Кардынал Бэртонэ: напружанне на Блізкім Усходзе ўзмацніла рашучасць Папы наведаць Ліван |
Святы Айцец |
13.09.2012 14:20 |
«Ніколі не бралася пад увагу магчымасць адмяніць папскі візіт у Ліван, а нарастаючае напружанне на Блізкім Усходзе тым больш узмацніла жаданне Бэнэдыкта XVI наведаць гэтую краіну, каб абвяшчаць мір і выказаць усім сваю глыбокую салідарнасць», — адзначыў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ. У інтэрв’ю французскай газеце «Le Figaro» найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца падкрэсліў, што Папа з вялікім непакоем сочыць за развіццём сітуацыі ў Сірыі. Пантыфік шматразова заклікаў да міру і еднасці сірыйскага народа і думаў аб знаходжанні дыпламатычнага вырашэння праблемы ў гэтай краіне. У той жа час калі гаворка ідзе пра візіт у Ліван, то, па словах кардынала Бэртонэ, Апостальская Сталіца атрымлівае шмат інфармацыі, што ўсе групы грамадства краіны з радасцю чакаюць прыезду Папы, і Ватыкан не клапаціўся аб нейкіх надзвычайных сродках бяспекі. Кардынал аспрэчыў тую думку, што Апостальская Сталіца нібыта была асцярожнай у выказваннях адносна Сірыі. У самым пачатку крызісу «Папа рашуча асудзіў насілле і забойства людзей», «шмат разоў заклікаў усіх лідараў да ўстрымання ад насілля, да шляху дыялога і паяднання». Па словах іерарха, «пазіцыя Касцёла не нейтральная, а вельмі ясная: насілле вядзе толькі да яшчэ большага насілля». (AG) |