2 мая ў Турыне быў залічаны да ліку благаславёных брат Луіджы Бордзіно. Ён быў свецкай асобай з Кангрэгацыі братоў св. Юзафа Бэнэдыкта Коталенга, які прысвяціў сваё жыццё служэнню хворым і церпячым.
Дэкрэтам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў (прат. 130/14) у тэкст літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай) далучаны новы заклік. Пасля словаў «Маці ласкі Божай» трэба чытаць таксама заклік — «Маці Міласэрнасці». Гэтую змену неабходна ажыццявіць падчас традыцыйных маёвых набажэнстваў.
Егіпецкія мусульмане перадаюць ахвяраванні на будаўніцтва новай копцкай святыні ў правінцыі Аль-Мінуфія каля Каіра. Гэта адбылося на хвалі спагады і спачування пасля забойства копцкіх хрысціянаў у Лівіі.
27 красавіка ў памяць аб ахвярах авіякатастрофы А320 адбылася памінальная Імша ў святыні Святой Сям'і у Барселоне. На Імшу прыйшло каля 1500 чалавек, у тым ліку 600 родзічаў 52 ахвяраў трагедыі.
Армянская Апостальская Царква кананізавала ахвяр генацыду армян у Асманскай імперыі, які быў распачаты роўна сто гадоў таму. Да мучанікаў было залічана 1,5 млн чалавек. Цырымоніі ў Эчміядзіне, духоўнай сталіцы Арменіі, узначаліў Каталікос Апостальскай Царквы Карэкін II.
22 красавіка ў Кіеве адбудзецца ўзнагароджванне лаўрэата прэміі «Святло справядлівасці». Узнагароду за маральнае, духоўнае і этычнае лідарства атрымае палітычны зняволены, Герой Украіны, старэйшы лейтэнант Узброеных Сіл Украіны Надзея Саўчанка.
Папа Францішак кананізуе благаслаўлёнага Хуніпера Серу 24 верасня 2015 г. у Вашынгтоне, абвясціў 20 красавіка прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў кардынал Марк Уэле. «Апостал Каліфорніі», як называлі яго, будзе першым іспанамоўным святым Злучаных Штатаў.
Міжнародная канферэнцыя «Усе мы назаране» (Todos somos Nazarenos) адкрылася ў Мадрыдзе 17 красавіка.
16 красавіка адзначае сваё 88-годдзе Папа на пенсіі Бэнэдыкт ХVI. Бэнэдыкт XVI праводзіць дзень свайго нараджэння ў кляштары “Mater Ecclesiae” на тэрыторыі Ватыкана, у якім пасяліўся пасля таго, як адмовіўся ад служэння на Пасадзе св. Пятра ў 2013 г., і з якога працягвае падтрымліваць Касцёл сваёй малітвай.
Ужо ў бліжэйшы час павінна пачацца гістарычнае аб’яднанне праваслаўя ва Украіне, якое закладзе фундамент для стварэння мясцовай Царквы. Размова ідзе пра Украінскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву і Украінскую Праваслаўную Царкву Кіеўскага Патрыярхата. Згода існуе з абодвух бакоў, таму працэс аб’яднання можа пачацца ў хуткасці пасля Вялікодных святаў.
14 красавіка памёр італьянскі кардынал Рабэрта Тучы. Іерарх адышоў у вечнасць за тыдзень да свайго 94-годдзя ў Рыме. Кардынал Тучы паходзіў з Неапаля. У 15 гадоў уступіў у навіцыят Таварыства Езуса. Вывучаў філасофію і тэалогію. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 24 жніўня 1950 г. Праз некалькі гадоў пачаў супрацоўнічаць з езуіцкім італьянскім часопісам «La Civiltà Cattolica». У перыяд паміж 1959-1973 гг. займаў пасаду яго галоўнага рэдактара.
Кардынал Джасцін Фрэнсіс Рыгалі, былы ватыканскі дыпламат, а ў 2003-2011 гадах арцыбіскуп Філадэльфіі, у нядзелю 19 красавіка 2015 г. адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Па дасягненні гэтага ўзросту ён згубіць права на галасаванне падчас канклаву. Калегія кардыналаў налічвае зараз 225 членаў, з якіх 121 могуць удзельнічаць у магчымым выбары Пантыфіка.
595 мужчын, як чакаецца, стануць святарамі Каталіцкага Касцёла ў ЗША у 2015 годзе. Гэта на 24,7 % больш, чым мінулагодні паказчык — 477 чалавек.