Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фларэнтыйская унія 1439 года (частка ІІ)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
08.05.2014 13:43

Каб зразумець падзеі, звязаныя з Фларэнтыйскай уніяй, неабходна прасачыць увесь ход палемікі, якую вёў Марк Еўгенік (Эфескі), які ў той час, як здаецца, меў найбольшы інтэлектуальны і духоўны аўтарытэт у візантыйскім царкоўным асяроддзі.

Гэты выбітны духоўны лідар, які ў Праваслаўнай Царкве шануецца як святы, з'яўляецца постаццю знакавай, бо ён накрэсліў для праваслаўных вернікаў выразную мяжу падзелу паміж каталіцкай і праваслаўнай канфесіяй. Пратэст Марка Еўгеніка (Эфескага) супраць царкоўнага паяднання і ў сучасным праваслаўным асяроддзі гучыць актуальна. Напрыклад, нельга абмінуць факту, што днём інтранізацыі Патрыярха Кірыла быў абраны менавіта ўспамін Марка Эфескага, а штогадовы ўспамін інтранізацыі Патрыярха прыгадвае вернікам таксама і спадчыну Марка Эфескага. Таму для плённага экуменічнага дыялогу неабходна гэтую спадчыну пазнаць і аб'ектыўна ацаніць. Паспрабуем і мы разабрацца, і прапанаваць ацэнку выказванняў Марка Еўгеніка, безумоўна, не канчатковую і не дасканалую.

Марк паходзіў з Канстанцінопаля, і тут ён стаўся маладым перспектыўным філосафам, блізкім двару імператара. Але шчырае прагненне пазнання поўні праўды і хрысціянскага вопыту падштурхнула яго ва ўзросце 26 гадоў (у 1417 г.) распачаць манаскае жыццё на адным з астравоў. Турэцкая пагроза прымусіла манахаў потым перанесціся ў Канстанцінопаль. Аўтарытэт Марка быў такі вялікі, што імператар Іаан VIII, які рабіў прыгатаванні да унійнага Сусветнага Сабору, бачыў у ім галоўнага прадстаўніка грэчаскай дэлегацыі, які б мог выказвацца ад імя ўсіх. Таму ў 1437 г. стараннямі імператара Марк быў пастаўлены Мітрапалітам Эфескім.

Рускі пераклад палемікі Марка Еўгеніка, якім мы будзем карыстацца ў гэтых разважаннях, знаходзіцца ў працы праваслаўнага аўтара архім. Амвросія (Пагодзіна) «Св. Марк Эфескі і Фларэнтыйская унія»1. Кніга гэта мае добрые спасылкі на першакрыніцы, але, на жаль, аўтар мае выразна канфесійны падыход2, таму да яго каментараў варта адносіцца крытычна.

Прамова Марка Эфескага да Папы Яўгенія IV на распачацці Сабору выказвае яго аптымізм адносна уніі, а  таксама пашану да Рымскага Пантыфіка:

Сёння — прадпачатак сусветнай радасці! (…) Сёння члены Цела Пана, раней падзеленыя і рассечаныя на працягу многіх стагоддзяў, паспяшаюць да ўзаемнага аб'яднання! (…) І не пакутуе Галава — Хрыстус Бог, (…) Ён заахвоціў цябе, Найгалоўнейшага сярод святароў Ягоных, запрасіць нас сюды (...)3.

Аднак далей з тэксту прамовы бачым, што ў справах тэалагічных Марк Эфескі меў намер размаўляць з Рымскім Папам як брат з братам — на роўных. Таксама ўвесь ягоны аптымізм вырастаў са спадзявання, што Папа адменіць дадатак «і Сына» ў Сімвале веры і зменіць лацінскі звычай ужывання прэснага хлеба для святой Імшы:

Чаму насуперак Евангеллю, якое прынялі, іншае абвяшчаем Евангелле? (…) Праслаўся скончыць справу поспехам (…), іншы няправільна ўпарціўся ў чыненні зла, а ты зацінайся, каб выправіць здзейсненае так, як бы яго зусім не было4.


Было вырашана распачаць дэбаты ад тэмы, якая здавалася больш лёгкаю для пагаднення — лацінскай дактрыны аб чысцы. Захаваўся шэраг дакументаў, якія дазваляюць зразумець увесь ход дыскусіі: (1) выклад лацінскага боку дактрыны аб чысцы; (2) супольны адказ грэкаў; (3) адказ лацінян на запярэчанні грэкаў; (4) другі адказ Марка Эфескага; (5) адказы Марка на некаторыя пытанні лацінскага боку5. Трэці з пералічаных дакументаў — адказ лацінскага боку на запярэчанні грэкаў — здраджваў тое, што лаціняне былі ўпэўненыя ў правільнасці сваёй тэалогіі і не мелі намеру анічога змяняць6. Напрыклад, быў выкарыстаны аргумент, што дактрына аб чысцы правільная, бо яна пацверджана аўтарытэтам Рымскага Касцёла. На гэта Марк Еўгенік заўважыў, што тады ўвогуле няма сэнсу весці перамовы і тэалагічныя дыскусіі. Па сутнасці, ад гэтага часу Марк Эфескі перастаў спадзявацца на поспех Сабору, як раней гэта сабе ўяўляў, а нават зрабіў спробу непрыкметна ўцячы з Феррары. Аднак пасланцы імператара дагналі яго і прымусілі да далейшага ўдзелу ў Саборы.

Варта прааналізаваць чацвёрты з пералічаных вышэй дакументаў – «Другі адказ Марка Еўгеніка лацінянам, у якім ён таксама выкладае навучанне Грэчаскай Царквы». Прачытаўшы гэты тэалагічны трактат, можна адзначыць некаторыя характэрныя рысы пазіцыі Марка Эфескага падчас Сабору.

Па-першае, бачым чалавека, які глыбока ведае навучанне Святых Айцоў, які не абмяжоўваўся толькі павярхоўнай «вайной цытатаў», але аналізаваў рэчаіснасць, якая хаваецца за слоўнымі фармулёўкамі.

Па-другое, бачым чалавека далікатнага, які, нягледзячы на гарачнасць тэмпераменту, імкнецца навязаць дыялог у праўдзе.

Вельмі магчыма, што ў нашыя дні дыялог аб чысцы з Маркам Эфескім скончыўся б паспяхова. Звернем увагу на тое, што хаця Марк цалкам адкідае дактрыну аб чысцы як непатрэбную, аргументуючы цытатамі Святых Айцоў, аднак асаблівы акцэнт кладзе на непрыняцці яго як «рэчыўнага агню». Ведаем, што пазнейшая каталіцкая тэалогія адышла ад дакладнага прадстаўлення вобразу пакутаў у чысцы, а Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы «Spe salvi» ў сваіх разважаннях над лёсам душаў пасля смерці, як здаецца, моцна пераклікаецца з інтуіцыямі Марка Эфескага7.

Ключом, аднак, для зразумення непрыняцця Маркам Еўгенікам дактрыны аб чысцы можа быць яго аргумент № 13 з вышэй узгаданага «Другога адказу ...»:

Некаторых [гэтая дактрына] давядзе да бестурботнасці і легкадумства. Часам і кажуць: жадаю, каб тыя пакуты мелі канец, каб я мог не хвалявацца аб грахах.


Гэты аргумент вельмі цікавы для разважання, бо можа адкрыць сапраўдныя прычыны некаторых цяжкасцяў у экуменічным дыялогу з праваслаўнымі: не згаджаюцца прыняць пэўную праўду на ўзроўні дагмату веры, бо гэта, паводле праваслаўных, можа быць шкодным для духоўнага жыцця. Але гэта ўжо асобная тэма, а мы ў наступнай частцы артыкула працягнем сачыць за пазіцыяй Марка Эфескага, якая, на жаль, пасля Сабору вельмі змянілася.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Архимандрит Амвросий (Погодин) «Святой Марк Эфесский и Флорентийская уния»
  2. Напр. калі ідзе говорка пра прыхільніка уніі, то аўтар выкарыстоўвае словы «злейший униат», а калі пра супраціўніка уніі - «мужественный исповедник православия».
  3. Архим. Амвросий «Св. Марк Эфесский и Флор. Уния», глава 2.
  4. Там жа.
  5. Пар. Архим. Амвросий «Св. Марк Эфесский и Флор. Уния», глава 3.
  6. Пар. Вильгельм де Фрис «Православие и Католичество», ч. ІІ-ІІ, 4 (заканчэнне 1-га абзаца)
  7. Пар. Бэнэдыкт XVI, энцыкліка „Spe salvi”, 45-48.

 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння