Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сведкi адзiнства. Св. Максiм Вызнаўца
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
20.07.2013 20:35

У другой палове I тысячагоддзя памiж рыма-лацiнскiм i вiзантыйска-грэчаскiм хрысцiянскiмi асяроддзямi ўжо накрэслiлася яснае адрозненне ў тэалогii, касцëльным жыццi i звычаях. Хто ж яшчэ, як не святыя тых часоў, могуць навучыць нас жыць у эўхарыстычным адзiнстве з шанаваннем iснуючых адрозненняў?

Святы Максiм Вызнаўца (бiяграфiю можна пачытаць тут i тут), яскравы прадстаўнiк вiзантыйскай хрысцiянскай традыцыi, выдатны багаслоў i прыклад аскетычнага жыцця, па волi Божай на працягу даволi доўгага часу быў цесна звязаны з лацiнскiм паўночна-афрыканскiм i рымскiм асяроддзем, а таксама асабiста быў знаëмы з некалькiмi Рымскiмi Папамi i прымаў актыўны ўдзел ў арганiзацыi i працах Латэранскага сабору 649 г. у Рыме. На пачатку прывяду некалькi цытатаў з яго выказванняў, якiя варта ведаць.

Святы Максiм абараняў заходнюю практыку дадавання ў веравызнаннi слоў Фiлiокве (Filioque, лац. «i Сына»), тлумачачы, што рымляне гэтым толькі імкнуцца падкрэсліць адзінасутнасць і непадзельнасць Святой Тройцы1. Кажу пра гэта толькі коратка, бо тэма Фiлiокве патрабуе асобнага цыклу разважанняў. А вось у кантэксце папярэдніх артыкулаў крыху падрабязней прывядзем некаторыя выказваннi св. Максiма, якія датычаць асаблiвай ролi бiскупа Рыма i Рымскага Касцëла.

У адным са сваiх лiстоў ëн прыводзiць словы прадстаўнiкоў новаабранага Папы, якія прыбылі ў Канстанцiнопаль:

«Рымскi Касцëл (...) дагэтуль з'яўляўся старэйшым сярод Касцëлаў (...) Гэта кананiчна вынiкае паводле сабораў, i апосталаў, i таксама ад найвышэйшага iх галавы [Пятра]. (...) i [Рымскi Касцëл] не павiнен пiсаць нiкому справазданняў i рассылаць (...), тым часам, як iншыя [Касцëлы] у гэтых справах аднолькава яму падпарадкаваныя, згодна са святым правам».

I далей словы св. Максіма:

«Такiя словы без боязi, але ў святой i праведнай упэўненасцi казалi яны клiрыкам царскага горада, гэтыя верныя слугi сапраўднага i непераможнага Каменя («Петры»), г. зн. найвялiкшага Апостальскага Касцëла, (...) паказваючы чысцiню i праваслаўнасць сваëй веры»2.


Iншы ўрывак з’яўляецца адказам намеснiку Афрыкi на пытанне, цi прызнаваць Пiрра патрыярхам:

«Калi Рымскi Пасад не прызнае Пiрра, то кожны, хто анафемствуе асуджаючых Пiрра, той анафемствуе Рымскi Пасад, г. зн. Каталiцкi Касцëл, што азначае — анафемствуе самога сябе, калi ëн яшчэ знаходзiцца ў адзiнстве з Рымскiм Пасадам i з Каталiцкім Касцëлам Бога. Таму прашу цябе, мой правiцель, не называць Пiрра «свяцейшым» або «блажэннейшым» (...), бо адлучаны ад Апостальскага Пасаду горада Рыма (...), аж пакуль не будзе ëн, звярнуўшыся да яго, прыняты назад, або, лепей сказаць, да Пана Бога нашага (...). Перад усiм, няхай паспяшыць апраўдацца перад Рымскiм Пасадам, i калi ëн перад iм апраўдаецца, то ўсе назавуць яго пабожным i праваслаўным. Дарма трацiць словы той, хто намераны пераканаць i перахiтрыць такiх, як я, а не ўпрошвае i не схiляецца перад блажэннейшым Папам свяцейшага Рымскага Касцëла, г. зн. Апостальскiм Пасадам, якi ад самога Уцелаўлёнага Бога-Слова, а таксама ад святых Сабораў, згодна са святымi канонамi i пастанаўленнямi, атрымаў i мае ўпаўнаважанне, i аўтарытэт, i ўладу ўва ўсiм i праз усë, i адносна ўсiх без выключэння святых Божых Касцëлаў, колькi iх iснуе на зямлi, звязваць i развязваць, так як на небе звязвае i развязвае Само Слова, пануючае над Нябеснымi Сiламi. Калi ж [Пiрр] думае, што трэба прымiрыцца з iншымi, а не ўпрошвае блажэннейшага Рымскага Папу, то становiцца ëн падобным да таго, хто абвiнавачаны ў забойстве, хоча даказаць невiноўнасць перад iншымi, прыватнымi асобамi, якiя не маюць улады зняць з яго абвiнавачванне»3.

Ëсць i iншыя падобныя выказваннi святога, аднак здаецца, што не варта з iх рабiць сваеасаблiвую «зброю» для палемiкi. Тым больш, што ў праваслаўных паўсталi апрацаваннi з аргументацыяй, якая, як здаецца iх аўтарам, значна аслабляе выразнасць прыведзеных цытатаў4.

Прапаную звярнуць большую увагу на iншае. Сучасныя праваслаўныя падручнiкi па параўнальным багаслоўi (напр. «Западное христианство. Взгляд с Востока» або «Хрестоматия по сравнительному богословию») выразна падкрэслiваюць, што трагiчны падзел Касцëла на пачатку 2-га тысячагоддзя быў толькi вынiкам працэсу, якога пачаткi можна заўважыць ужо ў IV стагоддзi. У гэтым выпадку, калi дапусцiць iснаванне чагосцi такога, як «ерась папiзму» або «ерась фiлiокве», то ўсе гэтыя погляды ў значнай ступенi ўжо былi прысутныя ў рымскiм асяроддзi сярэдзiны VII стагоддзя. Вельмi цяжка паверыць у тое, што багаслоў такога ўзроўню, як св. Максiм Вызнаўца, якi добра пазнаў самасвядомасць Папаў i погляды рымскага духавенства, небяспекi развiцця гэтых так званых «ерасяў» мог не заўважыць. Але ж не знаходзiм анiякiх слядоў крытыкi лацiнскай тэалогii ў яго выказваннях, нават у асабiстых лiстах да блiзкiх яму асобаў. Застаючыся ў сваiм мысленнi, як паказвае Ж. К. Ларшэ, прадстаўнiком усходняй дагматыкi i эклезiялогii, як мы бачым, ëн не супрацьпастаўляе дагматыку з Фiлiокве i без Фiлiокве, не лiчыць, што вярхоўная пастырская ўлада Рымскага Папы супярэчыць эклезiялогii саборнасцi. Хутчэй, як пэўнае адхiленне ад старажытнага праваслаўя, выглядае, калi можна так назваць, лацiнафобiя сучасных праваслаўных (пар. вышэй названыя падручнiкi), якой абсалютна не было ў св. Максiма Вызнаўцы.

Iншая выснова, якую можна зрабiць, — гэта тое, што дагматычныя акрэсленнi Першага Ватыканскага Сабору адносна ролi бiскупа Рыма, калi iх правiльна разумець, ужо iснавалi, хоць не ў форме дагмату, а ў форме свядомасцi Рымскіх Пантыфікаў і большасцi вернікаў у рымскiм асяроддзi сярэдзiны VII стагоддзя. I, што важна, гэтыя эклезiялагiчныя погляды адлюстроўваюцца ў выказваннях св. Максiма Вызнаўцы выключна ў форме пазiтыўнай.

Святы Максіме, маліся за нас, падзеленых хрысціянаў! Дапамажы нам вярнуцца да эўхарыстычнага адзінства, захоўваючы пашану да дапушчальнай адменнасці ў спосабах пазнання Божых таямніцаў.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Цытата патрабуе больш дакладнага аналізу лацінскай і грэчаскай тэрміналогіі. Адзін з варыянтаў яе перакладу на рускі можна знайсці ў Ж. К. Ларшэ «Преп. Максим Исповедник – посредник между Востоком и Западом», гл. 1, Вопрос о Filioque.
  2. Ліст св. Максіма да ігумена Фаласія.
  3. Багаслоўска-палемічны трактат XII.
  4. Напрыклад, кніга Ж. К. Ларшэ «Преп. Максим Исповедник – посредник между Востоком и Западом».


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння