Наша ўяўленне аб арганізацыі, рэлігійнай або свецкай накіраванасці, залежыць ад таго, як яна падаецца нам грамадскасцю, напрыклад, праз СМІ. Аднак, разглядаючы з’яву сектанцтва, неабходна ўлічваць той факт, што інфармацыя, якая перадаецца, акцэнтуецца на тых сектах і культах, якія сваімі дэструктыўнымі дзеяннямі звярнулі на сябе ўвагу, пасля чаго сталі дастаткова вядомыя шырокай публіцы.
Аднак жа вялікая колькасць новых рэлігійных рухаў не атаясамліваюцца як такія і працягваюць дэструктыўна ўплываць на соцыум, не звяртаючы на сябе ўвагу, бо толькі невялікая колькасць людзей здольная распазнаць секту па рэкламе або прыняўшы запрашэнне ўступіць у яе.
Таму важна навучыцца вызначаць секту па яе характэрных прыкметах. Гэты спосаб уяўляецца больш эфектыўным у папярэджванні ўцягвання чалавека ў секту або культ, бо дазваляе пашырыць веды аб дыяпазоне арганізацый, у якія можа быць завербаваны чалавек. Асаблівай увагі ў такім выпадку заслугоўваюць механізмы паводзінаў секты: як секта прадстаўляе сябе грамадству, як яна дзейнічае пры распаўсюджванні сваіх поглядаў і г.д.
Для гэтага належыць разгледзець, у якасці прыкладу, некаторыя ўстаноўкі, якія праяўляюцца ў рознай ступені ў разнастайных сектах і культах. - Група настойвае на паўнаце ісціны, якая прысутнічае толькі ў яе (пры наяўнасці гуру або настаўніка ісціна належыць яму). Рацыянальнае мысленне пры гэтым крытыкуецца або супрацьпастаўляецца вучэнню як няслушнае.
- Група валодае выключнасцю ў параўнанні з астатнім чалавецтвам.
- Група на любую крытыку ў свой бок рэагуе вельмі востра і ўспрымае як доказ уласнай праваты.
- У групы ёсць адказы на ўсе існуючыя пытанні.
- Група рэкамендуе пазбягаць старога атачэння чалавека, калі яно крытыкуе групу або яе дзейнасць, абгрунтоўваючы гэта тым, што яно, быццам, гэтым перашкаджае чалавеку далей самаўдасканальвацца.
- У групе прысутнічае жорсткі кантроль, пачынаючы ад вольнага часу чалавека да рэгулявання палавых зносін.
- Група адгароджваецца ад навакольнага свету і супрацьпастаўляе сябе яму за кошт пэўнай мовы, структуры, унутрыгрупавой дысцыпліны. Часта праблемныя супольнасці імкнуцца адгарадзіцца ад свету.
- Асабістыя няўдачы чалавека ў групе інтэрпрэтуюцца як малавер’е, гэта нараджае пачуццё страху і віны, якія спрыяюць залежнасці чалавека ад групы.
- У групе існуюць строгія правілы, якія забяспечваюць адзіны шлях да збаўлення і якімі неабходна няўхільна кіравацца. Такая ўстаноўка вядзе да пазбаўлення чалавека яго правоў.
- Толькі члены групы могуць збавіцца падчас катастрофы, якая набліжаецца.
Не кажам аб тым, што пералік гэтым вычэрпваецца — пры жаданні спіс можна дапоўніць. Сэнс жа заключаецца ў тым, што наяўнасць у арганізацыі (руху, курсах або клуба па інтарэсах) хаця б аднаго з гэтых пунктаў павінна прымусіць задумацца. У такой сітуацыі неабходна навучыцца крытычна ўспрымаць інфармацыю і людзей, якія яе прадстаўляюць, асабліва калі яны прэтэндуюць на ісціну. Адзінага рашэння для ўсіх праблем апрыёры не існуе, і вельмі небяспечна дазваляць камусьці вырашаць і думаць за сябе. Бо свет не з’яўляецца чорна-белым, ён каляровы.
Марына Казмірук
|