Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фларэнтыйская унія 1439 года (частка І)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
15.03.2014 16:50

Была гэта найвялікшая, як дагэтуль, спроба паяднання паміж католікамі і праваслаўнымі. Паспрабуем дакладней паразважаць над гэтай важнай падзеяй з гісторыі Касцёла, каб больш аб'ектыўна ацаніць пазнейшыя падзеі Берасцейскай уніі, а таксама каб лепш зразумець сучасные праблемы міжканфесійнага дыялогу.

Крыху раней была гаворка пра тое, што ініцыятывы паяднання ў XIII-XIV стст. паходзілі перадусім ад візантыйскіх імператараў. Гэта лагічна вынікала са старажытнай традыцыі, што імператар склікаў паяднаўчыя сусветныя саборы і быў адказны за адзінства хрысціянаў. З іншага боку, Рымскі Пантыфік не згаджаўся на дыскусію на саборы «на роўных» адносна дагматычных пытанняў, якія былі канчаткова вырашаныя на папярэдніх саборах. Такім чынам, Рым адносна грэкаў захоўваў больш ультыматыўную пазіцыю: грэкі павінны былі прызнаць дагматычнае навучанне Рыма-Каталіцкага Касцёла без дыскусіі. Варта адзначыць, што такая пазіцыя не была абавязкова праявай высакамернасці або пыхі, але таксама абапіралася на старажытнай традыцыі. Напрыклад, падобным чынам адбывалася паяднанне ўжо ў 519 г. пасля першай паважнай схізмы1.

У 1378 —1417 гг. хрысціянскі Захад перажыў моцны крызіс улады Рымскага Папы. Пры наяўнасці аднаго або нават двух «антыпапаў» паўстала сітуцыя, што цяжка было разабрацца, які Пантыфік з'яўляецца сапраўдным. Таксама на Захадзе ў тыя гады развіўся моцны тэалагічны рух, які падкрэсліваў перавагу саборных рашэнняў2. У гэтым кантэксце Рымскі Папа Яўгеній IV вырашыў адысці ад папярэдняй касцёльнай практыкі і згадзіўся склікаць Сусветны Сабор разам з грэкамі, на якім «на роўных» будуць абмяркоўвацца дагматычныя адрозненні і будзе выпрацавана паяднаўчая формула веры3. Папа, нягледзячы на слабы матэрыяльны стан курыі, абяцаў фінансаванне Сабору, бо Візантыйская імперыя ўвогуле знаходзілася на скраю пагібелі. Колькасць прадстаўнікоў ад Праваслаўнай Царквы была дастатковая, каб гэты Сабор мог быць прызнаны за Сусветны. Былі таксама дэлегаты ад Русі, Малдава-Румыніі і Грузіі. Хаця грэкаў падштурхоўвала да ўдзелу пагроза турэцкага панавання, аднак была сярод іх і надзея, што Сабор вырашыць тэалагічныя супярэчнасці. Прынамсі, не было байкатавання гэтай ініцыятывы нават з боку супраціўнікаў уніі.

У канцы 1438 г. візантыйскі імператар з вялікай дэлегацыяй (каля 700 чалавек, хаця біскупаў сярод іх было толькі 20-30) вырушыў у Феррару на поўначы Італіі4. Потым да іх далучылася шматлікая дэлегацыя ад Маскоўскай Русі і іншыя. Слаба былі прадстаўлены на Саборы землі, занятыя туркамі і арабамі.
 
На жаль, ужо пачатак справы аслабіў удзельнікаў і казну рымскай курыі: доўгае (больш трох месяцаў) падарожжа, а потым — адкладанне імператарам распачацця Сабору і вырашэння тэалагічных пытанняў, да якіх прыступілі аж толькі ў чэрвені. Але, калі нарэшце распачаліся тэалагічныя дыскусіі, то вельмі часта былі яны малаплённымі і стомнымі па прычыне непадрыхтаванасці Сабору папярэднімі кансультацыямі і супрацоўніцтвам. Сутыкнуліся два адменныя багаслоўскія падыходы і здавалася, што паяднанне так розных хрысціянскіх традыцый перавышала здольнасці ўдзельнікаў Сабору. Да ўсяго дадалася яшчэ эпідэмія, якая пачалася ў горадзе, таму ў студзені 1439 г. Сабор быў перанесены ў Фларэнцыю. Тут ужо імператар і Папа пачалі прадпрымаць усё магчымае, каб прыспешыць працы Сабору і падпісаць акт уніі. Напрыклад, часта гісторыкамі ўзгадваецца факт, што пачалі паніжаць дэлегатам сродкі на ўтрыманне, каб яны хутчэй дамаўляліся паміж сабою. Сапраўды, казна рымскай курыі тады была бедная, але варта адзначыць, што ў Рыме падобным чынам рабілі таксама і пры выбарах Папы, калі яны зацягваліся5. Нарэшце былі выпрацаваныя паяднаўчыя формулы веры. Можна сказаць, што ўдзельнікі Сабору зрабілі ўсё, на што былі здольныя, але, на жаль, вынікі прац Сабору не задавальнялі пераважную большасць прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы. Канчатковы акт уніі не падпісалі грузінская дэлегацыя і аўтарытэтны мітрапаліт Эфескі Марк, пра якога па некаторых крыніцах Папа Яўгеній IV меўся сказаць: «Калі Марк Эфескі не падпісаў, то анічога мы не дасягнулі!» Пераважная большасць падпісала акт уніі, і ён быў урачыста абвешчаны 10 ліпеня 1439 г. У Канстанцінопалі дэлегатаў чакалі прасякнутыя антылацінскімі настроямі народ, духавенства і манахі. Вельмі хутка біскупы пачалі адракацца ад сваіх подпісаў, таму праваслаўных, сапраўды верных уніі, амаль не засталося. У свядомасці большасці ўсходніх хрысціян «унія» пачала лічыцца тым самым, што «здрада праваславію».

Галоўнымі персанажамі вышэй апісаных падзей з грэчаскага боку былі Марк, мітрапаліт Эфескі, Вісарыён, мітрапаліт Нікейскі, Ісідор, мітрапаліт Маскоўскі, а таксама апошнія візантыйскія імператары. Пра іх мы раскажам падрабязней у наступных частках артыкула.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. Правасл. Энцыклапедыя, Акакианская схизма (апошнія некалькі сказаў)
  2. Пар. Каталіцкая Энцыклапедыя, Великий западный раскол і Концилиарное движение.
  3. Пар. Вильгельм де Фрис «Православие и Католичество», ч. ІІ-ІІ,4;  ks. Marian Banaszak «Historia Kościoła Katolickiego», tom 2, rozd. 29.
  4. Пар. А. Дворкин «Очерки по истории Вселенской Правосл. Церкви», ч.3, гл.14 «Ферраро-Флорентийский собор»
  5. Пар. M. Szewczyk «Konklawe», Konklawe pod gołym dachem.

 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння