Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фларэнтыйская унія 1439 года (частка ІV)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
25.07.2014 12:55

З грэчаскага боку галоўнымі ініцыятарамі падпісання уніі ў Фларэнцыі выступілі Вісарыён, мітрапаліт Нікейскі; Ісідор, мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі; і візантыйскі імператар Іаан VIII Палеолаг.

Вісарыён Нікейскі атрымаў адукацыю ў Канстанцінопалі. Таксама тут ён прыняў манаства і стаў ігуменам аднаго са сталічных манастыроў. Належаў да візантыйскай інтэлектуальнай эліты, праяўляў зацікаўленасць да антычнай філасофіі і дасягненняў заходняй культуры1. Ад самага пачатку імператар прызначыў яму важную ролю на Саборы, зважаючы на яго высокі розум і дыпламатычныя здольнасці. Аднак Вісарыёну падчас Сабору было толькі 35-36 гадоў і быў ён на дзесяць гадоў маладзейшы за Марка Эфескага, таму, калі можна так сказаць, ён быў другім па ўплывовасці на дзеі Сабору пасля Марка.

На пачатку Вісарыён і Марк згодна выступалі ад імя грэчаскай дэлегацыі, хаця сведкі Сабору апісваюць, што адносіны паміж імі былі напружаныя. Пералом у пазіцыі мітрапаліта Вісарыёна адбыўся ўжо ў Фларэнцыі, калі ў сакавіку 1439 г. вяліся дыскусіі адносна тэалагічнай правільнасці (ці няправільнасці, як лічыў Марк Эфескі) дадатку «і Сына» ў лацінскай версіі Сімвала веры. Вынікам доўгіх асабістых разважанняў была так званая «дагматычная прамова» Вісарыёна да грэчаскай дэлегацыі ў красавіку 1439 г2. Кантэкст гэтага выступлення быў такі: шматмесячныя супольныя дэбаты з лацінянамі заходзілі ў тупік, а Марк Эфескі канчаткова назваў заходніх хрысціянаў ерэтыкамі па прычыне дактрыны, што Дух Святы паходзіць ад Айца і Сына, а з такой катэгарычнай формай Вісарыён не згаджаўся. Яго двухдзённая «дагматычная прамова» кранула сэрцы многіх прадстаўнікоў грэчаскай дэлегацыі, і большасць пасля гэтага была схільная талерантна падысці да лацінянаў, каб нарэшце падпісаць унію. Вісарыён ясна акрэсліў той выбар, які грэкі павінны былі зрабіць паводле свайго сумлення:

1) менавіта цяпер ёсць Сусветны Сабор, які мае ўладу зацвердзіць тое, што нас падзяліла, таму адзіным крытэрыем з'яўляецца ўстанаўленне тэалагічнай правільнасці (або няправільнасці) гэтага дадатку ў Сімвале веры;
2) Заходнія Святыя Айцы, якія ясна выказваліся пра паходжанне Духа Святога ад Айца і Сына, не маглі быць у супярэчнасці з усходнімі Святымі Айцамі, якія гэтай фармулёўкі не ўжывалі. Хутчэй варта прызнаць слабасць нашага розуму, які не можа адразу зразумець думку таго ці іншага святога;
3) нельга злоўжываць падазронасцю, што прыведзеныя ў дэбатах тэксты заходніх Святых Айцоў — падложныя ці скажоныя (як падазраваў Марк Эфескі);
4) прыведзеныя лацінянамі тэалагічныя аргументы пераконваюць;
5) можна зрабіць выснову, што лацінская дактрына пра паходжанне Духа Святога цалкам слушная, і мы будзем мець грэх на сумленні перад Богам, калі не выкарыстаем гэты шанс паяднання;
6) толькі так можна ўратаваць нашу Айчыну ад турэцкага нашэсця, бо калі не паяднаемся, то спасцігнуць нас вялікія беды.

Моцную падтрымку Вісарыёну аказваў Ісідор, мітрапаліт Рускі, і яшчэ некалькі іерархаў. Яны былі гатовыя поўнасцю прыняць лацінскую дактрыну, а нават падпісаць унію асобна, не чакаючы згоды ўсёй дэлегацыі. Іншыя вагаліся або прагнулі больш дакладнага тэалагічнага даследвання. Марк Эфескі бескампрамісна выказваўся супраць падпісання уніі. Імператар, ад якога многае залежала, думаў, што можна прапанаваць формулу паяднання вельмі агульную, не кранаючы дакладна тэалагічных адрозненняў, якая б задаволіла грэкаў і не стварыла расколу паміж імі. Аднак Папа найстойваў на больш дакладных акрэсленнях.

У маі і чэрвені 1439 г. на Саборы ўжо не праводзіліся агульныя ўрачыстыя дэбаты, а канчатковая формула уніі паўставала ў невялікіх камісіях або шляхам перамоваў праз прадстаўнікоў дэлегацый. Цяпер галоўную ролю ў гэтых працах адыгрывалі мітрапаліты Вісарыён і Ісідор, а Марк Эфескі з другой паловы чэрвеня зусім не ўдзельнічаў3.

Некалькі слоў скажам пра мітрапаліта Ісідора4. Нарадзіўся ён на Пелапанэсе (рэгіён Грэцыі) у 1380-х гадах. Манаскае жыццё распачаў на Пелапанэсе, а ў 1433 г. быў ігуменам сталічнага манастыра. Меў шырокія веды, добрыя інтэлектуальныя і дыпламатычныя здольнасці, быў блізкі двару імператара. Выказваў вялікую руплівасць адносна справы адзінства хрысціянаў, таму ў 1433 г. быў пасланы на Сабор у Базілеі, каб дамовіцца пра скліканне сумеснага з грэкамі Сусветнага сабору, а пасля вяртання — у 1436 годзе — быў прызначаны на пасаду мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі і выехаў у Маскву, дзе знаходзілася рэзідэнцыя кіеўскай кафедры. Дзейнасць мітрапаліта Ісідора на Русі будзе пазней апісана ў наступных артыкулах, таму вернемся да дзеяў Фларэнтыйскага Сабору.

У апошнія тыдні Сабору мітрапаліты Вісарыён і Ісідор зрабілі вельмі шмат, каб унія была як найхутчэй падпісана, і пры гэтым яны выказвалі вялікую падатлівасць адносна ўсіх спрэчных пытанняў. Можна асцярожна меркаваць, што гэтаму магло спрыяць таксама тое, што ім паабяцалі кардынальскія пасады, якія яны і атрымалі пасля Сабору. Аднак не варта бачыць за гэтым карыслівасць і славалюбства. Колькасць кардыналаў у тыя часы была значна меншая, таму кожны кардынал меў вялікі ўплыў на дзеі ўсяго Касцёла. Вельмі магчыма, што пытанні, якія цяпер грэкам здаваліся спрэчнымі, Вісарыён і Ісідор спадзяваліся вырашыць пазней — у непадзеленым Касцёле, а кардынальскія пасады былі гарантыяй, што да голасу візантыйцаў будуць прыслухоўвацца. Пазнейшае іх жыццё, здаецца, пацвярджае гэта, бо яны годна спаўнялі кардынальскае служэнне. Ісідор асабіста ўдзельнічаў, рызыкуючы жыццём, у апошняй абароне Канстанцінопаля ў 1453 г., трапіў у няволю, з якой, аднак, быў выратаваны. Кардынал Вісарыён зрабіў вельмі шмат для пазнання на Захадзе грэчаскай філасафічнай думкі. Таксама да канца свайго жыцця ён намагаўся арганізаваць крыжовы паход супраць турак для вызвалення Канстанцінопаля і быў даволі блізкі да рэалізацыі гэтага. На двух канклавах па колькасці галасоў Вісарыён быў блізкі да выбару на пасаду Рымскага Пантыфіка. Калі б гэта адбылося, то магло б мець вялікае значэнне для каталіцка-праваслаўных адносін.

У наступным артыкуле паспрабуем  зрабіць высновы з прадстаўленага раней гістарычнага матэрыяла: якое значэнне мае гісторыя Фларэнтыйскай уніі для сучаснага экуменічнага дыялогу.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. Правасл. Энцыклапедыя, Виссарион. Вельмі падрабязнае і пацверджанае крыніцамі даследванне адносна асобы мітр. Вісарыёна Нікейскага знаходзім у кнізе праваслаўнага гісторыка Садова А. И. "Виссарион Никейский: Его деятельность на Ферраро-Флорентийском соборе, богословские сочинения и значение в истории гуманизма", 1883 г. Лепшага і больш сучаснага апрацавання на даступнай мне мове, на жаль, я не знайшоў, таму ў гэтым артыкуле буду абапірацца перадусім на яго.
  2. Пар. Садов А. И. «Виссарион Никейский ...», глава 1, стар. 80-88.
  3. Некаторыя аўтары пішуць, што ўдзельнікаў грэчаскай дэлегацыі пад пагрозамі прымушалі падпісаць унію, а Марк Эфескі быў пасаджаны ў вязніцу. Гэта не адпавядае сапраўднасці. Калі і быў нейкі націск, то быў ён толькі дыпламатычны, а не рэпрэсіўны. А Марку Эфескаму імператар асабіста абяцаў бяспечнае вяртанне (пар. Садов А. И. «Виссарион Никейский ...», глава 1, стар. 109 (у заўвагах унізе старонкі), ды і Марк пра сябе піша, што на гэтым этапе Сабору «сам адсунуўся і замкнуўся ў сабе» (пар. Архим. Амвросий «Св. Марк Эфесский и Флор. Уния», глава 8, «Изложение … и разъяснение о Соборе», апошні абзац).
  4. Гл. Каталіцкая Энцыклапедыя, Ісідор Кіеўскі, таксама пар. С. Ю. Акишин «Митрополит Исидор Киевский и проблема церковной унии в поздней Византии».

 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння