20 жніўня 2014 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI Папа Францішак расказаў пра сваё апостальскае падарожжа ў Паўднёвую Карэю, якое здзейсніў 13-18 жніўня 2014 г. “Я меў магчымасць наведаць малады і дынамічны Касцёл, заснаваны на сведчанні мучанікаў і натхнёны місійным духам, у краіне, дзе сустракаюцца старажытныя азіяцкія культуры і вечная навізна Евангелля”, - сказаў Папа.
Папа Францішак глыбока засмучаны смерцю жонкі і двух дзяцей свайго пляменніка Эмануэля Гарасія Берголіо – 37-гадовай Валерыі Кармоны, 2-гадовага Хасэ і 8-месячнага Антоніо, якія загінулі ў выніку дарожнага здарэння ноччу 19 жніўня 2014 г. Пляменнік Папы, які з’яўляецца сынам яго брата, знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане.
Больш за 350 чалавек з усёй Польшчы, у тым ліку дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрык Цярэшка, 18 жніўня 2014 г. дасягнулі Гродна ў пешай пілігрымцы ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай. Пілігрымы вырушылі з Беластока 16 жніўня, у санктуарый Маці Міласэрнасці ў Вільні прыбудуць 24 жніўня.
На борце самалёта падчас вяртання з Сеула ў Рым адбылася прэс-канферэнцыя са Святым Айцом. Візіт Папы Францішка ў Паўднёвую Карэю праходзіў з 13 па 18 жніўня 2014 г.
16 жніўня 2014 г. у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне пасля неабходнай законнай фармацыі склала вечныя шлюбы падчас святой Імшы сястра Віргінія Хацян з Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі). Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў Імшу, святары, сёстры назарэтанкі з усіх законных дамоў у Беларусі, найбліжэйшыя родныя с. Віргініі.
18 жніўня 2014 г. у Міністэрстве замежных спраў Беларусі адбылася сустрэча намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алены Купчыной з Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці.