Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кантроль над свядомасцю ў сектах
Усяго патроху
26.10.2012 09:00

Пад кантролем свядомасці (англ. mind control) разумеецца працэс, пры якім прымяняюцца метады і маніпуляцыі для змянення і/або скажэння ўспрыняцця, перакананняў, паводзінаў, эмоцый, вераванняў і працэсу прыняцця чалавекам рашэнняў, чым можа ўшчамляцца індывідуальная і калектыўная свабода, і, як наступства, прыводзіць да разбурэння цэласнасці асобы1.

Памылкова прымяняць да паняцця «кантроль свядомасці» як сінонім тэрмін «прамыванне мазгоў», уведзены ў 1951 годзе журналістам Эдвардам Хантэрам для апісання феномену веры амерыканскіх салдат, захопленых у палон карэйцамі, у быццам бы здзейсненыя імі ваенныя злачынствы. Прамыванне мазгоў носіць гвалтоўны характар: грубае фізічнае насілле, змяшчэнне ў сацыяльна непрыгодных умовах, пагарджэнне фізічнымі патрэбамі індывіда і г.д. — і, звычайна, эфектыўнае ў тых выпадках, калі чалавека змушаюць стварыць пэўныя дзеянні дзеля выратавання свайго жыцця або памяншэння пакутаў. Аднак новыя перакананні не дастаткова глыбока засвойваюцца: варта індывідууму пакінуць небяспечнае для яго і яго жыцця атачэнне, як яго погляды і сістэма каштоўнасцяў звычайна вяртаюцца.

Кантроль свядомасці ўяўляе сабой больш тонкі працэс, падчас якога на асобу не аказваецца яўнае фізічнае насілле, ахвяра супрацоўнічае з тымі, хто кіруе ёю, успрымае іх як сяброў, прадастаўляючы ім неабходную інфармацыю, якая можа быць выкарыстана супраць яе. Трывалыя вынікі ўнушэння дасягаюцца шляхам выкарыстання разнастайных метадаў: стымулы заахвочвання і пакарання, гіпноз, групавыя практыкаванні і г.д. У выніку ранейшая асоба разбураецца і ёй надаецца новая форма: сістэма перакананняў убудоўваецца ў сфарміраваную структуру і пераканструіруецца пад уздзеяннем звонку, разбураючы першапачатковую, якая была створана падчас першаснай сацыялізацыі і пры свабодным выбары чалавека.

Роберт Дж Ліфтан у сваіх даследаваннях выявіў 8 крытэрыяў для вызначэння кантролю над свядомасцю ў групе:

1. Кантроль навакольнага асяроддзя — жорсткае структурыраванне атачэння, у якім грамадства рэгулюецца, а допуск да інфармацыі строга кантралюецца.
2. Містычнае маніпуляванне — выкарыстанне запланаванай або падстроенай «спантаннай», «непасрэднай» сітуацыі.
3. Патрабаванне чысціні — рэзкае дзяленне свету на «чысты» і «нячысты», «добры» і «дрэнны».
4. Культ споведзі — патрабаванне пастаяннай споведзі і інтымных прызнанняў для знішчэння межаў асобы і падтрымання пачуцця віны.
5. «Святая навука» — абвяшчэнне сваёй догмы абсалютнай, поўнай і вечнай ісцінай. Любая інфармацыя, якая супярэчыць гэтай абсалютнай ісціне, лічыцца ілжывай.
6. Нагружаная культавым сэнсам мова — стварэнне спецыяльнага клішыраванага слоўніка ўнутрыгрупавых зносінаў з мэтай выдалення самой асновы для самастойнага і крытычнага мыслення.
7. Дактрына вышэй за асобу — дактрына больш рэальная і праўдзівая, чым асоба і яе індывідуальны вопыт.
8. Раздзяленне існавання — члены групы маюць права на жыццё і існаванне, астатнія — не, г. зн. «мэта апраўдвае любыя сродкі».

Зразумець сутнасць кантролю свядомасці немагчыма без асноўнага ўяўлення пра працэсы ўплыву: мадыфікацыя паводзінаў, групавы канфармізм і падначаленасць аўтарытэту. Калі ўзяць гэтыя канцэпты з сацыяльнай псіхалогіі і разглядаць іх у якасці адпраўнога пункту, то можна вылучыць асноўныя элементы кантролю свядомасці. Стывен Хассен, засноўваючыся на тэорыі кагнітыўнага дысанансу (кантроль паводзінаў, кантроль думак, кантроль эмоцый) Леона Фестынгера, дапаўняе яе чацвёртым кампанентам — кантроль паступаючай інфармацыі:

1. Кантроль паводзінаў заключаецца ў кіраванні фізічнай рэальнасцю індывідуума і ўключае ў сябе кантроль навакольнага асяроддзя чалавека (месца жыхарства, адзенне, ежа, сон і г.д.), яго працу, рытуалы і іншую дзейнасць.
2. Кантроль думак уключае ў сябе дасканальнае ўнушэнне, якое прымяняецца да адэптаў групы для засваення імі дактрыны, прыняцця новай моўнай сістэмы («новояз») і выкарыстання тармозячых методык для падтрымкі «канцэнтрацый» сваёй свядомасці, гэта накіравана на тое, каб індывідуум навучыўся маніпуляваць уласным працэсам у рэчышчы зацікаўленага боку.
3. Кантроль эмоцый прысвечаны кіраванню пачуццямі асобы і звужэнню іх дыяпазону.
4. Кантроль інфармацыі: «хто кантралюе мінулае — кантралюе будучыню. Хто кантралюе сапраўднае — кантралюе мінулае». Пры кантролі свядомасці падаўлены не толькі доступ да інфармацыі, але і механізм яе адэкватнага ўспрыняцця. Часта ў адэптаў проста не застаецца вольнага часу на чытанне «свецкіх» СМІ. Таксама інфармацыйны кантроль пераносіцца і на сферу асабістых узаемаадносінаў і культавай ідэалогіі, дзе існуе шматузроўневая «ісціна», якая адлюстроўвае дактрыну групы: матэрыялы, што прадастаўляюцца навічкам, дастаткова адрозніваюцца ад матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца на больш глыбокіх узроўнях членства. Такім чынам, можна сказаць, што культавая ідэалогія групы мае «знешнюю» і «ўнутраную» дактрыны2.

Кожная з гэтых форм кантролю аказвае велізарны ўплыў на чалавечы мозг.

Вышэйапісаныя кампаненты для змены паводзінаў чалавека на практыцы прымяняюцца ў выглядзе трохпрыступкавай сістэмы, якая характэрна як для негвалтоўнага кантролю свядомасці, так і для прамывання мазгоў:

1. Размарожванне — працэс, які ўяўляе сабой разбурэнне існуючай асобы. Размарожванне можа ажыццяўляцца з дапамогай мноства падыходаў: дэфіцыт сну, дыета, гіпноз, перазагрузка ўспрыняцця, медытацыі, асабістая споведзь, групавыя малітвы і г.д.

2. Змяненне — працэс канструявання новай ідэнтычнасці: новыя думкі, вобразы, ідэі, мадэлі паводзінаў і г.д. Гэтая новая ідэнтычнасць паклікана запоўніць нішу, якая стварылася пры правядзенні працэсу «размарожвання». Паводзіны чалавека дэфармуюцца спачатку незаўважна: матэрыял, праз які новая асоба набывае новыя контуры, дазіруецца пакрыху, па меры засваення. На гэтай стадыі выкарыстоўваюцца такія тэхнікі мадыфікацыі паводзінаў, як пахвала і пакаранне, тэхнікі, якія тармозяць мысленне, містычныя маніпуляцыі і інш.

3. Замарожванне — працэс, які апісвае «замацаванне» новай ідэнтычнасці, галоўнай задачай якога з’яўляецца прывіванне нянавісці да «ранейшай» дакультавай асобы. Памяць сектанта наўмысна дэфармуецца: пазітыўныя моманты «мінулага жыцця» мінімізуюцца, а негатыўныя (віна, грэх, пакуты і г. д.) гіпербалізуюцца. Галоўная перадача інфармацыі ажыццяўляецца праз мадэляванне або капіраванне паводзінаў больш вопытнага адэпта групы. На гэтай стадыі фарміруецца новая сапраўдная сям’я, часам даецца новае імя, адэптаў могуць прымусіць ахвяраваць сваю маёмасць на карысць групы, што спрыяе як большай ідэнтыфікацыі індывідуума з супольнасцю, так і кансалідацыі самой супольнасці, што надзвычай важна на стадыі замарожвання. Адданасць групе выхоўваецца ў адэпта праз узнікшае адчуванне мучаніцтва і вярбоўку новых членаў, у выніку працэс замацавання праходзіць хутчэй3.

Чалавек адчувае розныя ўплывы кожны дзень, і не ўсе яны маюць негатыўныя аспекты. Усе адчуваюць ціск з боку грамадства, таму варта сказаць, што тут гаворка ідзе пра дэструктыўны бок кантролю свядомасці, які падрывае здольнасць асобы прымаць самастойныя рашэнні. Негатыўны бок кантролю над свядомасцю заключаецца ў тым, што ён падтрымлівае залежнасць і падначаленасць, падаўляючы самастойнасць і індывідуальнасць.

Марына Казмірук

  1. Zimbardo P. G. Mind control: psychological reality or mindless//Monitor on Psychology (APA), November 2002, Vol 33, No. 10.
  2. Хассен, С. Противостояние сектам и контролю над сознанием/С. Хассен; пер. с англ. Л. Аскинази. — М: АСТ: АСТ Москва, 2006. — 315 c.
  3. Там жа.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.