Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сведкi адзiнства. Св. Тэадор Студыт |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча |
22.08.2013 13:09 |
У другой палове Першага тысячагоддзя памiж рыма-лацiнскiм i вiзантыйска-грэчаскiм хрысцiянскiмi асяроддзямi ўжо акрэслiлася яснае адрозненне ў тэалогii, касцëльным жыццi i звычаях. Хто ж яшчэ, як не святыя тых часоў, могуць навучыць нас жыць у эўхарыстычным адзiнстве з шанаваннем iснуючых адрозненняў?
Св. Тэадор Студыт (759-826) — выдатны багаслоў, рэфарматар манаскага жыцця i асоба, якая дзякуючы свайму духоўнаму аўтарытэту, мела значны ўплыў на фармаванне рэлiгiйнага i грамадскага жыцця ў Вiзантыйскай iмперыi (бiяграфiю можна пачытаць тут i тут) [1] . Гледзячы на жыццё гэтага святога, можна сказаць, што яно было змаганнем за захаванне чысціні праваслаўнай ( = каталіцкай) веры. У гэтым змаганні вельмі важна было знайсці і падкрэсліць для вернікаў тую мяжу паміж дапушчальным паслабленнем і здрадай хрысціянству у справах веры і маральнасці. Калі патрыярх і біскупы, пастыры Касцёла, у гэтым памыляліся або паддаваліся націску свецкай улады, то прароцкую місію пераймалі манахі на чале са св. Тэадорам Студытам. Якімі крытэрыямі кіраваўся св. Тэадор для вызначэння мяжы паміж дапушчальнай і недапушчальнай талерантнасцю ў пытаннях веры і звычаяў? У яго лістах большую частку займае аргументацыя, заснаваная на словах Святога Пісання, выказваннях Святых Айцоў і старажытнай Традыцыі Касцёла. Аднак нельга не заўважыць, што для св. Тэадора Студыта вера Рымскага Касцёла была крытэрыям правільнасці, а біскуп Рыма — менавіта той асобай у Паўсюдным Касцёле, якая мае дадзеную ад Бога ўладу паставіць кропку ў небяспечных дыскусіях і ясна паказаць межы праваслаўнай веры і маральнасці. Вось некаторыя вытрымкі з яго лістаў да Рымкіх Пантыфікаў, напісаных у двух абсалютна розных палітычных і касцёльных сітуацыях ў Візантыі. «Па прычыне таго, што вялікаму Пятру Хрыстус Бог надаў разам з ключамі валадарства нябеснага годнасць вярхоўнага пастырства, то Пятру або яго наступніку належыць паведамляць аб усіх наваўвядзеннях, якія робяць у Каталіцкім Касцёле адступнікі ад праўды. (...) Яны, прыўласціўшы сабе ўладу, не пабаяліся зграмадзіць ерэтычны сабор, хаця не маюць улады склікаць і праваслаўнага сабора без вашага ведама, (…) — сабор для парушэння Евангелля Хрыста, ключы якога ты атрымаў ад Яго праз вярхоўнага з Апосталаў і яго наступнікаў. (…) Паддаючыся вашаму вярхоўнаму пастырству, мы, нарэшце, просім лічыць нас як бы ўласнымі авечкамі. (…) Аб усім мы паведамілі табе, найпершай апостальскай галаве нашай. Дарэчы, разважыць і ўчыніць угоднае Богу належыць табе, кіраванаму праз Духа Святога, як у іншых справах, так і ў гэтай» [2]. «Пачуй, апостальская галава, Богам узвышаны пастыр авечак Хрыстовых, маючы ключы валадарства нябеснага, камень веры, на якім пабудаваны Каталіцкі Касцёл. Бо ты — Пётр, упрыгожваючы Пасад Пятровы і кіруючы на ім. (…) Табе сказаў Хрыстус Бог наш: і ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх (Лк 22,32). (…) Вось час і месца. Дапамажы нам (…) Ты маеш ад Бога моц, бо першынствуеш паміж іншымі, для гэтага ты і пастаўлены. (…) У гэтым ты будзеш падобны да тваіх папярэднікаў, якія ў падобных абставінах учынілі па натхненні Духа тое, што просім і мы. (…) Вы — Богам абраны горад збавеннага прыстанішча» [3]. Гэтыя словы святога нельга тлумачыць як ветлівую форму грэчаскага красамоўства, бо ў лістах да іншых асобаў прысутнічае тая ж самая ідэя: (да аднаго з бліжэйшых вучняў) «Ерэтыкі самі сябе аднялі ад цела Хрыста, ад вярхоўнага пасада, на які Хрыстус паклаў ключы веры, якую па абяцанні Праўдзівага не перамаглі і не перамогуць да канца вякоў брамы пякельныя». (да імператара) «Калі здарыцца штосьці сумніўнае, (…) загадайце прыняць тлумачэнне ад старажытнага Рыма, (…) бо там знаходзіцца вярхоўнейшы з Божых Касцёлаў, пасад якога першым займаў Пётр, якому Пан сказаў: Ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго (Мц 16,18)». І хаця ў адным з пасланняў сустракаецца рэзкае выказванне адносна Папы [4], то прычынай гэтага было як раз тое, што Папа захоўваў маўчанне там, дзе на думку св. Тэадора Рымскі Пантыфік павінен быў умяшацца ў справы Канстанцінопальскага Касцёла. Св. Тэадор Студыт з'яўляецца выразным сведкам адзінства Захаду і Усходу. Пры ўсім сваім вельмі дакладным падыходзе да чысціні веры і звычаяў ён не бачыць супярэчнасці паміж прынцыпам «соборности» і вярхоўнай пастырскай ўладай біскупа Рыма. Хаця сам ён не быў у Рыме, аднак меў цесны кантакт з лацінскім хрысціянскім асяроддзем праз сваіх вучняў. Не сустракаем у творах Святога аніякай крытыкі заходніх звычаяў і адрозненняў у тэалогіі (улічваючы вялікую дакладнасць св. Тэадора ў гэтых справах). А розніца культур у IX стагоддзі, як здаецца, была ўжо вельмі вялікая, можа нават і значна большая, чым цяпер. Бр. Яраслаў Крыловіч 1 Для зацікаўленых: праваслаўны гісторык А. П. Дабраклонскі ў сваім часе напісаў манаграфію, у якой можна знайсці багаты матэрыял адносна св. Тэадора (тут або тут) 2 Цытаты, выбраныя з розных месцаў двух лістоў да Папы Льва ІІІ 3 Цытаты, выбраныя з розных месцаў двух лістоў да Папы Пасхалія 4 Пар. Ліст да Васілія (28) |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.