Учынак міласэрнасці для душы бліжняга: маліцца за жывых і памерлых |
Усяго патроху |
01.03.2016 00:00 |
На абвяшчэнне Божага Валадарства Езус заўсёды высылае вучняў па двое, не паасобку, і гэта важна. Калі чалавек робіць нешта адзін, не заўсёды выходзіць добра: там недагледзеў, там не дакончыў, чагосьці не ведаў істотнага, іншае можна было зрабіць лепш, толькі трэба было папрасіць дапамогі... Сапраўды, калі нешта робіцца супольнасцю, добрай супольнасцю, выходзіць значна лепш. Калі параўнаць працу дзвюх каманд – з'яднанай, вопытнай, добра матываванай і абы-якой, сабранай з незнаёмых, розных, абыякавых адзін да аднаго і да справы людзей, – зразумела, што праца першай каманды будзе значна больш прадуктыўнай. Дык вось у гэтым і ёсць сэнс малітвы за іншых. Разам мы мацней. Праз узаемную падтрымку і дапамогу мы дабіваемся значна большага поспеху, чым паасобку. Як кажуць: «Ты маліся за мяне, я за цябе і спаткаемся ў небе!» Праз малітву за іншых мы прымаем актыўны ўдзел у іх жыцці, не пакідаем іх самотнымі не толькі ў цяжкія хвіліны, моманты крызісу, час барацьбы, але мы побач і ў радасныя моманты, хвіліны ўдзячнасці і праслаўлення. А разуменне, што за цябе хтосьці моліцца, вельмі дапамагае ў штодзённасці.
Падчас перажывання Года Міласэрнасці шмат гаворыцца пра адпусты, поўныя і частковыя, разважаецца пра іх сэнс і мэту, падкрэсліваецца іх важнасць і тое, што яны з’яўляюцца дапамогай не толькі для тых, хто іх атрымлівае. Практыка адпустаў прадугледжвае, што іх можна ахвяраваць або за сябе, або за душу канкрэтна акрэсленага памерлага. Кожны свядомы хрысціянін добра ведае гэтыя рэчы, і гэтае ўсведамленне, напэўна, многіх пабуджае да адпаведнага ладу жыцця. Але ёсць яшчэ і чысцец, існаванне якога з'яўляецца дагматам веры Каталіцкага Касцёла. У чысцы прабываюць душы, якія пасля Божага суду і перад небам пакутуюць за грахі, за якія не адпакутавалі падчас жыцця на зямлі. Невядома, колькі часу яны перажываюць гэтыя пакуты, але дакладна вядома, што мы, тыя, хто жыве на зямлі, можам прынесці гэтым душам палёгку.
Праз малітву, ахвяраванне адпустаў у іх інтэнцыі, а асабліва праз ахвяраванне святой Імшы мы можам здзяйсняць вельмі важныя і карысныя ўчынкі міласэрнасці тым, каго няма ўжо побач, але каму мы ўсё ж можам дапамагчы. Таму важна выкарыстоўваць кожную магчымасць, якая выпадае, а ў Год Міласэрнасці такіх магчымасцяў надзвычай шмат. А самі гэтыя душы, прабываючы ў стане асвячальнай ласкі, безумоўна, нам аддзячаць сваім заступніцтвам.
Малітва за іншых мае вялікую вартасць, а калі мы робім адну справу разам, яна абавязкова будзе мець поспех, аб чым гаворыць нам сам Езус: «Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх». Семінарыст Эрнэст Мікалайчык |