотаздымкі мадэляў у моднай вопрадцы.
Падчас візіту ў Бразілію на Сусветны дзень моладзі папа Францішак 24 ліпеня адкрые ў бальніцы імя св. Францішка Асізскага ў Рыа-дэ-Жанэйра новы аддзел для лячэння наркаманіі. Як паведамляе «KNA», кіраўніцтва шпіталя спадзяецца, што адкрыццё цэнтра дасць наркаманам, асабліва нарказалежным дзецям і падлеткам, надзею і другі шанс.
8 ліпеня папа Францішак падчас свайго першага афіцыйнага апостальскага візіту на востраў Лампедуза ўзначаліў на стадыёне вострава святую Імшу з удзелам тысяч мясцовых жыхароў і імігрантаў, якія прыбылі галоўным чынам з Афрыкі. Менавіта пра іх трагедыю казаў падчас гаміліі Пантыфік.
7 ліпеня Святы Айцец Францішак узначаліў у ватыканскай базыліцы Імшу з удзелам семінарыстаў і навіцыяў, якія прыбылі ў Рым практычна з усяго свету з пілігрымкай у Год веры. У гаміліі Папа казаў пра радасць суцяшэння, крыж і малітву ў святарскім служэнні.
Папа Францішак пракаментаваў выданне сваёй першай энцыклікі. 7 ліпеня пасля малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец нагадаў, што працу над дакументам з нагоды Года веры пачаў Бэнэдыкт XVI у якасці далейшых разважанняў пра любоў і надзею (сённяшні Пантыфік на пенсіі выдаў тры энцыклікі: «Deus Caritas Est» («Бог ёсць любоў»), «Spe Salvi» («Збаўленыя надзеяй») і «Caritas in Veritate» («Любоў у ісціне»). «Я прыняў гэтую цудоўную працу і прывёў да завяршэння», — сказаў папа Францішак.
Папа Францішак зацвердзіў цуд праз заступніцтва благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ і абвясціў аб скліканні кансісторыя па кананізацыі двух Пантыфікаў – Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ.
5 ліпеня ў Апостальскай Сталіцы ўбачыла свет першая энцыкліка Святога Айца Францішка пад назвай «Lumen Fidei» «Святло веры»). Мэтай энцыклікі з’яўляецца аднаўленне веры як святла, здольнага асвятляць усё чалавечае існаванне.
Як кожны месяц, на ліпень падаюцца дзве інтэнцыі малітваў Святога Айца: агульная і місійная. Першая з іх гучыць так: «Каб Сусветны дзень моладзі, які адбудзецца ў Бразіліі, заахвоціў усіх маладых хрысціян станавіцца вучнямі і місіянерамі Евангелля».
8 ліпеня папа Францішак наведае італьянскі востраў Лампедузу. На востраве прабывае шмат імігрантаў, якія шукаюць прытулку ў Італіі і Еўропе. Святы Айцец узначаліць Імшу на мясцовым стадыёне і сустрэнецца з імігрантамі і жыхарамі вострава.