Апошнія кіламетры да Будслава, да ўваходжання ў базыліку, да працэсіі на каленях са скрухаю перад святасцю Маці Божай напоўненыя асаблівай прыгажосцю, асаблівым настроем пілігрымаў і асаблівымі знакамі, якія сведчаць пра тое, што пілігрымка прынесла свой плён і змены ў сэрцы кожнага.
Хвіліна на прабачэнне - час, калі заваёўваецца вечнасць
"Гара прабачэння, гара прымірэння, гара плачу" - так называюць месца, дзе амаль пры самым уваходзе ў вёску Будслаў традыцыйна ў некаторых пілігрымках ёсць хвіліна, калі пілігрымы просяць адзін у аднаго прабачэння.
"Хай цябе Пан Бог благаславіць, хай дае табе спакой..." - спяваюць датуль, пакуль не папросяць прабачэння і не ўсміхнуцца ў знак падзякі, радасці і лёгкага суму пілігрымы.
Хвіліна прабачэння - хвіліна вызвалення, хвіліна свабоды і адкрытасці ў пілігрымцы "Мінск-Будслаў":
Гасціннасць людзей, адкрытасць дзяцей
Традыцыйна па дарозе ў Будслаў пілігрымаў частуюць "хлебам-соллю", але насамрэч "булкамі-сухарамі-хрушчамі ды мёдам" вясковыя бабулі. Стаяць пад крыжамі з пачастункам і дзеляцца тым, што маюць - салодкай смакатою ды шчыраю душою.
Вёска Забегі - назва, якая кажа сама за сябе. І хто толькі ў яе не забягае, і пілігрымкі не прамінуць магчымасці, каб забегчы.
Вось пілігрымка з Полацка. Частуюцца пілігрымы, а сярод іх дзеці, якія не змаўкаюць, не сціхаюць, спяваюць і задорным смехам дапаўняюць агульны гул пілігрымкі.
Пытаюся ў самых малодшых пілігрымаў пра шматлікае, рознае, а яшчэ дадаю: «А як вы думаеце, што скажа новы біскуп Алег Буткевіч сёння на Імшы для пілігрымаў альбо што б вы сказалі, каб мелі магчымасць, як ён, звярнуцца да ўсіх пілігрымаў?»
Задумаліся дзеці, а потым адказалі.
Дзяўчынка Сафія з Наваполацка: «Не губляйце сваю веру!» ці «Вы - малайцы, што прыйшлі!», «У наступным годзе будзьце яшчэ больш бадзёрымі!»
Гітарыст Ваня Шанцаў: «Як заўсёды, ён сказаў бы: «Я вас усіх люблю, люблю ўсіх беларусаў».
Сястра Марыя Магдалена, змёртвыхпаўстанка, якая ўжо пачала збіраць пілігрымаў працягваць шлях, прамовіла наступнае: «Маці Божая любіць вас! І вельмі ўдзячная Яна, што вы прыходзіце да Яе, і Яна абавязкова перадасць свайму Сыну вашыя інтэнцыі».
Вольга Тарасевіч: «Вы - малайцы, бо вы тыя, хто, нягледзячы на надвор'е, на жыццёвыя абставіны, знайшлі час і змаглі прыйсці. Не прыехалі, а прыйшлі. На першае месца змаглі паставіць Бога, Маці Божую Будслаўскую. Гэта і ёсць сімвал вашай веры, той моцы і любові, якая ў вас ёсць і якой кіруе Маці Божая. Вы тыя, хто нясе Божую ласку і хоча дарыць яе іншым».
Віка Вараб'ёва з Полацка: «Прысядзьце, вы стаміліся, таму і прысядзьце!»
Суніцы ў пілігрымцы
Нарачанская пілігрымка зрабіла падарунак для Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча: узамен на "вітаміны духоўныя" пілігрымы прынеслі кошык "вітамінаў-суніц", праўда, у гэтым годзе яны былі неверагоднага для суніц памеру - вельмі вялікія.
Без гэтых суніц ці часта чарніц і сапраўды не абыходзіцца аніводны прывал – «хвілінка адпачынку», калі яна прыпадае на лясныя прасторы.
Пра тыя суніцы нават верш жартаўлівы напісаўся, калі яны і збіраліся:
Суніцы ў пілігрымцы, Збіраю я з году ў год На кожнай хвіліне-прыпынцы, Няма як таму перашкод.
Збіраю ў кубак гарбатны Прыдатны для супу, а як? А потым таму, хто выдатны, Падношу пашаны як знак.
- Ну што ж, малайца-пілігрыме, Натхненне задаў ты ўсім, Цяпер жа з суніцай уздыме Рука твая кубак: дзінь-дзінь!
Суніцы ў пілігрымцы Збірай, мілы браце, збірай! Таму, хто ў хвасце валачэцца, З суніцай прыходзь і натхняй!
Аксана Ючкавіч
|