Пілігрымаванне — гэта праца. Праца — гэта пілігрымаванне? |
Усяго патроху |
26.06.2014 21:15 |
Пілігрымаванне можа стаць не толькі ахвярай у пэўнай інтэнцыі, але і пошукам сябе, выпрабаваннем сваёй волі і характару, пазнаннем свайго ўнутранага свету, засяроджаннем над сваёй верай — яна бескарысная ці шукае свайго? Пілігрымаванне — гэта праца над сабой, змаганне са сваімі слабасцямі, а можа, і маладушнасцю. Пілігрымаванне — гэта навука пра тое, як клапаціцца пра бліжняга. Пілігрымаванне — гэта таксама радасць сустрэчы, сузірання свету, створанага Богам, гэта спеў душы. Пілігрымаванне — гэта шлях да вызначанай мэты. Але ж мы кожны дзень некуды ідзём. Да мэтаў часовых... А ці памятаем пра мэту канчатковую — пра вечнасць? Добры кавалак на шляху нашага жыццёвага пілігрымавання займае праца. Але чаму падчас выканання сваіх абавязкаў на працы мы не адчуваем сябе пілігрымамі, якія ідуць да канкрэтнай мэты — да таго ж збаўлення. Чаму гэта мэта не дадае нам запалу, калі прыходзіць стома або творчы крызіс? Чаму не нагадвае нам аб неабходнасці працаваць над сабою, аб патрэбе дапамагаць іншым на складаным жыццёвым шляху? Чаму мы пачынаем думаць пра мэту — збаўленне — толькі калі выходзім у касцёльную пілігрымку? Чаму нашае жаданне быць бліжэй Бога абмяжоўваецца некалькімі днямі спякотна-дажджлівага шляху? Здараецца і такое, што працу мы ўспрымаем як канчатковы сэнс жыцця. Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла кажа: «Працу варта шанаваць, паколькі яна з’яўляецца крыніцай (...) годных жыццёвых умоў. Але нельга паддавацца спакусе абагаўляць працу (...). Крыніцай жыцця і мэтай чалавека з’яўляецца Бог, а не праца». Валянціна Грамыка |