|
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса
|
|
03.06.2016 15:29 |
Мінская архікатэдра. 3 чэрвеня 2016 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Пачаткі культу Сэрца Езуса сягаюць у Сярэднія вякі. Старажытныя хрысціянскія аўтары пісалі, што з прабітага боку Езуса нарадзіўся Касцёл і сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя — сакрамэнт любові. Ад XVII стагоддзя гэты культ пашыраецца ў выніку аб’яўленняў Езуса св. Маргарыце Марыі Алякок.
Папа Клеменс XIII у 1765 г. яго зацвердзіў для Польскага Каралеўства, а бл. Папа Пій у 1856 г. распаўсюдзіў на Паўсюдны Касцёл. Папа Пій XII у 1956 г. абнародаваў прысвечаную Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса энцыкліку «Haurietisaquas».
Падчас аб’яўленняў св. Маргарыце Марыі Алякок Езус паабяцаў шматлікія ласкі тым, хто будзе шанаваць Яго сэрца. Адна з іх заключаецца ў тым, што чалавек, які 9 месяцаў запар у першыя пятніцы прымае св. Камунію і ўшаноўвае Сэрца Езуса, не памрэ без прымірэння з Богам.
Адна гісторыя распавядае пра тое, як на месца аварыі цягніка прыйшоў святар і хадзіў каля яго, кажучы параненым і паміраючым людзям, што ён святар і той хто хоча, можа паспавядацца. Адзін чалавек адбыў споведзь і папрасіў святара звязацца з яго сям’ёй і сказаць, што Езус датрымаў свайго абяцання. Менавіта як узнагароду за дзевяць першых пятніцаў, ён не памёр не паяднаны з Богам.
2. Сённяшняя ўрачыстасць выражае праўду, аб якой св. Апостал Ян кажа, што Бог ёсць любоў. Сэрца з’яўляецца сімвалам любові. Закаханыя асобы замест таго, каб пісаць словы: я цябе кахаю, — пішуць проста свае імёны і паміж імі малююць сэрца, якое з’яўляецца сімвалам любові.
Усе літургічныя тэксты сённяшняй урачыстасці звяртаюць увагу на Божую любоў, найдасканалейшым сімвалам якой з’яўляецца Сэрца Езуса.
Евангелле распавядае пра статак авечак і пастыра. Калі пастыр заўважае, што на ноч не вярнулася адна авечка, то ён ідзе і шукае яе. Знайшоўшы, бярэ на свае плечы і з радасцю нясе дамоў. Мала таго, ён радуецца з іншымі, бо авечка, якая згубілася, знайшлася. Авечка — сацыяльная хатняя жывёла і, толькі будучы ў супольнасці, яна адчувае сябе шчаслівай і бяспечнай.
3. Падобна і з чалавекам. Ён сацыяльнае Божае тварэнне і толькі ў супольнасці з іншымі бяспечны і шчаслівы.
Пастыр з сённяшняга Евангелля — гэта Езус, Які любіць кожнага. Заблукалая авечка — гэта грэшны чалавек. Езус не пакідае яго аднаго, але шукае, каб яму дапамагчы. Ён таксама кажа, што ў небе будзе большая радасць з аднаго грэшніка, які навернецца, чым са 100 справядлівых. Усё гэта нагадвае аб бязмежнай Божай міласэрнасці, аб тым, што ніхто не выключаны з Божай любові, за выключэннем тых, хто сам не хоча яе дасведчыць.
4. Такое вучэнне Хрыста і прыклад Яго жыцця, калі Ён ішоў да грэшнікаў, размаўляў з імі, адпускаў ім грахі, прымаў з імі ежу і г.д., не падабалася фарысеям. Яны трымаліся здалёк ад грэшнікаў. Не пазычалі ім грошай, не давяралі ім ніякіх спраў, не сябравалі і не адпраўляліся з імі ў падарожжа, не запрашалі ў госці і г.д.
Таму фарысеі былі ўзбураны паставай Езуса адносна грэшнікаў, якія імкнуліся да Яго, бо Ён ім абвяшчаў Божую міласэрнасць. У гэтым сэнсе сённяшняе Евангелле вучыць нас аб тым, што Бог не радуецца таму, што грэшны чалавек можа загінуць, але жадае, каб ён вярнуўся ў супольнасць тых, якія жывуць з Богам.
5. Кожны з нас грэшнік і кожны патрабуе навяртання. Мы не адзін раз дасведчылі ласкі Божапй міласэрнасці і навяртання. Але як мы адносімся да нашых братоў і сясцёр, якія адыйшлі ад Бога? Ці спяшаемся з дапамогай? Найсвяцейшае Сэрца Езуса заклікае да гэтага.
Трэба памятаць і аб тым, што сёлетняе свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса мы адзначаем у Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці і ў Срэбраны юбілей заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Святы Айцец Францішак ясна кажа, што адносна практыкі Божай міласэрнасці мы не павінны быць статычнымі. Мы не павінны думаць толькі пра сябе саміх, але думаць пра іншых. Дасведчыўшы яе ласкі, неабходна ёю дзяліцца з іншымі, быць яе носьбітамі, у сучасным свеце, поўным эгаізму.
6. Наша краіна доўгія дзесяцігоддзі з-за ганенняў на Касцёл была пазбаўлена нармальнай духоўнай апекі. 25 гадоў таму мы атрымалі ласку свабоды веравызнання. Гэта не што іншае, як знак бязмежнай Божай любові і яго міласэрнасці.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вучыць, што на бязмежную любоў Сэрца Езуса, неабходна адказваць падобнай любоўю да іншых і нават да грэшнікаў. Ці мы гатовы да гэтага? Ці ўмеем прабачаць нашым грэшнікам, як аб гэтым молімся ў малітве «Ойча наш?» Мы павінны ненавідзець грэх, але не грэшніка. Успомнім словы Езуса з дрэва крыжа: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць што чыняць!»
Як выражэнне нашай удзячнасці Богу за дар свабоды веравызнання і выражэнне любові да яго, сёння Каталіцкі Касцёл на Беларусі праводзіць Дзень пакаяння за нашы асабістыя грахі і грахі нашага народу. Колькі нашых асабістых грахоў абразілі Бога? Колькі святыняў было знішчана? Колькі святых месцаў зняважана? Колькі сем’яў разбіта? Колькі забойстваў ненароджанага жыцця? Колькі залежнасцяў ад алкаголю, наркаманіі, не згоднага з Божым правам сексуальнага жыцця і г.д.?
Ці ўсведамляем мы сабе, што гэтыя анамаліі нашага жыцця супрацьстаяць бязмежнай любові і міласэрнасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Пане Езу, прымі нашае пакаянне. Дазволь, каб святло тваёй любові рассеяла цемру граху, якая нас агарнула, а ўсе, хто згубіўся, знайшліся і вярнуліся да цябе, як адзінай надзеі. Амэн.
|
|
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы Юбілею святароў з нагоды Года Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасці
|
|
03.06.2016 12:58 |
Браслаў, 2 чэрвеня 2016 г.
Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Божы Провід дазваляе нам ужо трэці раз у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі адзначаць Агульнабеларускі дзень святароў. Першыя дзве сустрэчы адбыліся ў 2009 і 2013 гг. у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены. Трэцяе — адбываецца ў маляўнічым Браславе, сярод шматлікіх азёр, што дапамагае нам лепей усведаміць наша святарскае пакліканне, бо Езус паклікаў апосталаў менавіта з галілейскіх рыбакоў. Там над берагамі Галілейскага возера адбыўся цуд паклікання.
Адзін прыгожы аповед кажа пра тое, як Езус шукаў тых, хто прадоўжыць справу абвяшчэння Евангелля і будзе будаваць Касцёл, як сакрамэнт паўсюднага збаўлення. У тыя часы найлепшых спартсменаў выяўлялі Алімпійскія гульні. Зрэшты так ёсць і ў наш час.
Дык вось Езус пастанавіў правесці алімпійскія гульні пакліканых, — калі так можна выказацца. Паводле Яго кандыдаты павінны былі прайсці тры тэсты: «Абвяшчэнне Добрай Навіны, катэхізацыю і літургіку».
Абвяшчэнне Божага слова. Адзін рыхтаваўся сур’ёзна да казання і яго чытаў, іншы звяртаўся да людзей спантанна. Адзін прамаўляў эмацыйна і артыстычна, іншы — ціха і спакойна. Усё выглядала як звычайна. Але Езус не быў задаволены, бо ў пропаведзі не было агня і духа.
Катэхізацыя. Адзін задавальняўся традыцыйнай методыкай катэхізацыі, іншы — выкарыстоўваў новыя сучасныя метады. Ізноў усё выглядала нармальна. Аднак Езус не быў задаволены, бо ў працэсе катэхізацыі не было бачна ні агня, ні духа.
Нарэшце, літургія. Адзін спяваў падчас набажэнства, іншы ціха чытаў літургічныя тэксты. Адзін цэлебраваў з акаджэннем, іншы — без. Усё выглядала звычайным нармальным набажэнствам, але Езус ізноў быў не задаволены, бо не бачыў сапраўднага Божага духа ў літургічных дзеяннях.
Ён вельмі засмуціўся такім станам рэчаў і пайшоў адпачыць на бераг Галілейскага возера. Адпачываючы, нечакана ўбачыў рыбакоў, якія ўкладалі ўсё сваё сэрца ў працу. І сказаў: «Вось тыя, каго Я шукаю! Яны працуюць ад душы!»
Таму сённяшняе святкаванне Юбілею святароў у Браславе на берагах славутых браслаўскіх азёраў стварае добрую атмасферу, каб ад сэрца падзякаваць Богу за пакліканне да святарства, зрабіць рахунак сумлення, як мы выконваем сваё служэнне і папрасіць благаслаўлення на далейшую працу.
2. Сёння мы з радасцю збіраемся ў старажытнай Браслаўскай святыні, каб супольна святкаваць Юбілей святароў і наша радасць не павінна быць паменшана цяжкасцямі, якія мы сустракаем на нашым святарскім шляху. Апошнія часы адзначаюцца вялікімі культурнымі зменамі, якія адбываюцца ў свеце і нашым беларускім грамадстве.
У першую чаргу яны праяўляюцца ў тым, што сучаснаму чалавеку бракуе «пункту аднясення». Ён не мае духоўнага фундаменту, духоўна паранены і думае выключна толькі пра сябе. Не прымае існавання абсалютнай праўды і ёю лічыць тое, што яму такім падаецца. Такім чынам маральнае зло для яго можа быць маральным дабром.
Каб несці эфектыўную дапамогу такім людзям, святар сам павінен стаць сапраўдным слугой Божай міласэрнасці па вобразу Найвышэйшага святара Езуса Хрыста.
3. Евангелле прадстаўляе нам Езуса як вобраз Міласэрнага Айца. У Ім міласэрны нябесны Айцец з’явіўся ў чалавечым целе, з чалавечым сэрцам і тварам, каб быць блізка людзей і каб яны маглі дакрануцца да Божай міласэрнасці. Яна праявілася ў вучэнні Езуса, у Яго клопаце пра бедных і патрабуючых, а наймацней — у пасхальнай таямніцы Крыжа і Змёртвыхпаўстання.
Праз паслугу Касцёла гэты працэс трывае і будзе трываць заўсёды. Святы Ян Павел II у энцыкліцы «Багаты ў міласэрнасці Бог» вучыць, што невычарпальнай з’яўляецца воля Бога Айца прымаць ў свой дом марнатраўных сыноў і бязмежнай — гатоўнасць і моц прабачэння, якія выплываюць з неабмяжаванай каштоўнасці ахвяры Езуса.
Ніякі грэх не перавышае і не абмяжоўвае яе, акрамя браку добрай волі да навяртання чалавека (пар. DM 13). У Езусе Хрысце Бог чакае грэшніка, шукае яго і заклікае, каб паяднаўся з Ім у сакрамэнце пакаяння (пар. RP 10).
4. Моцаю прэзбітэрскага пасвячэння, наследуючы Хрыста, святар становіцца вобразам Яго міласэрнасці.
4.1. Найперш ён павінен абвяшчаць мацнейшую за самы вялікі грэх Божую міласэрнасць. Да гэтага нас заклікае крызіс практыкі сакрамэнту пакаяння і паяднання. Людзі часта кажуць, што не грашаць і таму не маюць патрэбы спавядацца, што далёка не так. Нездама св. Ян апостал вучыць, што той, хто кажа, што ён без граху, то памыляецца і ў ім няма праўды (пар. 1 Ян 1, 8).
Святы Айцец Францішак, які з’яўляецца ўвасабленнем Божай міласэрнасці, публічна прызнае сябе грэшнікам. Таму нам, святарам, неабходна прыпамінаць людзям аб бязмернай Божай міласэрнасці, якая не выключае нікога.
Неабходна таксама звяртацца да парабалы аб марнатраўным сыне, якую на самой справе можна назваць парабалай аб міласэрным Айцу (пар. Лк 15, 11-32).
Яна нас вучыць аб тым, што нават самы грэшны чалавек заўсёды мае магчымасць аднавіць сваю годнасць, бо Божая любоў вышэй за самы вялікі грэх. Яна гатова з радасцю прыняць кожнага, хто вяртаецца дамоў і нават шчодра яго абдараваць, бо сын, які духоўна памёр, ажыў да новага жыцця і такім чынам яго чалавечая годнасць адрадзілася.
Усё гэта нагадвае аб тым, што Бог пахіляецца над кожным марнатраўным сынам, над яго маральным убоствам і грахом. Ён чыніць гэта для таго, каб чалавек, які дасвядчае міласэрнасць, не адчуваў сябе прыніжаным, але тым, хто знайшоўся, бо дасвядчае радасць Айца, да Якога ён вярнуўся.
4.2. Святар з’яўляецца распарадчыкам Божай міласэрнасці. Чыніць гэта найперш праз цэлебрацыю сакрамэнту пакаяння. Дзякуючы гэтаму Бог схіляецца над нашымі ранамі і дае мацнейшы за хваробу лек і мацнейшую за віну міласэрнасць. Такім чынам, дзякуючы Божай любові, мы ізноў паўстаем з граху да Боскага жыцця.
У Юбілейным Годзе Міласэрнасці неабходна вярнуцца да належнага выконвання функцыі спаведніка, каб даць магчымасць людзям дасведчыць ласкі Божай міласэрнасці, каб яны ведалі, што Бог іх не адрынуў, але любіць і разумее. Такім чынам, дзякуючы святару, вернікі могуць перажываць дасведчанне марнатраўнага сына.
Святы Айцец Францішак шмат ўвагі прысвячае цэлебрацыі сакрамэнту пакаяння і вучыць, што ніколі нельга асуджаць пенітэнта. Неабходна асуджаць грэх, а не грэшніка. Канфесіянал — гэта не месца катавання, але месца Божай міласэрнасці, якая заахвочвае нас чыніць дабро (пар. EG 44).
Грэшнік прыходзіць да Хрыста ў асобе святара і таму той павінен дапамагчы яму на гэтым шляху, бо ў адваротным выпадку мы пакінем грэшніка ў палоне зла.
4.3. Нарэшце святар павінен быць сведкам Божай міласэрнсці. Абвяшчэнне Божай міласэрнасці і адароўванне ёю ў сакрамэнце пакаяння становяцца найбольш плённымі, калі іх дапаўняе асабістае сведчанне святара.
Такой з’яўляецца логіка Евангелля. Хрыстус даручыў місію прабачэння і паяднання тым, хто перад гэтым сам дасведчыў Яго міласэрнасць. Каб стаць добрым спавядніком, найперш неабходна быць добрым пенітэнтам.
Папа Францішак ясна вучыць, што для плённага служэння ў сакрамэнце паяднання, святар сам павінен з яго карыстацца як найчасцей (пар. MV 17), бо існуе ўнутраная сувязь паміж духоўным жыццём спаведніка і выконваннем яго функцый. Добрым распарадчыкам сакрамэнту пакаяння можа быць толькі той святар, які сам чэрпае з сакрамэнтальнай крыніцы ласкі паяднання.
Пантыфік падкрэслівае, што спаведнікі павінны быць вернымі слугамі прабачэння. Таму яны з радасцю павінны прымаць пенітэнтаў, як айцец прыняў марнатраўнага сына, і быць знакам перавагі міласэрнасці (пар. MV 17).
5. Аднойчы Святому Айцу Пію XI яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя прынеслі да зацвярджэння прапанову інтэнцый малітваў на чарговы месяц, у якой было напісана: «Каб Бог паслаў больш святароў». Тады Святы Айцец паправіў: «Каб Бог паслаў больш святых святароў».
Сучасны свет патрабуе святароў, бо жніво вялікае, але працаўнікоў мала. Аднак у той сам час ён патрэбуе святых працаўнікоў. Бо толькі святы і ахвярны святар, які жыве місійным духам, можа стаць у сучасным секулярызаваным свеце сведкам Хрыста, Яго Евангеля і міласэрнасці.
Благаслаўлёны Папа Павел VI казаў, што сучасны чалавек ахвотней слухае сведкаў ніж настаўнікаў, а калі і слухае іх, то толькі таму, што яны з’яўляюцца сведкамі (пар. EN 41).
6. Дарагія браты ў святарстве!
Пакліканне да святарства — гэта вялікі Божы дар. Езус кажа, што не мы Яго выбралі, але Ён нас выбраў і паслаў, каб мы ішлі і прыносілі плён і каб наш плён трываў (пар. Ян 15, 16). Таму мы павінны заўсёды памятаць аб тым, што без Езуса мы нішто.
Сабраўшыся сёння вакол алтара, мы павінны накіроўваць наш позірк на Езуса з надзеяй, што Ён і далей дапаможа нам узрастаць у веры, надзеі, любові і пастырскай актыўнасці. Ён яднае нас у адзінае беларускае святарства. Ён грэе нашы сэрцы сваім словам. Ён у Эўхарыстыі дае нам новае жыццё. Ён падтрымлівае святарскае братэрства. Ён аднаўляе Касцёл, разганяе хмары часу і дазваляе бачыць справы Духа Святога. Ён аднаўляе любоў да душаў, місійны дух і пастырскую актыўнасць. Ён не стамляецца паўтараць: «Не бойцеся. Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20).
У кожнага з нас свой большы ці меншы досвед святарскага служэння. Сёння добрая магчымасць зрабіць рахунак сумлення, асабліва адносна таго, ці ў нашым святарскім служэнні Езус займае першае месца? Ці мы па Яго прыкладзе з’яўляемся слугамі Божай міласэрнасці, ці яго абвяшчаем, ці з’яляемся годнымі распарадчыкамі і, урэшце, ці сведчым пра яго кожны дзень нашага служэння?
Няхай Марыя, Маці Міласэрнасці і Валадарка азёраў з Браслаўскага санктуарыя, выпрасіць у свайго Сына патрэбныя ўсім нам ласкі і благаславіць на шляху служэння Божай міласэрнасці. Амэн.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Павел VI. Апостальская адгартацыя «Evangelii nuntiandi» (EN). 2. Ян Павел II. Энцыкліка «Dives in misericordiae» (DM). 3. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя «Reconciliatio et paenitentia» (RP). 4. Францішак. Апостальская адгартацыя «Evangelii gaudium» (EG). 5. Францішак. Була абвяшчэння Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці «Misericordiae vultus» (MV).
|
|
|