Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Чацвёртая гадавіна каранацыі Абраза ў Браславе: Марыя — маці ўсіх людзей
20.08.2013 20:31
У Браславе завяршыліся ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў, прымеркаваныя да чацвёртай гадавіны каранацыі Абраза Маці Божай. Галоўную святую Імшу на ўрачыстасцях узначаліў кардынал Райнер Марыя Вёлькі, арцыбіскуп Берліна.
 
Гамілія кардынала Райнера Марыі Вёльке, арцыбіскупа Берліна на ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў
20.08.2013 20:15
Дарагія браты і сёстры!
 
Адзін з самых прыгожых нямецкіх вершаў ў гонар Божай Маці, які напісаў паэт Наваліс, пачынаецца са словаў: «Я бачу Цябе, Марыя,  цудоўна прадстаўленую ў тысячы абразах...». Адзін з тысячы гэтых абразоў можна знайсці тут у вас, у вашым Браславе ў Віцебскай дыяцэзіі: наша Мадонна, Божая Маці, Валадарка Азёраў, чацвёртаю гадавіну каранацыі Цудоўнага абраза якой мы сёння адзначаем. «Я бачу Цябе, Марыя, цудоўна прадстаўленую ў тысячы абразах...». Гэты верш у простых і кранаючых сэрцы словах выражае наступную думку: Марыю, Маці Божаю, любілі і любяць: простыя людзі і вялікія багасловы (тэолагі), грэшнікі і святыя, маладыя і старыя, людзі, якія ў гэты час прадстаўляюць Марыі клопаты і турботы свайго зямнога жыцця і ўсе мы, браты і сёстры, якія ў такой вялікай колькасці прыбылі ў Браслаў. Чаму Марыя прадстаўлена ў тысячы карцінах і абразах? Можа інакш спытаем: чаму Марыю любяць і праслаўляюць столькі людзей і пакаленняў? Адказ вельмі просты: таму што яна з'яўляецца Маці жыцця, новай Евай. Ужо пачынаючы ад эпохі айцоў Касцёла, Марыя была супрацьпастаўлена прамаці Еве.
 
Ева — гэта пачатак ўсіх людзей. Але адначасова яна з'яўляецца той, якая была першая спакушана, і той, якая першай спакусіла. Праз першародны грэх, грэх Евы і Адама, праз іх непаслухмянасць Богу нашыя прашчуры згубілі сваю першапачатковую святасць і справядлівасць, якія атрымалі ад Бога не толькі для сябе, але і для ўсіх людзей. З таго першага граху сапраўды бярэ пачатак грэх усяго свету: Каін забівае свайго брата Авеля. У паслядоўнасць і наступствы гэтага першароднага граху Адама і Евы, што прыводзіць да смерці, уцягнуты ўсе людзі. 
 
Марыя — гэта супрацьпастаўленне Евы, нягледзячы на тое, што і яна з'яўляецца нашчадкам прамаці Евы, Марыя у сваю чаргу — маці новага пакалення, пакалення адкупленага, вызваленага і паяднанага Езусам Хрыстом.
 
Ад першага моманту свайго існавання Марыя была вольная ад першароднага граху. З самага пачатку яна была так ахоплена любоўю і Божаю ласкай, што ніякая пляма граху не магла яе дакрануць. Алем не толькі ад самага пачатку была яна ахоплена Божаю любоўю і ласкай! Не. На працягу ўсяго свайго зямнога жыцця была Марыя вольная ад ўсялякага граху. Напрыклад, нашыя браты і сёстры Усходняй Царквы ўсхваляюць і ўшаноўваюць Марыю як Panhagia, «цалкам святую», «усю святую», якая ніколі не была заплямленая ценем граху. «Поўная ласкі» — так называе яе Анёл. А як яна ўспрымае і называе сябе сама? «Слуга Панская» — вось як называе сябе Марыя.
 
«Вось я, Слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Яна ахвяруе сябе Богу як слуга, як стварэнне, якое не прэтэндуе на Бога, а заяўляе, што Бог можа рабіць з ёй усё, што ён хоча і як ён хоча. Яна знаходзіцца ў руках Бога, і ён робіць з ёй тое, што наконт яе запланаваў і што яму падабаецца. І Бог сапраўды робіць штосьці незвычайнае! Здзяйсняецца цуд Яго ласкі над ёй і ў ёй. Божая ласка ўзмацняецца. Дух Божы зыходзіць на Марыю. Сілаю і моцаю Святога Духа Стварыцеля зачынае Марыя ў сваім улонні Сына Айца спрадвечнага, становячыся такім чынам Маці Жыцця, новая Евай, Божай Маці, Багародзіцай. Яна носіць у сваім улонні таго, у кім жыве ўся паўната боскасці (Кал. 1,19; 2,9), які ёсць само жыццё. Тым, кім з'яўляецца і Марыя, мае яна не ад сябе, але ад Бога: яна - шэдэўр Яго ласкі.
 
Яна Благаслаўлёная, Беззаганная, заўсёды святая, вельмі прыгожая, не мае недастаткаў, Маці жыцця і ўсяго жывога, новая Ева. Ці не задалёка Марыя, праз Божае абранне і ўзвышэнне, знаходзіцца ад простых людзей? Ці не прыгнятае нас тая рэчаіснасць, напрыклад, калі мы глядзім на Найсвяцейшую Багародзіцу, а затым ацэнім сябе, мы, якія не можам вырвацца з моцы граху? Што прадвясціў і даў нам Бог праз абранне Марыі? Ён даў нам у гэтым выбранні знак надзеі! Бо ў Марыі Бог паказвае нам усё тое, што раней паводле нас запланаваў. Такім чынам мы можам і павінны праслаўляць Марыю як правобраз і пачатак Касцёла.
 
У ёй пачалося ўсё тое, чым ёсць і павінны быць мы. Марыя была абраная Богам спрадвеку. Таксама і мы, «абраныя перад стварэннем свету, каб мы былі святыя і непахісныя перад Богам. Ён прадвызначыў нас для зсынаўлення праз Езуса Хрыста паводле ўпадабання сваёй волі дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі» (Эф. 1, 4-6). Бог па-рознаму, зусім інакш адорвае Марыю і нас сваімі ласкамі: Марыя была захаваная перад грахом, яна і пасля была вольная ад граху. Мы ж у сваю чаргу былі вызвалены ад граху.

Але мэта тая ж самая: ачышчаныя ад усякага граху, мы таксама можам разам з Прачыстай Маці нашага Пана беззаганна жыць з Богам. І як мы атрымалі ўсялякія ласкі і адкупленне ад граху праз збаўленныя пакуты Езуса Хрыста, таксама і Марыя мае сваё захаванне ад граху, удзячная і абавязаная перад усім паўнаце ласкі крыжа свайго сына. Яна таксама вызваленая! Яна першая вызваленая і адкупленая, правобраз збаўленых і вызваленых, Маці Збаўленых і такім чынам Маці Жыцця, якую даў нам на крыжы яе сын. Сёння мы адзначаем чацвёртую гадавіну каранацыі вашага цудатворнага абраза Божай Маці, Валадаркі Азёраў, Маці жыцця. Гэта не вянок з церняў, якім была каранавана гэта ікона. Не, гэта каралеўская карона, якую тады благаславіў Святы Айцец, Папа Бэнэдыкт. Ці ёсць таму большая супярэчнасць?
 
Адказ на гэта пытанне дае нам сам Езус, а менавіта ўкрыжаваны Езус. Есус змагаўся на крыжы. Ён не саступіў, хоць і загінуў у гэтай бітве. Ён у гэтай барацьбе, якая каштавала яму жыцця, перамог. Ён перамог зло і самога злога. Ён перамог сатану і грэх, і праз гэту перамогу зрабіў Крыж сваім каралеўскім тронам.
 
Хоць і ўкрыжаваны, але ён Валадар, кароль. Не такі кароль як іншыя — і сёння ёсць шмат валадароў на зямлі — не, Ён, як называе Яго Святое Пісанне, Цар цароў і Валадар над валадарамі, Цар усяго свету. Святы апостал Павел кажа нам аб гэтым вельмі ясна ў сваім пасланні да Піліпянаў.
 
Перш за ўсё ён кажа пра Езуса, які спускаецца з Хвалы нябёсаў, паніжаецца  да смерці, аж да смерці крыжовай. І далей апостал працягвае: «Таму і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя вышэйшае за ўсялякае імя, так што кожнае калена на небе, у нябёсах і на зямлі, і пад зямлёю скланяецца перад Імем Езуса, і ў адзін голас вызнае: «Езус Хрыстус наш Валадар, наш Пан». Валадар — па-грэчаску «Kyrios», што значыць «каралеўская, боская» годнасць. Укрыжаваны з'яўляецца валадаром, каралём, узвышаны да правіцы нябеснага Айца.
 
Той факт, што Езус гэта ўкрыжаваны кароль, нават і пасля ўваскрасення ён мае раны на целе, раны ад крыжа — растлумачвае існасць Яго валадарства. Ён зусім не падобны да зямных валадароў. Яго валадарства — зусім іншага роду!
 
Гэта валадарства святасці і ласкі, справядлівасці, любові і супакою! Па прыкладу Хрыста Валадара мы таксама павінны ўбачыць і зразумець сэнс Валадарства  Марыі. Гэтак жа, як Валадарства Хрыста бярэ свой пачатак ад крыжа, так і Валадарства Марыі, укаранёнае ў спачуваннях і цярпені Маці са сваім сынам.
 
Выразна даказвае нам гэта і Святое Пісанне. Збаўца бачыць пад крыжам сваю маці і вучня, якога ён любіць. Ён кажа сваёй маці: «Гэта твой сын». Таксама вучню: «Гэта Маці твая».
 
Яна стаіць пад крыжам за ўсіх нас, за ўвесь Касцёл. Ён увасабляе нас. І Езус прадстаўляе Марыю як Маці Касцёла, як Маці ўсіх нас, Маці ўсіх людзей. Усё гэта адбываецца пад крыжам. Гэта каралеўскі наказ Есуса з крыжа. Ён прызначае Марыю як Каралеву-Маці.
Яна ў сваім валадарстве з'яўляецца Маці жыцця, таму што яна прынесла свету Езуса Хрыста, Божага Сына, які ў сваю чаргу, даў нам Божае Жыццё. Таму і гэтая карона, якая ўпрыгожвае тут у Браславе ваш абраз, даказвае тое, што кожны з нас пакліканы да каралеўскага пакалення Божых дзяцей.
 
Мы ахрышчаныя, з'яўляемся сынамі і дачкамі Бога, пакліканыя да жыцця ў святасці Святога і Каталіцкага Касцёла. Бог хоча, каб мы па прыкладзе Марыі, бралі ўдзел ў яго жыцці і ў яго Валадарстве.
 
Калі хтосьці так, як Марыя, у жыцці і цярпенні салідарны з Хрыстом, калі наследуе Яго ў паслухмянасці, у службе і ў нясенні крыжа, то таго і Езус возьме ў сваё Валадарства. «Хрысціянін, пазнай годнасць сваю!» — так заклікаў Святы Айцец Леон Вялікі сваіх верных. Дзе і ў кім мы можам лепей распазнаць гэту хрысціянскую годнасць, як не ў той, якая сама найлепш зразумела і рэалізавала незаплямлены каралеўскі вобраз чалавека? Гэтую годнасць Марыя не толькі рэалізавала і пакінула сама сабе. Яна дапамагае і нам, каб і мы, праз яе прыклад і заступніцтва былі ў стане здзяйсняць і рэалізоўваць вялікія цуды Божай ласкі ў нас і праз нас. І як нам было дазволена жыць пры Богу разам з Марыяй, Маці жыцця, Новай Евай, Валадаркай нябёсаў, так і яна на вякі напоўніліся ўсёй паўнатою Божай (Эф. 3,19).
 
Амэн.   
 

 
Нядзельнае казанне: 25 жніўня — ХХІ Звычайная нядзеля, Год С
20.08.2013 18:54

Жыць, як жыў Езус – значыць зразумець і прыняць карысць ад пакутаў і выпрабаванняў быццам з Божай «педагогікі». Перажыць так, як іх перажываў Езус – з душой дзіцяці і як дапамогу, таму што Бог зможа ўсё ператварыць у наша дабро, каб мы пастаянна раслі і сталі сапраўднымі хрысціянамі.

 
Папа Францішак скіраваў пасланне на 1025-годдзе хрышчэння Русі
20.08.2013 17:00

Святам Перамянення Пана, якое 19 жніўня святкавалі паводле юліанскага календара, скончыліся грэка-каталіцкія ўрачыстасці ў Кіеве, звязаныя з 1025 гадавінай хрышчэння Русі.

 
Беларусы прынялі ўдзел у Х Еўрапейскай сустрэчы рэдэмптарысцкай моладзі
20.08.2013 16:15
У дзясятай Еўрапейскай сустрэчы рэдэмптарысцкай моладзі, якая праходзіла з 7 па 12 жніўня ў італьянскім горадзе Сан-Сператэ, прыняло ўдзел каля 600 чалавек з 17-ці правінцый Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля па ўсёй Еўропе, сярод якіх і дзесяць беларусаў.
 
У чаканні жніва
20.08.2013 16:03

«„Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?“ А ён сказаў ім: „Варожы чалавек зрабіў гэта“. Тады слугі сказалі яму: „Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?“ Але ён сказаў: „ Не“».

 
Папа да місіянераў: жадаю, каб Святы Дух захаваў вас ад спакусы камфорту
20.08.2013 13:48
19 жніўня папа Францішак прывітаў удзельнікаў аргентынскага Нацыянальнага місійнага кангрэса, які распачаўся ў горадзе Катамарка на паўночным захадзе краіны.
 
Гамілія біскупа Антонія Дзям'янкі на сустрэчу з членамі Легіёна Марыі
20.08.2013 12:16
17 жніўня 2013 г., Баранавічы
 
Дарагія браты і сёстры, вы сабраліся тут на штогадовыя рэкалекцыі і прызначылі гэтыя летнія дні на тое, каб паглыбіць веру. Рэкалекцыі — гэта час, каб затрымацца і прабываць з Богам у ласцы і моцы святога Духа. Рэкалекцыі — гэта час супольнай малітвы, разважанняў над Божым Словам. Рэкалекцыі — гэта час ацэнкі нашага жыцця, час паглядзець на пройдзены шлях, асабліва на апошнюю адлегласць. Рэкалекцыі — гэта перамена ўнутраная і час зрабіць пастановы аб тым, каб выправіцца. Рэкалекцыі — гэта час запланаваць новую лепшую дарогу да святасці. Гэты час асаблівы і нам вельмі патрэбны, бо мы жывём у вельмі рухлівым свеце. Паспрабуем затрымацца, падумаць, абдумаць.
 
Год Веры мабілізуе нас наноў узгадаць Другі Ватыканскі Сабор, які нагадае нам аб удзеле ў місіі Хрыста — святарскай, прароцкай і каралеўскай. Сабор нагадвае свецкім — шукаць Божага валадарства, выконваючы свецкія справы і кіруючы імі паводле Божай місіі (Святло народаў, 31). Сёння больш чым калі-небудзь вельмі патрэбнае наша апостальства, каб Евангелле было адначасова святлом, соллю і зачынам новага чалавецтва.
 
Але на чым засноўваецца такі тэзіс? Што азначае быць хрысціянінам сёння, тут, у дадзеную хвіліну?  Быць хрысціянінам ніколі не было лёгка. Быць ім сёння нялёгка. Каб наследаваць Хрыста, трэба прымаць Яго рашэнні і часта ісці супраць цячэння. Мы належым да Хрыста — навучаў св. Аўгустын. Даўнейшыя і цяперашнія мучанікі і сведкі веры, а сярод іх і свецкія вернікі, сведчаць, што гэта неабходна, часам нават без роздуму аддаць за Хрыста жыццё. Таму Год Веры і рэкалекцыі тут для вас прызываюць да роздуму і рахунку сумлення, да трывалай духоўнай адновы, якая дасць падмурак больш актыўным евангелізацыйным дзеянням. Святы Айцец Павел VI у 1975 годзе у апостальскай адгартацыі — Евангеллі нунцыяндзі — пісаў, што сучасны чалавек ахвотней слухае сведкаў, чым настаўнікаў, а калі і слухае настаўнікаў, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі (41). Гэтыя словы маюць моц і сёння, калі перад чалавецтвам адкрываюцца вялікія магчымасці і надзеі, калі існуюць шматлікія пагрозы і небяспекі. Гаворка ідзе пра дасягненні ў сферы дабрачыннасці і генетыкі, гаспадарчы прагрэс і недаразвітасць інфраструктуры для некаторых слаёў насельніцтва, сродкі камунікацыі і штодзённую драму адзіноцтва, пакінутасці і насілля некаторых асобаў. Як сведкі веры, вы павінны несці святло веры туды, дзе засяроджваецца жыццё грамадства. Вы прызваныя быць тымі прарокамі хрысціянскай надзеі і апосталамі «таго, Які ёсць, быў і Які прыйдзе» (Ап 1,4).
 
Другі Ватыкансі Сабор навучае, што ўсе хрысціяне прызваныя да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові.
Не бойцеся прыняць гэта заданне і быць святымі. Нельга забываць, што плады апостальства залежаць ад глыбіні духоўнага жыцця, ад інтэнсіўнасці малітвы, ад пастаяннай фармацыі і аўтэнтычнай вернасці наказам Касцёла. Калі будзеце бескампрамісна ўводзіць у дзеянне сваё хрысціянства, то зможаце перамяніць на лепшае іншых асобаў. Углядаючыся ў Хрыста, зможаце многае зрабіць у Касцёле для евангелізацыі сучаснага чалавека.
 
Чалавек не створаны, каб жыць у адзіноце, ён носіць у сабе прызванне да кантакту і зносін з іншымі. Гэта закладзена ў яго духоўнай прыродзе.
Моц такога прызвання чалавека развіваецца ў той меры, у якой ён сам зможа наладзіць адносіны з іншымі, знайсці сябе ў бескарыслівым дары аддання  сябе самога ж (Радасць і надзея, 24).
 
Чалавеку недастатковыя адносіны чыста машынальныя. Ён патрабуе сувязі паміж асобамі (сувязь паміж якімі найперш унутраная), цалкам выражаючы дар самога сябе. Кіруючыся указаннямі заснавальніка Легіёна Марыі, вы тут змаглі абмеркаваць паміж сабой, напэўна, розныя моманты служэння,  шукаючы ацэнкі дзеянняў і падтрымкі ў тых, хто стаў на дарогу такой формы больш дасканалага жыцця праз служэнне бліжняму і абавязковую супольную малітву.
 
Вашыя рэкалекцыі заканчваюцца ў часе, калі фармуюцца пілігрымкі да Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся у Дыяцэзіяльны марыйны санктуарый. Гэты санктуарый паўстаў, дзякуючы клопату святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, сотую гадавіну нараджэння якога будзем адзначаць у наступным годзе. А касцёл (санктуарый у Лагішыне) сёлета адзначае сотую гадавіну пабудовы.
 
І ўсё, што ў гэтым свеце нам удаецца спазнаць, мае свой пачатак і свой канец. Нядаўна распачатыя рэкалекцыі падыходзяць да заканчэння. Вельмі добра вам было разам прабываць адзін з адным. І хвіліны, праведзеныя разам, былі благаславёныя. Яны злучылі вас прыязнасцю і блізкасцю адзін аднаго. І хоць кожны хутка ад’едзе ў свой бок — думкамі вы будзеце вяртацца ў гэты час і месца.
 
Заахвочваю таксама, каб і ў хвіліны радасці, а таксама ў час, калі жыццё будзе для вас здавацца невыносным, вы накіроўвалі свае малітвы да Маці Божай Лагішынскай. Не зважаючы на зменлівасць жыцця і хуткую змену часу, будзем усведамляць, што Касцёл існуе, а мы ў Касцёле моцна трымаемся дарогі Евангелля, дарогі, указанай нам Езусам Хрыстом, дарогай служэння бліжняму, якой крочыла Божая Маці і многія святыя — лепшыя сыны і дочкі Касцёла, якія зрабілі вялікі ўклад у пашырэнне Евангелля ў сэрцах многіх жыхароў зямлі.

 
Святы Айцец дзякуе жыхарам Рыа
20.08.2013 11:52

Папа Францішак выразіў удзячнасць арцыбіскупу Рыа-дэ-Жанэйра — Арані Жуану Тэмпеста за гарачы прыём і сведчанне веры падчас сусветнага Дня моладзі. У асабістым лісце да арцыбіскупа Святы Айцец зазначыў, што гэтая вера аказалася «нашмат мацнейшая, чым холад і дождж», якія спадарожнічалі ўдзельнікам сустрэчы.

 
Марыя заўсёды з намі. Гамілія на 18 жніўня
17.08.2013 17:15

Божая Маці заўсёды з намі салідарная. І ўвайшоўшы ў радасць Божага Валадарства, Яна не перастае быць разам з намі на зямлі. Праз таямніцу Унебаўзяцця Марыя вучыць нас вернасці і пакоры, што ў сваю чаргу вядзе да вечнай радасці.

 
<< Першая < Папярэдняя 1331 1332 1333 1334 1335 1336 1337 1338 1339 1340 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1331 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.