Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Звышпрыроднае пачуццë веры Божага народу
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
18.03.2013 12:52

Перад тым, як у кантэксце мiжканфесiйнага дыялога закрануць тэму беспамылковага навучання Бiскупа Рыма, варта глыбей задумацца над сэнсам паняцця «звышпрыроднае пачуццë веры Божага народу», пра якое чытаем у Катэхiзiсе.

Праваслаўны тэрмiн «соборный разум Церкви» можна лiчыць адпаведнiкам тэрмiна «звышпрыроднае пачуццë веры Божага народу» (лац. sensus fidei, sensus fidelium). Асмелюся выказаць меркаванне, што добрае разуменне гэтага паняцця з’яўляецца ключом для плëннага дыялога з праваслаўнымi. Справа ў тым, што фактычна праваслаўныя вернiкi тут, у зямной Царкве, не прызнаюць iншага аўтарытэту беспамылковага навучання, як толькi голас «соборного разума Церкви»1.

Дагматычная Канстытуцыя пра Касцëл Другога Ватыканскага Сабору сцвярджае:

Уся супольнасць вернiкаў, якiя маюць намашчэнне ад [Духа] Святога, не можа памылiцца ў веры i выяўляе сваю адметнасць праз звышпрыроднае пачуццë веры ўсяго народу, калi, пачынаючы ад бiскупаў аж да апошняга са свецкiх вернiкаў, яна праяўляе сваю ўсеагульную згоду ў пытаннях веры i звычаяў2.

А вось цытата з Кампендыя Катэхiзiса:

Дэпазiт ( = скарб) веры даручаны праз Апосталаў усëй супольнасцi Касцëла. Увесь Божы народ са звышпрыродным пачуццëм веры праз падтрымку Духа Святога i пад кiраўнiцтвам Настаўнiцкага Iнстытута Касцëла прымае Божае Аб’яўленне, усë больш спасцiгаючы яго i жывучы iм3.

Такім чынам кожны вернік, па прычыне таго, што мае намашчэнне ад Духа Святога, паводле свайго паклікання і месца ў Касцёле, з’яўляецца адказным за захоўванне і пераказванне дэпазіту Божага Аб’яўлення. Пры гэтым існуе ўстаноўленая Богам гармонія: свецкія вернікі здзяйсняюць сваю долю адказнасці пад кіраўніцтвам біскупаў — наступнікаў Апосталаў.

Асаблівай увагі заслугоўвае тое, што ўся супольнасць Касцёла праяўляе ўсеагульную згоду. Можа здавацца, што гэта немагчыма, бо часцей за ўсё ў жыцці мы сутыкаемся з розніцай поглядаў, існаваннем нейкай большасці і меншасці. Ян Павел ІІ у сваіх катэхезах пра Касцёл так набліжаў нас да разумення звышпрыроднага пачуцця веры: «Гэта згода не з’яўляецца вынікам рэферэндума або плебісцыту. Яе можна правільна зразумець толькі тады, калі ў памяці захоўваюцца словы Хрыста: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям»4. А ў іншым месцы дадаў: «Звышпрыроднае пачуццё веры не складаецца толькі і выключна з супольнага меркавання вернікаў. Касцёл, ідучы за Хрыстом, навучае праўдзе, якая не заўсёды згаджаецца з поглядамі большасці. (…) Ён з павагай ставіцца да сацыялагічных і статыстычных даследванняў, (…) але самыя гэтыя даследванні нельга лічыць выразам пачуцця веры»5.

Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на неабходнасць адрознення сапраўднага пачуцця веры ад яго фальсіфікатаў: «Пачуццё веры не з’яўляецца свайго роду касцёльнай грамадскай думкай і нельга казаць аб ім, каб супрацьпастаўляць яго навучанню касцёльнай іерархіі, бо пачуццё веры можа па-сапраўднаму развівацца ў верніку толькі настолькі, наколькі ён удзельнічае ў поўні ў жыцці Касцёла»6.

Такім чынам, пачуць голас усеагульнай згоды Касцёла і далучыцца да яго — гэта духоўнае заданне, да якога пакліканы кожны вернік і якое патрабуе намагання, пераадолення рэлігійнай абыякавасці, як мага поўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла паводле свайго месца і паклікання. Вучыцца слухаць пачуццё веры Касцёла асабліва важна, як было сказана на пачатку, у кантэксце экуменічнага дыялога з праваслаўнымі, бо толькі такім шляхам можна зразумець іх погляды і аргументацыю. Асмелюся выказаць меркаванне, што менавіта таму Ян Павел ІІ у сваім Апостальскім пасланні да ўсходніх хрысціянаў «Святло Усходу» на пачатку разважанняў напісаў:

Я ў думках звяртаюся да хрысціянскай спадчыны Усходу. Я не маю намеру ані апісваць яе, ані тлумачыць: я ўслухоўваюся ў голас Касцёлаў Усходу, якія застаюцца жывымі тлумачальнікамі скарбу традыцыі, якую яны захоўваюць»7.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. Праваслаўная Энцыклапедыя, Авторитет в Православии.
  2. Дагматычная Канстытуцыя пра Касцёл, 12.
  3. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 15.
  4. Ян Павел ІІ, Веру ў Касцёл …, 32,8.
  5. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 5 (пар. польскі тэкст).
  6. Бэнэдыкт XVI, Прамова да членаў Международнай Тэалагічнай Камісіі 07.12.2012 г.
  7. Ян Павел ІІ, Апостальскае пасланне Orientale lumen, 5 (пар. польскі тэкст).


 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння