Папа Францішак 13 сакавіка 2015 г. абвясціў Надзвычайны Святы Год Міласэрнасці. Ён пачаўся адкрыццём Святых Дзвярэй у базыліцы св. Пятра ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня, і завершыцца 20 лістапада 2016 г., ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.
На пачатку гэтага года Святы Айцец сказаў: «Гэта час міласэрнасці. Важна, каб вернікі жылі ёй і занеслі яе ў розныя сферы грамадства».
Год Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі пачнецца 13 снежня з адкрыцця Святых Дзвярэй ва ўсіх катэдрах і некаторых іншых святынях краіны. У цэлым у Беларусі будзе адчынена 17 сімвалічных Брамаў Міласэрнасці, якія з’яўляюцца знакам Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці.
Брамы Міласэрнасці — гэта таксама знак адпусту, які можна атрымаць на працягу ўсяго гэтага года пры звычайных умовах, удзельнічаючы ў святой Імшы і прыступаючы да святой Камуніі.
Для габрэяў са старажытных часоў юбілей быў годам, які адзначаўся кожныя 50 гадоў. У той час належала вярнуць роўнасць усім сынам Ізраэля, даць новыя магчымасці сем’ям, якія страцілі сваю маёмасць, а часам нават асабістую свабоду. Багатым юбілейны год нагадваў, што настаў час, калі нявольнікі з Ізраэля, якія зноў сталі роўнымі ім, могуць вяртацца да сваіх правоў. «Справядлівасць, паводле Закону Ізраэля, — гэта найперш абарона слабых» (св. Ян Павел II, Tertio Millennio Adveniente 13).
Каталіцкі Касцёл пачаў традыцыю Святога Года з пантыфікатам Баніфацыя VIII у 1300 г. Гэты Папа таксама прапанаваў святкаванне Юбілейнага Года кожныя 100 гадоў. З 1475 г., каб даць магчымасць кожнаму пакаленню перажыць Юбілей, гэты час быў скарочаны да 25 гадоў. Юбілей Надзвычайны ж пачынае абвяшчацца з асаблівай і важнай нагоды.
Да сённяшняга дня ў Касцёле было абвешчана 26 Юбілейных Гадоў. Апошнім быў Юбілей 2000 года. Апошнімі ж Надзвычайнымі Святымі Гадамі сталі 1933 год, абвешчаны Піем XI з нагоды 1900-годдзя Адкуплення, і 1983 год, абвешчаны св. Янам Паўлам ІІ у 1950-ю гадавіну Адкуплення. У нашы часы менавіта Юбілей Міласэрнасці стаў Надзвычайным Святым Годам, які быў прапанаваны Папам Францішкам.
Каталіцкі Касцёл надаў габрэйскаму юбілею больш духоўны характар. Юбілей засноўваецца на прабачэнні, адпушчэнні грахоў, адкрытае для ўсіх, на магчымасці аднаўлення адносін з Богам і бліжнім.
Такім чынам Святы Год становіцца магчымасцю паглыблення веры і новага ўключэння ў жыццё праз асабістае хрысціянскае сведчанне.
Юбілей пачынаецца адкрыццём Святых Дзвярэй, што сімвалічна ілюструе адкрыццё для ўсіх вернікаў гэтага асаблівага праходу ў напрамку збаўлення.
Юбілейны Год заўсёды абвяшчае Папа. З гэтай нагоды выдаецца була, у якой распавядаецца пра ўмовы яго правядзення і духоўныя плёны гэтага Юбілею.
Таксама па тэме:
Пералік звычайных Юбілеяў:
- 1300 — Баніфацый VIII
- 1350 — Клімент VI
- 1390 — абвешчаны Урбанам VI, праводзіўся Баніфацыем IX
- 1400 — Баніфацый IX
- 1423 — Марцін V
- 1450 — Мікалай V
- 1475 — абвешчаны Паўлам II, праводзіўся Сікстам IV
- 1500 — Аляксандр VI
- 1525 — Клімент VII
- 1550 — абвешчаны Паўлам III, праводзіўся Юліем III
- 1575 — Грыгорый XIII
- 1600 — Клімент VIII
- 1625 — Урбан VIII
- 1650 — Інакенцій X
- 1675 — Клімент X
- 1700 — пачаты Інакенціем XII, завершаны Кліментам XI
- 1725 — Бэнэдыкт XIII
- 1750 — Бэнэдыкт XIV
- 1775 — абвешчаны Кліментам XIV, праводзіўся Піем VI
- 1825 — Леў XII
- 1875 — Пій IX
- 1900 — Леў XIII
- 1925 — Пій XI
- 1933 — Пій XI
- 1950 — Пій XII
- 1975 — Павел VI
- 1983 — Ян Павел II
- 2000 — Ян Павел II
- 2015 — Францішак
У 1800 і 1850 гг. юбілей не адбыўся з прычыны тагачаснай палітычнай сітуацыі.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч
|