Учынак міласэрнасці для душы бліжняга – суцяшаць засмучаных |
Усяго патроху |
21.02.2016 00:00 |
Езус падчас сваёй Мукі заўважыў смутак іншых і, нягледзячы на неміласэрнасць салдат, аказвае міласэрнасць тым, якія плачуць. Падобным чынам у казанні на гары Ён кажа: «Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны» (Мц 5, 4). Сённяшні свет падобны да натоўпу людзей, якія жывуць у вялікім смутку. Свет адкідвае Хрыста, але толькі Хрыстус можа суцешыць свет. Аднойчы я сустрэў святара-місіянера, які цяпер працуе ва Уругваі. Ён распавёў наступную гісторыю. Няверуючы чалавек з горада, дзе ён працуе, спытаўся ў яго: «Як гэта магчыма: нашы сем'і, жонкі часта сумныя, а хрысціянскія сем'і заўсёды поўныя радасці?» На гэтае пытанне місіянер адказаў: «Напэўна, яны сустрэлі Хрыста, які ўнёс у іх жыццё радасць і ўсмешку». Сустрэча з Хрыстом з'яўляецца нечым вельмі важным ў жыцці. Мы, як хрысціяне, можам вучыцца ад нашага Настаўніка, як аказваць міласэрнасць і прыходзіць на дапамогу сумнаму чалавеку. Наш прыклад, нашыя ўчынкі, наш просты жэст можа дапамагчы іншым людзям убачыць Хрыста. Пост – гэта асаблівы час, калі мы можам праяўляць сваю міласэрнасць, каб дапамагчы «ажывіць» (уваскрасіць) людзей у адносінах з Богам. Евангеліст піша: «Вялікая радасць ад аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не маюць патрэбы ў навяртанні». І мы можам прыняць удзел у гэтым і рабіць учынкі міласэрнасці для душы бліжняга. |