Інданезія: заклік прапаведаваць іслам у каталіцкіх школах адменены |
30.01.2013 15:25 |
Шэсць каталіцкіх школ інданезійскага горада Блітар у правінцыі Паўночная Ява, якія трапілі пад прыцэл мясцовых уладаў з-за адсутнасці ў адукацыйнай праграме ўрокаў ісламу і Карана для студэнтаў-мусульман, закрыты не будуць, а таксама не будуць вымушаны арганізоўваць спецыяльныя курсы. Як сцвярджаецца ў паведамленні, пасля «трох дзён напружаных дыскусій» паміж адміністрацыяй і членамі «Фонда Джона Габрыэля», які прадстаўляе дыяцэзію Сурабая, напружанасць была «суцішана» і сітуацыя прыйшла да паспяховага завяршэння. У апошнія гады шэсць каталіцкіх школ Блітара атрымалі загад ад гарадской адміністрацыі, згодна з якім «да 19 студзеня» яны павінны былі змяніць адукацыйную праграму, каб адпавядаць рэгіянальным нормам. Патрабаванні нацыянальнага Закона аб адукацыі прадугледжваюць, што ўсе вучні-мусульмане павінны мець магчымасць вывучаць іслам. Пагроза закрыцця з боку ўладаў Блітара сустрэла бескампрамісную пазіцыю школьнага кіраўніцтва, якое нагадала, што ў момант залічэння і бацькі, і вучні ўсведамлялі, што «ў школах ажыццяўляецца выкладанне толькі хрысціянскай рэлігіі». Мусульманскія сем’і ахвотна прымаюць унутраны распарадак, таму што каталіцкія навучальныя ўстановы з’яўляюцца ўзорнымі паводле выхавання і адукацыі вучняў. Дзякуючы пасрэдніцтву каталіцкіх уладаў, у тым ліку біскупа Сурабая манс. Вінсентыуса Суцікна Вісаксана, гісторыя атрымала станоўчае развіццё. Адказны сакратар Камісіі па адукацыі пры Інданезійскай біскупскай канферэнцыі Б. Джакадзвіхатмана заявіў аб цвёрдай упэўненасці ў тым, што глава адміністрацыі горада Блітара адазваў афіцыйна судовую забарону ў адносінах каталіцкіх школ. (JLS) |