Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Учынак міласэрнасці для душы бліжняга: дараваць ахвотна крыўду
Усяго патроху
27.02.2016 00:00

У Евангеллі паводле Мацвея ёсць момант, калі апостал Пётр падыходзіць да Езуса з пытаннем, якое гучала наступным чынам: «Пане, колькі разоў я павінен прабачыць, калі мой брат мяне пакрыўдзіць? Ці аж сем разоў?» Адказ Езуса быў катэгарычны: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але семдзесят сем разоў».

Калі б гэтую размову Пятра з Езусам ператлумачыць, пазбаўляючы яе сімволікі лічбаў, якая, можа, не заўсёды зразумелая нам, то гэты дыялог прагучаў бы так: Пане, калі хтосьці шмат разоў пакрыўдзіць мяне, колькі разоў я магу яму дараваць? – Не шмат разоў, але заўсёды, – такім быў адказ Езуса.

Дарагія! Уменне дараваць крыўды – гэта адно з вельмі важных заданняў веруючага хрысціяніна. На жаль, ніхто з нас не ідэал. У жыцці мы часта сустракаемся з рэчаіснасцю крыўдаў і зла: спазнаем шматлікія абразы ад іншых людзей, але і самі здольныя пакрыўдзіць. Словам, учынкам, а часам нават позіркам. Маўчаннем ці ігнараваннем. Калі гэтага мы назбіраем шмат, то адчуваем, што ў нашае сэрца трапіла нейкая атрута. Яна быццам злы вірус, які нас пачынае пажыраць знутры. Гэта адлюстроўваецца не толькі на нашай духоўнай сферы, але і на псіхалагічнай і фізічнай. Мы пачынаем пакутаваць, ад нас пачынаюць пакутаваць іншыя. У гэтым нялёгкім стане мы адчуваем вострую неабходнасць нейкіх універсальных лекаў, якія б нас выратавалі з гэтага небяспечнага становішча.


Ведаеце, зло вельмі лёгка кідаецца ў вочы, а дабро мы прывыклі прымаць як штосьці натуральнае. Можа, варта паглядзець на гэта крыху па-іншаму: а менавіта навучыцца цаніць кожную праяву дабра ў сабе і ў іншых людзях. Не баяцца падкрэсліваць добрыя ўчынкі, не марнаваць ніводнай нагоды на добрыя словы, дзеянні, шчырую ўсмешку, сяброўскую падтрымку... Гэта нам дапаможа ўсялякую праяву зла перамагаць дабром і не трапіць у пастку нянавісці, бо яна найгоршая атрута, якая можа толькі быць. Як толькі мы раззлаваліся на свайго бліжняга, як толькі яму не прабачылі, то адразу апынуліся нібы звязаныя нябачнымі ланцугамі нянавісці. Мы адчуваем неспакой, гнеў, абразу, можа, нават жадаем знішчыць свайго так званага «ворага». Якія ж лекі нам могуць дапамагчы ад усяго гэтага?

Адзіныя лекі, якія нас могуць пазбавіць ад путаў зла і нянавісці, - шчырае прабачэнне. Дараванне правінаў ад сэрца тым, хто правініўся перад намі. У іншым месцы Евангелля паводле Мацвея Езус кажа: «Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны».


Прабачэнне вядзе нас да паяднання і супакою. Зло і нянавісць ніколі не вырашаць нашыя праблемы, а толькі ўскладняць і памножаць іх. Шчырае прабачэнне – гэта Божы дар, аб якім варта маліцца, за які належыць дзякаваць. Калі мы ахвотна даруем крыўду брату свайму, то неўзабаве адчуем сапраўдную палёгку ў сваім сэрцы і слодыч паяднання, якое не толькі дадасць нам сілы і ўпэўненасці, але і дазволіць іншым наследаваць гэтую евангельскую паставу, якую ажыўляе Божая міласэрнасць.

А. Андрэй Авен OCD

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.