Калі я зацікаўлены ў адзінстве хрысціян, што я магу зрабіць? |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча |
30.08.2011 15:53 |
Калі такое пытанне з’яўляецца ў думках веруючага чалавека, то, як кажа Катэхізіс, — гэта дар Хрыста і заклік Духа Святога ў душы1. Не варта марнаваць гэтай ласкі. Там жа далей Катэхізіс тлумачыць, што гэтае імкненне ажыццяўляецца праз навяртанне сэрца, малітву, узаемнае братэрскае пазнанне, тэалагічны дыялог. Паспрабуем паразважаць пра гэта. Прычынаю падзелаў паміж хрысціянамі і паўстання розных канфесій з’яўляецца грэх. Розныя іншыя фактары — палітычныя, гістарычныя, ідэалагічныя і г. д. — маглі прыспешыць або затрымаць падзел, але прычынай таго, што канкрэтныя групы хрысціян не вытрывалі і паддаліся спакусе раздзялення, заўсёды застаецца грэх нявернасці евангельскаму пакліканню і найважнейшаму загаду любові. І адбывалася гэта часта не без віны людзей з аднаго і другога боку2. Таму шлях да адзінства ідзе праз навяртанне, праз цяжар працы любові — можа, і нялёгкі. Але Катэхізіс кажа менавіта пра навяртанне сэрца. Сапраўды, можна рупліва выконваць хрысціянскія абавязкі, рабіць добрыя ўчынкі, але толькі вернае хрысціянскае сэрца будзе адчуваць боль і ніколі не згодзіцца з тым, што ў Каталіцкім Касцёле і ў Праваслаўнай Царкве на алтар сыходзіць той самы Пан Езус і мы разам збіраемся вакол Яго, але... ніколі разам, католікі і праваслаўныя, мы сабрацца не можам, бо мы падзелены. Прычынай падзелу з’яўляецца грэх, а галоўны з грахоў — пыха. Гэта яна чыніць так, што нам лёгка заўважыць заганы ў іншых, а свае — не3. Пыха схіляе нас казаць: «Гэта праваслаўныя аддзяліліся ад нас, няхай яны і навяртаюцца», або штосьці падобнае. Бр. Яраслаў Крыловіч |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com |