Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Святы Айцец заклікаў да спынення вайны ў Сірыі
25.08.2013 16:48

Пасля нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 25 жніўня Святы Айцец Францішак у чарговы раз звярнуўся з заклікам да міру ў Сірыі. Папа адзначыў, што «з вялікім болем і нарастаючай заклапочанасцю працягвае назіраць за сітуацыяй» у гэтай краіне.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на прыбыццё ў Мінск рэліквій св. Яна Боска
25.08.2013 14:49

25 жніўня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

 
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XXІ Звычайную нядзелю, Год С (25 жніўня)
24.08.2013 11:47

Шляхі Пана ніколі не стануць старымі, але заўсёды застаюцца актуальнымі для сучаснага свету і яго жыхароў. Дабрыня і міласэрнасць, любоў і цярплівасць праз тысячагоддзі з’яўляюцца выбітнымі якасцямі чалавецтва.

 
Быць першымі ці апошнімі? Гамілія на 25 жніўня
23.08.2013 21:39

Дарагія браты і сёстры! Хачу сканцэнтраваць нашу ўвагу на апошніх радках сённяшняга Евангелля: «апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі».

 
«Я бачыў даўжэзныя чэргі да канфесіяналаў. Гэта карціна, якую ў Германіі, на жаль, мы ўжо даўно не назіраем»
23.08.2013 20:33
Намецкі кардынал Райнер Марыя Вёлькі, які ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях Маці Божай Валадаркі Азёраў, у гутарцы з Catholic.by падзяліўся сваімі ўражаннямі, расказаў пра апошні канклаў і пракаментаваў выказванні Пантыфіка адносна людзей з нетрадыцыйнымі сексуальнымі схільнасцямі.
 
Слова біскупа Антонія Дзям'янкі на закладку вуглавога каменя пад пабудову святыні і асвячэнне сцен касцёла ў Драгічыне
23.08.2013 13:21
Слова біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі пры закладцы вуглавога каменя пад пабудову святыні і асвячэнне сцен на Урачыстасць МБ Каралевы ў Драгічыне Палескім
 
22 жніўня 2013
 
Дзве акалічнасці сабралі нас тут у гэтым горадзе: адпустовае свята парафіі Маці Божай Каралевы і закладка вуглавога каменя з асвячэннем сцен касцёла, які будуецца.
 
Дарагія парафіяне, супольнасць вашай парафіі на працягу не цэлага стагоддзя прымала на сябе высілак пабудовы ўжо другой парафіяльнай святыні. Як вядома з гістарычных крыніц і сведчання старэйшых парафіянаў, касцёл у вашым горадзе быў збудаваны ў 1928 годзе за кошт парафіянаў і стараннасцю кс. Томаша Ліпэцкага.
 
Тады ваша парафія налічвала 1290 вернікаў. На жаль, ваенныя гады і часы пасляваеннай атэізацыі спрычыніліся да таго, што касцёл быў забраны для свецкіх спраў і дагэтуль выкарыстоўваецца як крама і дом культуры.
 
Пасля беспаспяховых спробаў вярнуць святыню для Божага культу, сцены якой былі намолены вашымі продкамі, вы зарганізаваліся, каб вымураваць новую святыню. Са святой памяці ксяндзом Тадэвушам Стэчкоўскім вы знайшлі пляцоўку і будынак, які намаганнямі супольнасці быў прыстасаваны пад месца культу і вясной гэтага года вы распачалі будову святыні, сцены якой будуць асвечаныя сёння.
 
Для парафіі святыня, якая будуецца, будзе бачным знакам прысутнасці Бога ў вашым горадзе для супольнасці католікаў і людзей добрай волі. Няхай яна стане таксама бачным знакам Бога для тых, хто згубіў дарогу да Яго альбо толькі ў пошуках гэтай дарогі да Бога.
 
Святыня нагадвае аб існаванні тут парафіяльнай супольнасці.
 
Чым з’яўляецца парафія для вернікаў? Кожная парафія з’яўляецца нашай духоўнай маці, таму што родзіць у нас новае жыццё, жыццё ў асвячаючай ласцы. Парафія — гэта як біялагічная клетка арганізма — Паўсюднага Касцёла; у ёй тое самае Божае жыццё, што і ў Паўсюдным Касцёле. У ёй адбываецца тое самае, што і ва ўсім Касцёле. Парафія святая, таму што вырастае з улоння святога Касцёла. У яе членах жыве жывы Хрыстус. Гэта Ён праз біскупа і прэсбітэра хрысціць нас, навучае, корміць, абмывае з грахоў, лучыць з Айцом і з братамі, нястомна вучыць Божым праўдам, корміць Эўхарыстыяй.
 
Благаслаўлёны Папа Ян ХХІІІ навучаў: ёсць такая ўстанова, якая заслугоўвае вялікай пашаны — гэта парафія. Калі парафія добра арганізавана і пранікнута звышпрыродным духам, то яе прыгажосць нястомна трывае ў паасобных верніках і сем’ях.
 
Парафія не з’яўляецца арганізацыяй паслугаў, у якой можна ўсё атрымаць, купіць альбо дастаць, але супольнасцю людзей веруючых і практыкуючых, якія — злучаныя ў той самай веры і любові Хрыста — утвараюць адзіны Хрыстовы Касцёл.  Катэхізіс Каталіцкага Касцёла аб парафіі гаворыць так: парафія — гэта эўхарыстычная супольнасць і цэнтр літургічнага жыцця хрысціянскіх сем’яў, яна з’яўляецца асноўным месцам катэхезы дзяцей і бацькоў (ККК 2226). Св. Ян Хрызастом у V ст. навучаў: не можаш маліцца ў доме, так як у касцёле. У касцёле вялікі натоўп і прызыў да Бога ўзносіцца адным сэрцам — у гэтым ёсць штосьці большае; лучнасць думак, згоднасць душаў, повязь любові, малітва святара.
 
Ніхто не здзіўляецца, што веруючыя людзі рашаюцца на пабудову святыні, што засноўваюць парафіі. Гэтага патрабуе сэрца. Гэта вынікае з глыбокага даверу да Езуса, які завалодаў чалавечымі сэрцамі яшчэ у часы іх маладасці, яшчэ ў бацькоўскім доме. А імкненне сэрца ніхто не можа адмяніць. Бо з розных акалічнасцяў прыгашаныя імкненні сэрца ажываюць тады, калі надыдуць спрыяльныя ўмовы. Так было заўсёды. Калі язычнікі сустракаліся ў прыгожых святынях у першыя вякі хрысціянства, то хрысціяне сустракаліся на Эўхарыстыі ў катакомбах. Так было ў іншыя часы гісторыі хрысціянства, калі нельга было афіцыйна ўдзельнічаць у набажэнствах. Тады збіраліся на малітвы патаемна. Бо сэрцу нельга забараніць, ані застрашыць кантакт з Богам  праз эканамічныя цяжкасці, адміністрацыйную забарону і іншыя неспрыяльныя акалічнасці.
 
Сёння ўдзельнічаем ў асвячэнні  фундаментаў і муроў новай святыні — вашай святыні. Так рэалізуеце памкненні сэрцаў, якія звернуты да Бога і Богу гэту святыню будуеце. Будуеце для сябе, вашых дзяцей і ўнукаў. Будуеце сапраўдны Божы Дом — адзіны каталіцкі касцёл для жыхароў горада і раёна. У гэтай святыні будзе месца для кожнага: для тых, хто заблукаў; для грэшніка, для таго хто яшчэ ў няўпэўненасці; і для святых, бо гэта будзе дом Айца. А ў доме Айца ёсць месца для кожнага, нават для падарожных. Да выключнасці дому належыць тое, што ён адчынены для кожнага. Гэта толькі салоны для выбраных. Дом — для ўсіх. Парафіяльная супольнасць заахвочвае нас да жыцця ў святасці і да сведчання аб Хрысце іншым. Папа Францішак так навучае : жыць Евангеллем — значыць весці барацьбу з эгаізмам.
 
Евангелле — гэта прабачэнне і спакой. Гэта любоў, якая паходзіць ад Бога. Уваход да Божай хвалы патрабуе штодзённай вернасці Яго волі, таксама тады, калі гэта звязана з вялікімі высілкамі і ахвярнасцю з нашага боку. Усе мы гліняныя начынні, вельмі крохкія і бедныя, але носім у сабе непамерны скарб. Мы не можам быць замкнутыя ў нашых парафіях, супольнасцях, калі столькі асоб чакае на Евангелле. Мы ўсе грэшнікі, але просім Пана, каб не быць гіпакрытамі. Тыя не ведаюць, што такое прабачэнне, радасць, любоў Бога.
 
Гэта будзе сапраўдны дом, бо ў ім паселіцца Хрыстус, наш брат у чалавечнасці. А ў доме брата заўжды ёсць месца для братоў і сясцёр. Гэта будзе сапраўдны дом для Марыі, Маці Езуса і нашай маці. У доме маці знойдзе мейсца нават «бомж». Маці здолее распазнаць у ім рысы свайго сына. Кожны на свой спосаб павінен клапаціцца аб парафіяльнай супольнасці і аб пабудове Божага дому, аб апостальскай дзейнасці ў парафіі. Св. Тэрэса, рэліквіі якой у Год Веры прабываюць у Беларусі, малілася: Езу, учыні, каб я ніколі не была цяжарам для супольнасці.
 
Няхай у хуткім часе гэты дом, прызначаны вамі для выключна Божых спраў, будзе збудаваны. Няхай будзе месцам спаткання з Богам кожнага чалавека, які верыць, тых, хто шчыра шукае Бога і тых, якія навярнуліся і зноў знаходзяць дарогу да любячага Міласэрнага.

 
Сведкi адзiнства. Св. Тэадор Студыт
22.08.2013 13:09
У другой палове Першага тысячагоддзя памiж рыма-лацiнскiм i вiзантыйска-грэчаскiм хрысцiянскiмi асяроддзямi ўжо акрэслiлася яснае адрозненне ў тэалогii, касцëльным жыццi i звычаях. Хто ж яшчэ, як не святыя тых часоў, могуць навучыць нас жыць у эўхарыстычным адзiнстве з шанаваннем iснуючых адрозненняў?
 
Гамілія біскупа Антонія Дзям'янкі на ўрачыстасць Маці Божай Каралевы Палесся ў санктуарыі ў Лагішыне
22.08.2013 10:08
Лагішын, 22 жніўня 2013 г.

Пасля пяці дзён дарогі пешшу ў пілігрымцы адна з Бярозы праз Белаазёрск, Хоцімск, Бездзеж і другая з Баранавіч праз Ляхавічы, Ганцавічы — пасля ночы чування вы стаіце тут у санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся. Стаіце тут больш моцныя ў веры, больш дасканалыя, лепшыя, духоўна багацейшыя і перамененыя Божым Словам, Яго Моцай і Ласкай. Як Апосталы, якія атрымалі моц Духа, вы стаіце як сведкі Яго моцы і сілы, якая перавышае людскую меру, што напаўняе вас удзячнасцю.
 
Вы стаіце тут як сведкі веры і ўдзельнікі Еўхарыстыі, якую вам цэлебравалі падчас пілігрымкі святары — праваднікі ў пілігрымкавым шляху. 
Вы стаіце як сведкі трывання ў ламанні Эўхарыстычным хлебам у часы, калі ва ўсім свеце так голасна нам гавораць, што дастаткова зямнога хлеба, спакою і зямнога дабрабыту, які ён сімвалізуе.
 
Вы тут стаіце як сведкі малітвы, трывання ў супольнасці з Хрыстом, Яго Маці і нашай Маці – Каралевай Палесся, у часы, калі столькі вызнаўцаў і вучняў забываюцца пра гэты подых душы, а потым здзіўляюцца, што недастаткова ім паветра, недастаткова духоўных сіл, што падаюць падчас кожнага подыху супраціву. Св. Тэрэса, рэліквіі якой у Год Веры прабываюць у Беларусі, казала – Езу, люблю Цябе і праслаўляю ў цені веры; на сузіранне Цябе чакаю у спакою раніцы.
 
Вы стаіце як сведкі веры Хрыстовага Евангелля і навукі Апосталаў, у якую ўслухоўваліся праз гэтыя пяць дзён, каб сёння і на будучыню абвяшчаць свету і нашым блізкім Евангелле і навуку Касцёла не словам, але жыццём, абвяшчаць радасна і з моцай так, як гэта чынілі апосталы і вучні. Вы прыпомнілі ўсім, што значыць быць вучнем Пана, наследаваць яго і ісці яго слядамі. Святы Айцец Францішак на навучае: вера — гэта не элемент упрыгожвання нашага жыцця, але яго фундамент, які патрабуе канкрэтнага ўдзелу. Таму Касцёл прапануе Год Веры, калі мы паводле аўтара ліста да габрэяў — павінны ўглядацца ў Хрыста, які вядзе нас у веры і яе ўдасканальвае. У аднясенні да Евангелля з апошняй нядзелі Папа тлумачыў, што Вера засноўваецца на выбары Бога як асноўнага крытэрыя жыцця.
 
На працягу пяці дзён вы былі асаблівай супольнасцю вучняў Хрыста, былі злучаныя братняй супольнасцю любові і жыцця, у супольнасці Касцёла, які з’яўляецца сям’ёй Божых Дзяцей, ажыўленых Божым Духам і любоў’ю, якія служаць сабе ўзаемна і маюць адвагу браць цяжкасці другога на свае плечы. Вы прынялі гэта заданне у Год Веры свядома і адважна.
 
Вы выканалі свае пастановы з дапамогай Божай Ласкі і Хрыстовых сакрамэнтаў, асабліва сакрамэнту споведзі і Эўхарыстыі. Вас вяла жывая вера і яснапастаўленая мэта. Чалавек Божай моцай можа вельмі многае асягнуць, калі жыве паўнатой і глыбінёй веры, калі свядома перажывае сваё жыццё як дар Бога, і ясна ўсвядамляе сабе, дзеля чаго ён тут жыве і куды крочыць. Толькі падчас пілігрымкі мы можам усвядоміць, як многа нясём па жыцці непатрэбнага баласту, які чыніць яго нязносным, як няшмат патрэбна, каб быць шчаслівым, і што ёсць для нас сапраўды найважнейшым, што святое, адзінае, за што варта аддаць жыццё.
 
Сёння на заканчэнне вашай пілігрымкі дзякую вам за вашу вытрымку, за тое, што кожны дзень вы ўмелі пераадольваць цяжкасці, за тое, што ані спёка, ані нязручнасці не здолелі вас напужаць і знеахвоціць. Такі прыклад свету сёння вельмі патрэбны, таму што для многіх людзей выгада, камфортнае жыццё, жаданне уладкавацца (і то найчасцей коштам Хрыста і Яго запаведзяў) здаецца адзіным сэнсам жыцця.
 
Дзякую вам за прыклад братэрства Божых дзяцей, якія здольныя пазбыцца граху — кораня ўсякіх залежнасцяў (алкагалізму, наркаманіі, распушчанасці, абыякавасці да жыцця, уседазволенасці, стылю жыцця, заснаванаму толькі на спажывальніцтве без аніякіх абавязкаў перад грамадскай супольнасцю, Касцёлам, сям’ёй і блізкімі асобамі). Дзякую за высілак паглыблення каталіцкай веры, якая выстаўлена ў сучасным свеце на выпрабаванні, дзякую за сведчанне Касцёла – Касцёла не па мадэлі і меры людзей, але праўдзівага Хрыстовага, а гэта значыць адзінага, праўдзівага, паўсюднага, каталіцкага і апостальскага Касцёла — як вызнаём у Сімвале Веры. Дзякую за сведчанне любові, братэрства і салідарнасці, якая губляецца ў штодзённым жыцці або абмяжоўваецца да слоўных дэкларацый.
 
Дзякую, што вы, прымаючы цяжар пілігрымавання дарогамі  Пінскай дыяцэзіі, учынілі хрысціянства больш верагодным, а любоў Бога больш бачнай і чутнай для кожнага, хто хоча бачыць і чуць. Людзі наогул умеюць даць ацэнку пілігрымкам. Пілігрымкі з’яўляюцца вялікім знакам у нашыя часы. Тыя, хто ўдзельнічае ў пілігрымцы, імкнуцца перажыць веру ў супольнасці, імкнуцца спазнаць хрысціянскае братэрства і ўзмоцніцца ў надзеі і любові. Пілігрымка — гэта таксама вызнанне веры, гэта форма вандроўных рэкалекцый, а таксама справа евангелізацыі. Езус сказаў: так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах (Мц 10, 32). Важным з’яўляецца сведчанне веры праз малітву. Св. Ян Віянэй гаварыў: малітва — гэта крыніца ўсялякага дабра і шчасця на зямлі. Калі ж мы бедныя, пазбаўленыя святла і Божых ласкаў, то віна знаходзіцца у тым, што не молімся, або кепска молімся.
 
Прашу аб дары мужнасці для вас, каб маглі жыццём, а не толькі словам умела ўказваць на Хрыста, каб не было непаразумення паміж словам і чынам, жыццём і верай, каб вы выканалі складзеныя абяцанні, каб супрацьпаставілі эгаізму дух служэння, нянавісці — дух любові, роспачы — надзею, знеахвочванню — гарачую веру, слабасці — моц духа, каб умелі быць удзячнымі Богу і людзям, каб умелі не толькі прасіць, але і праслаўляць Бога і дзякаваць Яму, каб радасць на вашых тварах была знакам моцы і мужнасці, якая мацнейшая за ўсе чалавечыя слабасці.
Сёння стаім на фінішы нашай пілігрымкі. Дзелім радасць спаткання з Езусам і Яго Маці Каралевай Палесся. Тут мы больш чым дзесьці яшчэ адчуваем сябе дзецьмі і падданымі нашай адзінай Маці і Каралевы.
 
Малады чалавек — гэта чалавек, які ва ўсіх акалічнасцях жыцця шукае Бога.
 
Памятайма, што хрысціянамі становяцца.
 
Мы жывём у часы, дзе ў розных частках свету ёсць больш моцны пераслед Касцёла, чым гэта было ў першыя стагоддзі хрысціянства. Людзі ў некаторых рэгіёнах і ў нашыя часы аддаюць за веру жыццё. За веру ў крыж Хрыста, за тое, што захоўваюць тэксты Святога Пісання, — людзі гінуць. Гінуць за тое, што захоўваюць хрысціянскую маральнасць і трымаюцца навукі касцёла, яны пазбаўляюцца працы і адпаведных умоў жыцця.
 
Мы цешымся свабодай і за свабоду веры павінны дзякаваць.
 
Згодна з энцыклікай — Святло Веры — дарога пабожнага чалавека вядзе яго праз вызнанне веры ў Бога, Які клапоціцца аб чалавек. Бога можна знайсці, але патрэбна добрая воля чалавека. Гэтаксама Бога можна цалкам свядома адкінуць...
 
Вельмі важна, каб на пачатку кожнай чыннасці ў нас была малітва. Айцец Святы Францішак навучае: Пан прамаўляе да нас праз словы Святога Пісання, падчас малітвы. Трэба вучыцца прабываць з Ім у цішыні, разважаць над Словамі Евангелля.
 
Трэба ў свеце быць сведкамі Хрыста, даваць сведчанне аб Ім. Моладзь можа не паслухаць святара, бацькоў, але сведчанне калегі, сяброўкі вельмі многа значыць. Св. Бернард разважаў: некаторыя праслаўляюць Бога, бо Ён — Усемагутны, іншыя — што Ён добры для іх, але ёсць і тыя, хто праслаўляе Яго толькі з-за таго, то Ён добры. Першыя — гэта слугі, бо баяцца за сябе. Другія — гэта людзі інтарэсу, бо шукаюць толькі карысці для сябе. А трэція – гэта сыны, якія аддаюць належную хвалу Айцу.
 
Падчас спаткання Папы Францішка з сімінарыстамі і кансэкраванымі асобамі Пантыфік зазначыў, што сёння існуе небяспека перасцярогі перад культурай тымчасовасцю, якая схіляе да ўшанавання Хрыста толькі на пэўны час. Каб быць свабодным ад яе, трэба знутры закрыць дзверы свайго сэрца і моцна тываць у еднасці з Панам Богам. Мы спрашчаем жыццёвыя сітуацыі, калі задумваемся, ці ісці за псеўдасвядомасцю (гэта значыць за бажком, які дае шанс учыніць жыццё больш лёгкім, што мы нібыта адпачнем ад Божых запаветаў і надзеяў). Бажком з’яўляюцца саматлумачэнне і неахвота працаваць над сабой, гэта значыць неахвота вяртаць сабе самому ўнутранае хараство, запланаванае Створцам.
 
Часамі мы ўнушаем сабе, што трэба схлусіць, што трэба заходзіць з пазіцыі адназначнасці, што павіннасць у адносінах да Бога не з’яўляецца неабходнасцю. Малады чалавек такім чынам — зманіпуляваны злым духам — дабравольна адмаўляецца да моцы духа і мудрасці (напрыклад калі рашаецццца не пайсці на нядзельную св. Імшу), або калі чалавек дапускае думкі, нязгодныя з аб’яўленай навукай (сістэматычна не развівае рэлігійнай адукацыі). Св. Бернард навучаў: Бог хоча, каб Яго баяліся як уладара, ушаноўвалі як Айца, а любілі як сужанца.
 
Евангельская радасць паходзіць ад Духа Святога, няма святасці ў суме. Папа Францішак гаворыць: няхай ніхто не абкрадвае нас з надзеі. Ажыўляйма яе, слухаючы Божае слова. Таксама Папа заахвочвае да чыннай любові ў словах: належыць быць аўтэнтычнымі сведкамі Хрыста, прысвячаць час для працы ў накірунку дапамогі хворым і патрабуючым, такім прыкладам з’яўляецца св. Францішак з Асыжу. Св. Ян Хрызастом разважае так: толькі вера — недастатковая. Д’яблы дрыжаць перад Богам, падлягаючы Божай кары.
 
Жыццё ў супольнасці Касцёла прыгожае. Веру неабходна захаваць ва ўсёй яе чысціні і моцы. Таму кожны з нас прызваны рабіць намаганні, каб лепей спазнаваць праўды веры і ўпоўні ёю жыць. Мы павінны слухаць Божае Слова, хваліць Бога малітвай на літургіі і прыватнай малітвай, выконваць запаведзі любові Бога і бліжняга – так навучаў Папа Францішак моладзь.
 
Неабходна выходзіць па-за сябе, каб абвяшчаць Евангелле: каб спаткаць Хрыста і другога чалавека.
 
Папа Францішак кажа: нельга аддзяляць Хрыста ад Касцёла. Ласка Святога Хросту дазваляе нам з радасцю ісці за Хрыстом у Касцёле і з ім адкрыць на нова радасць веры і абудзіць энтузіязм у яе пераказе. Пантыфік заклікае: не задавольвайцеся мінімалізмам у хрысціянскім жыцці, рашуча імкніцеся да святасці.
 
Вера некаторых вельмі плыткая, здэфармаваная або не перакладваецца на жыццёвыя рашэнні.
 
«Жыць Евангеллем — гэта значыць вясці барацьбу з эгаізмам, — кажа Святы Айцец. — Евангелле — гэта прабачэнне і спакой; гэта любоў, якая паходзіць ад Бога. Уваход да Божай хвалы патрабуе штодзённай вернасці Яго волі, таксама тады, калі гэта звязана з вялікімі высілкамі і ахвярнасцю з нашага боку. Усе мы гліняныя начынні, вельмі крохкія і бедныя, але носім у сябе непамерны скарб». Мы не можам быць замкнутыя ў нашых парафіях, супольнасцях, калі столькі асоб чакае на Евангелле.
 
Мы ўсе грэшнікі, але просім Пана, каб не быць гіпакрытамі. Тыя не ведаюць, што такое прабачэнне, радасць, любоў Бога.
Перасцярога перад духам кансумізма. У філасофіі камерцыялізму няма месца на дар, няма месца на ўдзячнасць, якая выплывае з сэрца. Святло веры асвячае ўсе нашы адносіны  і дапамагае нам фармаваць іх у любові Хрыста, каб мы перажывалі іх так, як Ён. Моладзі патрэбныя  не рэчы, а каштоўнасці. Спажывальніцтва прызвычаіла нас да марнатраўства. У культуры растраты чалавечае жыццё перастае быць зразумелым як найвышэйшая вартасць, якую трэба вартаваць і аб якой неабходна клапаціцца.
 
У нашай хрысціянкай пабожнасці вялікае месца мае Марыйная духоўнасць. Гэта — аснова будовы. Таму адыходзячы з Лагішына, вазьміце з сабой вобраз Божай Маці – Каралевы Палесся — з нашага дыяцэзіяльнага санктуарыя у дарогу вашага жыцця. Так як Яна клапатліва і пяшчотна глядзіць на Езуса, няхай сваім позіркам спадарожнічае вам, а ў цяжкія хвіліны жыцця, выпрабаванняў, духоўнай барацьбы — выпрошвае ласкі ад свайго Сына. Бо яна — Маці Ласкі Божай, як молімся словамі Літаніі. Яна — Маці, якая трымае моцнымі рукамі Свайго Сына і нашага Збаўцу Езуса Хрыста. Няхай Яе матчыныя рукі заўсёды падтрымліваюць нас на жыццёвым шляху.

 
Прывітальнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды адкрыцця XV Міжнароднага форума славістаў
21.08.2013 11:44
Мінск, 21 жніўня 2013 г.

Глыбокапаважаны прэзідыум, дарагія ўдзельнікі XV Міжнароднага з’езда славістаў.
 
Ад імя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі шчыра вітаю ўсіх вас і дзякую за запрашэнне прыняць удзел у гэтай знакавай падзеі, якой з’яўляецца чарговы, ужо пятнаццаты, Міжнародны форум славістаў.
 
Беларусь як славянская краіна з багатай і адначасова трагічнай гісторыяй па праву заслужыла, каб у ёй быў арганізаваны і праведзены з’езд славістаў свету. Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, у вялікай сям’і іншых славянскіх народаў, яна ўжо ўнесла і працягвае ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё і ўзаемадзеянне славянскіх моў, літаратураў, культур і фальклору, а таксама ва ўмацаванне славянскага адзінства ў сучасным свеце.
 
Неабходна падкрэсліць, што гэты юбілейны форум славістаў праходзіць у 1150-ю гадавіну стварэння славянскай пісьменнасці апосталамі славянамі святымі Кірылам і Мятодам, а таксама ў 1025-ю гадавіну хрышчэння Русі. Гэтыя гістарычныя падзеі далі новыя магчымасці як для евангелізацыі славянскіх народаў, так і для развіцця іх культуры.
 
Атрыманая два дзесяцігоддзі таму свабода веравызнання ў Беларусі стала новым імпульсам для развіцця рэлігійнай, у тым ліку каталіцкай, лексікі беларускай мовы. Мы добра ўсведамляем, што для дасягнення поспеху ў евангелізацыі і рэлігійнай дзейнасці, патрэбна не толькі абвяшчэнне Добрай Навіны, але і правядзенне набажэнстваў на роднай мове. А для гэтага неабходны адпаведныя пераклады Святога Пісання, літургічных кніг і касцёльных дакументаў. Патрэбна таксама іншая рэлігійна-навуковая, асветніцкая і папулярная літаратура для дарослых, моладзі і дзяцей.
 
Гэта вельмі складанае і адказнае заданне, улічваючы тое, што раней, калі Касцёл і рэлігія знаходзіліся ў надзвычай складаных умовах, на гэта не звярталася ніякай увагі. Праца ў дадзеным кірунку ўскладняецца тым, што яшчэ не дастаткова поўна распрацавана рэлігійная тэрміналогія на беларускай мове, таму працэс перакладу і падрыхтоўкі рэлігійнай літаратуры носіць творчы характар часам да такой ступені, што нярэдка даводзіцца ўжываць неалагізмы, каб перадаць сэнс.
 
Праблемай з’яўляецца таксама тое, што розныя веравызнанні выкарыстоўваюць розную тэрміналогію для выражэння адных і тых жа паняццяў, што становіцца новым выклікам для рэлігійных арганізацый Беларусі.
 
На працягу апошняга дваццацігоддзя Каталіцкі Касцёл на Беларусі ажыццявіў пераклад на сучасную беларускую мову і выданне Евангелля, Імшала і ўсіх літургічных кніг, неабходных для дзейнасці Касцёла: Дакументы Другога Ватыканскага Сабора, Кампендый катэхізіса і Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, усе энцыклікі папаў Яна Паўла II, Бэнэдыкта XVI і Францішка. За гэты час на беларускай мове таксама выдадзена болей за 200 найменняў кніг, у тым ліку каля 100 літургічных і тэалагічных выданняў, малітоўнікаў, больш за 100 выданняў гісторыка-рэлігійнай, мастацкай, навукова-папулярнай літаратуры, з іх — больш за 25 кніг для дзяцей і моладзі. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія з 1994 года выдае часопісы на беларускай мове: штомесячнік «Ave Maria» (наклад 8.000 асобнікаў), культурна-рэлігійны квартальнік «Наша вера» (наклад 1.300 асобнікаў), часопіс для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай» (наклад 4.000 асобнікаў).
 
Праз падрыхтоўку рэлігійных выданняў на беларускай мове мы імкнемся не толькі вырашаць праблемы Касцёла і задавольваць патрэбы вернікаў, але таксама стараемся зрабіць свой унёсак у распрацоўку рэлігійнай лексікі беларускай мовы, развіццё і ўзбагачэнне айчыннай культуры. У гэтай дзейнасці мы цесна супрацоўнічаем з навукай, культурай і заўсёды ўдзячныя спецыялістам за прафесійную дапамогу і кансультацыі ў падрыхтоўцы якаснай рэлігійнай літаратуры.
 
Правядзенне Міжнароднага форума славістаў у Беларусі — вялікі гонар для нашай краіны; гэта таксама дар, які трэба належным чынам выкарыстаць.
 
Спадзяюся, што XV Міжнародны з’езд славістаў стане новым крокам у вывучэнні і развіцці славянскіх моваў, у тым ліку і беларускай, а таксама паспрыяе еднасці славянскіх народаў.
 
Жадаю поспехаў у працы форуму і праз заступніцтва святых Кірыла і Мятода прашу ў Бога благаслаўлення для ўсіх вас.

Дзякую за ўвагу.


 
«Скажу „Belarus” — на мяне здзіўлена глядзяць, скажу „Belorussia” — думаюць, што я з Расіі»
20.08.2013 21:55
Беларуска Паўла Марыя Волчак CSFN з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта дзевяць месяцаў таму паехала ў аўстралійскі Сіднэй на трохгадовую місійную працу. Аб тым, як змянілася яе жыццё за гэты час, сястра-назарэтанка распавяла ў інтэрв’ю для Catholic.by.
 
<< Першая < Папярэдняя 1321 1322 1323 1324 1325 1326 1327 1328 1329 1330 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1330 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.