Пачаткаў масавага ўжывання сярод праваслаўных вернiкаў словаў «унiят», «унiяцтва» трэба шукаць, як здаецца, у падзеях, звязаных з падпiсаннем Лiëнскай унii (1274 г.). Заканчвалася эпоха крыжовых паходаў, якая была вельмi складанай для экуменiчнага дыялогу.
Iнiцыятарам унii быў вiзантыйскi iмператар Мiхаiл III Палеолаг1. Пасля адваявання ў 1261 г. вiзантыйцамi сваëй сталiцы Канстанцiнопаля, якi быў захоплены заходнiмi хрысцiянамi падчас крыжовых паходаў, заставалася небяспека новых ваенных паходаў з Захаду на iмперыю, якая адраджалася. Многiя гiсторыкi тлумачаць факт падпiсання касцëльнай унii на Саборы ў Лiëне толькi палiтычнай гульнëй Мiхаiла Палеолага. Не будзем адкiдваць гэтых матываў, аднак, улiчваючы, што быў ëн чалавекам высокай iнтэлiгенцыi i здольным палiтыкам, паўстаюць пытаннi адносна падобных спрошчаных тлумачэнняў яго паводзiн. Цi вiзантыйскi iмператар не бачыў, што заходнiя ўладцы, нягледзячы на касцëльнае адзiнства, памiж сабою таксама вялi войны, а некаторыя з iх нават трывалi ў доўгiх збройных канфлiктах з Рымскім Папам? Чаму Мiхаiл Палеолаг застаўся верны унii аж да канца свайго жыцця, хаця лëс яе складаўся вельмi драматычна (аб чым гаворка будзе далей)?
Сам падыход Мiхаiла Палеолага да адраджэння Вiзантыйскай iмперыi, яго вяртанне да старажытных дварцовых традыцый дазваляе сказаць, што бачыў ëн сябе як бы новым Канстанцiнам Вялiкiм або Юстыніянам, а факт вельмi ўдалага здабыцця сталiцы здаваўся пэўным Божым знакам, пацвярджаючым такую яго самасвядомасць. Такiм чынам, Мiхаiл, як iмператар Адзiнай Рымскай Хрысцiянскай Сусветнай iмперыi, адчуваў адказнасць перад Богам за адзiнства ўсіх хрысцiянаў, як i ўсе яго папярэднiкi першага тысячагоддзя. А адзiнства з Рымскiм Касцëлам было вельмі важным аспектам iдэi хрысціянскай Рымскай iмперыi2. Адначасова меў ëн перакананне, што лацiнскае дабаўленне «i Сына» ў сiмвале веры не скажае праваслаўнай веры. А тым больш не скажаюць яе адрозненнi ў звычаях i факт падпарадкавання ўладзе бiскупу Рыма. Магчыма, таму справа адбудавання адзiнства з Рымскiм Папам i заходнiмi хрысцiянамi знайшлася ў яго палітыцы сярод найбольш прыярытэтных.
Аднак сітуацыя ў другой палове XIII стагоддзя была вельмі складаная. З аднаго боку, Рымскія Папы займалі ў тым часе вельмі бескампрамісную пазіцыю, таму імператар Міхаіл Палеолаг не меў іншай магчымасці экуменічнага дыялогу, як толькі звярнуцца да Пантыфіка з просьбай прыняць «блуднага сына» і без дыскусій згадзіцца на ўсе ўмовы уніі, прадстаўленыя Папам. З іншага боку, візантыйцы — духавенства, манахі, просты народ — адчувалі пасля крыжовых паходаў вялікую варожасць да «лацінян», г.зн. заходніх хрысціянаў, у тым ліку і да Рымскага Папы, а ў сярэднявечнай рэлігійнай свядомасці гэта спалучалася з абвяшчэннем «лацінян» ерэтыкамі. І тут, на жаль, імператар Міхаіл не бачыў іншай магчымасці, як прадстаўляць свайму народу унію з Рымам толькі ў выглядзе выключна палітычнай справы дзеля бяспекі дзяржавы. Няма чаго дзівіцца, што сярод пабожных вернікаў, а асабліва манахаў, паўстала моцная апазіцыя, сцвярджаючы, што нельга здраджваць веры дзеля палітыкі. Імператар абраў шлях насілля і рэпрэсій для ўсталявання уніі. З’явіліся мучанікі, вызнаўцы, выгнаннікі, а народная свядомасць успрымала іх як церпячых за праваслаўную веру. Для параўнання варта заўважыць, што раней, напрыклад пры імператары Юстыніяне, таксама выкарыстоўваўся дзяржаўны націск і насілле для ўсталявання адзінства з Рымам, але масавы настрой вернікаў ў тыя часы быў зусім іншы.
Была яшчэ адна акалічнасць, якая значна памяншала аўтарытэт Міхаіла Палеолага — ён немаральна прыйшоў да ўлады, асляпіўшы малалетняга наследніка папярэдней дынастыі, якому прысягаў вернасць і апеку. Таму сярод манаства і пабожных вернікаў паўстала яшчэ адна апазіцыйная партыя, заклікаючы імператара адрачыся ад трону.
Лёс Ліёнскай уніі складаўся вельмі драматычна. Імператар Міхаіл Палеолаг узмацняў рэпрэсіі для ўвядзення адзінства з Рымам, а тым часам Папа Марцін IV у 1281 г. не прыняў пасланцоў імператара (праз якіх імператар хацеў павіншаваць Папу з абраннем) і экскамунікаваў Міхаіла Палеолага за адсутнасць рэальных поспехаў уніі3. Нават пасля гэтага імператар не змяніў сваёй пазіцыі адносна адзінства з Рымам. У 1282 г. ён памёр, а яго сын — імператар Андронік — падтрымаў супраціўнікаў уніі. Міхаіл Палеолаг быў пахаваны без хрысціянскага абраду, як ерэтык, за мурамі горада. Усе прыхільнікі уніі былі пакараныя, а святыні, у якіх разам з праваслаўнымі маліліся «лаціннікі» і ўспаміналася імя Папы, нанова асвечаныя. Пераследаваныя супраціўнікі уніі пачалі шанавацца як святыя ў літургіі.
Аднак гэты аповед з’яўляецца далёка не поўным, калі абмяжуемся толькі асобай імператара Міхаіла. Працяг у наступнай частцы артыкула. Бр. Яраслаў Крыловіч - Багаты матэрыял на гэтую тэму можна знайсці ў Ф. І. Успенскага «Гісторыя Візантыйскай імперыі» том 5, гл. 5, аднак варта адрозніваць у тэксце самі гістарычныя факты ад прыпісаных асобам матываў і думак, якія аўтар не мог бачыць. У каталіцкіх гісторыкаў пар. Й. Лортц «Гісторыя Касцёла» §54, ІІ-4 і §54, ІV; ks. Marian Banaszak «Historia Kościoła Katolickiego», tom 2, rozd. 29.
- Пар. пачатак праўлення Юстыніяна: Ф. І. Успенскі, там жа, т.1, ч.3 (перыяд 2), гл.1.
- Пар. Encyklopedia kościelna, t.13, s.402 (404).
|