Святы Айцец і старшыня ўрада Іспаніі абмеркавалі сітуацыю сусветнага крызісу |
Святы Айцец
|
15.04.2013 15:21 |
15 красавіка Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Марыяна Рахоя Брэя, старшыню іспанскага ўрада. З палітыкам сустрэўся таксама Дзяржаўны сакратар кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Падчас сустрэч абмяркоўвалася складаная сусветная фінансава-эканамічная сітуацыя, якая закранула як Іспанію, так і іншыя еўрапейскія краіны, і прывяла да крызісу занятасці, што ўдарыў перш за ўсё па сем’ях і моладзі.
Папа Францішак і кардынал Бэртонэ выказалі блізкасць Касцёла да тых, каго закрануў крызіс, і адзначылі вялікую працу, якую праводзіць дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» і іншыя касцёльныя дабрачынныя арганізацыі на карысць найбольш патрабуючых.
Па інфармацыі Ватыканскага радыё, была закранута таксама тэма палітычна-інстытуцыянальнага клімату ў Іспаніі. Была прызнана неабходнасць дыялога ў грамадстве на аснове ўзаемнай павагі і з улікам такіх каштоўнасцяў, як справядлівасць і салідарнасць, у імкненні да агульнага дабра.
Увага была звернута і на добрыя двухбаковыя адносіны паміж Святым Пасадам і Іспаніяй па пытаннях, якія ўяўляюць цікавасць і з’яўляюцца актуальнымі для Касцёла ў краіне. У прыватнасці, размова ішла пра інстытут сужэнства і сям’і, а таксама пра важнасць рэлігійнай адукацыі.
Абмяркоўвалася і тэма міжнароднай сітуацыі з асаблівай увагай да Лацінскай Амерыкі. (AG)
|