«100 пытанняў — 100 адказаў». Чым скончылася барацьба з ерассю катараў? |
Рубрыка Ватыканскага радыё | ||||||||
16.05.2012 12:49 | ||||||||
Праз чатыры гады пасля заканчэння чацвёртага крыжовага пахода, у выніку якога быў разрабаваны Канстанцінопаль, папа Інакенцій ІІІ аб’явіў аб пачатку новага крыжовага пахода. На гэты раз вораг не знаходзіўся за далёкімі марамі, а ў цэнтры хрысціянскага свету — на поўдні Францыі.
Гэта тэрыторыя была ахоплена адной з самых небяспечных ерасяў, вызнаўцаў якой тэолагі і гісторыкі называлі катарамі (чыстымі) ці альбігойцамі (ад назвы мястэчка Альбі ў міжземнаморскай Францыі). Самі катары называлі сябе «добрымі хрысціянамі». Іх крывёй была напісана адна з самых крывавых старонак гісторыі, а для барацьбы з імі Касцёлам была створана знакамітая інквізіцыя. Менавіта аб катарскай ерасі пойдзе гаворка. Хоць мэтай крыжовага паходу супраць катараў было вызваленне людзей з палону дэструктыўных і чалавеканенавісных ідэй, аднак для многіх людзей гэтая падзея стала плямай на чысціні Касцёла. Паводле нямецкага гісторыка Міхаэля Хэзэмана, крыжовы паход супраць ерэтыкоў, «якія не жадалі нічога іншага акрамя ўласнай смерці, прынёс ім сапраўдную бессмяротнасць». Светапогляд катараў мае свае карані ў адной з ерасяў ІІІ ст., якая называецца маніхейства. Яе заснавальнікам быў Мані, а адным з прыхільнікаў некаторы час, да навяртання ў хрысціянства, быў св. Аўгустын. На захадзе Еўропы гэтая ерась была асуджана Касцёлам і не атрымала шырокага распаўсюджання. А вось на ўсходзе, наадварот, знайшлося шмат яе паслядоўнікаў. Некаторыя з ерэтычных прапаведнікаў на пачатку ХІІ ст. прыбылі на поўдзень Францыі, дзе знайшлі шмат прыхільнікаў. Маніхейства ўключала ў сябе элементы хрысціянства і гнастыцызму, але дапаўняла іх персідскімі дуалістычнымі вераваннямі. У цэнтры навучання была барацьба паміж святлом і цемрай, Богам і сатаной, дабром і злом. Бог для іх быў стварыцелем неба, але не матэрыяльнага і бачнага свету. Такім чынам, свет, стварэнні, даброты і нават самі людзі, паводле маніхейцаў, былі створаны сатаной. Збаўленне, паводле іх, магло прыйсці толькі праз поўнае адмаўленне ад усяго матэрыяльнага. У секце катараў была строгая іерархія. Меншасць складалі так званыя «дасканалыя» — тыя, хто вёў найбольш радыкальнае жыццё: не піў віно, не еў мяса, адмаўляўся ад любых адносінаў з асобамі супрацьлеглага полу, выключаў любыя кантакты з рэальным светам. Большасць сектантаў называлі сябе проста «вернікамі». Яны прытрымліваліся менш строгіх правілаў і дапамагалі ў тым малым, чаго патрабавалі «дасканалыя». «Вернікі», калі набліжаліся да сталага ўзросту, маглі таксама атрымаць пасвячэнне ў «дасканалых» — так званае «суцяшэнне». Для гэтага яны цалкам адмаўляліся ад уласнасці, якую мелі, павінны былі шмат пасціцца, пакінуць жонку ці мужа і, молячыся «Ойча наш», замест «хлеба штодзённага» казалі «хлеб звышнатуральны». Такім «хлебам» для іх была ежа, благаслаўлёная іншым «дасканалым». Калі магчымасці для благаслаўлення не было, яны галадалі аж да смерці. Глеба для распаўсюджвання катарскай ерасі на поўдні Францыі была вельмі спрыяльнай. Грамадства ў гэтым рэгіёне было вельмі талерантным і даволі забяспечаным матэрыяльна. На жаль, часта святары і законнікі злоўжывалі вялікімі ахвяраваннямі. Іх неадказныя і разбэшчаныя паводзіны нават сталі адной з галоўных тэмаў Клермон-Феранскага Сабору. Папа Інакенцій ІІІ асабіста асудзіў мясцовае духавенства за тое, што яно не прытрымлівалася каталіцкіх правілаў і навучання Касцёла, не клапацілася аб стрыманасці, уласным аўтарытэце, адукацыі і выклікала смех у вернікаў. У такой атмасферы крызісу каштоўнасцяў, секта, якая заклікала да ачышчэння праз адмаўленне ад дабротаў, хутка набыла шматлікіх прыхільнікаў. Ерась пачала пераўтварацца ў сапраўдны народны рух і масавы псіхоз. Напрыклад, у сям’і бацька-катар не мог нават суцешыць дачку, якая плача, бо не меў права дакранацца да асобы іншага полу. Распаўсюджанымі сярод катараў былі рытуальныя суіцыды, якія здзяйсняліся для таго, каб як мага хутчэй пакінуць гэты грэшны свет. Катары галадалі да смерці, рэзалі сабе вены, кідаліся ў прорву, ляжалі падоўгу ў снезе, каб захварэць і памерці. Катарская ерась была рэлігіяй смерці і поўнага зневажання жыцця. У адносінах да Бібліі катары адмаўлялі Стары Запавет, і ўсе згадкі аб стварэнні свету для іх былі справай рук сатаны. Езус для іх быў анёлам, які не еў, не піў, не пакутаваў і не быў пахаваны. Яго прысутнасць у выглядзе чалавека для катараў была толькі ўяўленнем. Катары не прызнавалі знаку крыжа і сакрамэнтаў. Яны адмаўлялі амаль усё, што для хрысціян было святым. Папа быў вельмі заклапочаны сітуацыяй на поўдні Францыі і на працягу доўгіх гадоў накіроўваў сваіх легатаў, каб паспрыяць вяртанню людзей у лона каталіцтва. Ён строга асудзіў мясцовае духавенства за злоўжыванні, каб паспрыяць унутранай рэформе Касцёла ў гэтым рэгіёне. Спецыяльна для навяртання ерэтыкоў быў створаны закон прапаведнікаў — дамініканаў, мэтай якіх было абвяшчэнне і тлумачэнне Евангелля згодна з каталіцкім навучаннем. Аднак намаганні Папы не прыносілі вялікіх плёнаў, бо ерась пачала выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах. Мясцовая шляхта імкнулася да большай незалежнасці ад Рыма і ад іншых французскіх княстваў, намагалася парваць любыя сувязі з Касцёлам і вырашыла выкарыстаць для гэтага менавіта катараў. У 1208 г. адзін з легатаў Пантыфіка, Пётр Кастэлянскі, быў забіты катарамі па загадзе аднаго з мясцовых князёў Раймонда VI Тулузскага. Як толькі Інакенцій ІІІ даведаўся аб забойстве свайго пасланніка, ён абвясціў аб пачатку новага крыжовага пахода. На гэты раз не супраць захопнікаў Гробу Пана, «а ворагаў нашмат больш небяспечных». Канешне, на гэты заклік адгукнуліся як сапраўдныя рыцары, так і тыя, хто імкнуўся нажыцца на дабротах багатага рэгіёна. Сярод апошніх былі князі з цэнтральнай Францыі. Яны імкнуліся далучыць багатыя міжземнаморскія землі да сваіх уладанняў, таму з запалам уключыліся ў вайну супраць мясцовых ератыкоў. Любы супраціў ці іншадумства караліся імі з усёй строгасцю: вынішчаліся і рабаваліся цэлыя вёскі, свецкія суды, тысячы катараў асуджаліся на пакаранне смерцю на кастры. У той час, паводле свецкіх законаў, ерась лічылася роўнай здрадзе Радзіме. Хутка пад ціскам французскіх войскаў супраціў катараў і іх апекуноў пачаў слабець, а праз некаторы час усё міжземнамор’е было далучана да Францыі. Так барацьба з ерассю, для якой на пачатку выкарыстоўваліся мірныя сродкі, закончылася кровапраліццём, мэтай якога была прага земляў і багаццяў.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка |
||||||||
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |