Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Учынак міласэрнасці для цела бліжняга: прыняць у дом падарожных
Усяго патроху
13.03.2016 00:00

Святое Пісанне хваліць гасціннасць і дае нам шмат прыкладаў, як можна даць прытулак патрабуючым. Можна тут нагадаць усім вядомую прыпавесць пра міласэрнага мамараніна, які сустрэў чалавека, параненага разбойнікамі, і забяспечыў яму жыллё (гл. Лк 10, 30-37). Адкрытасць на патрабуючага чалавека – гэта і ёсць учынак міласэрнасці.

У нас зараз XXI стагоддзе, і мы можам вандраваць па ўсім свеце пры невялікім фінансавым накладзе. Існуюць танныя хостэлы, танныя пералёты. Арганізуюцца паездкі на аўтобусе, у цягніку, на пароме або з дапамогай танных авіяліній. Змена месца знаходжання найчасцей не стварае клопату ў сэнсе “не маю дзе пераначаваць”.

Справа ў іншым. Адкрыць дзверы свайго дома патрабуючаму чалавеку, які ў дарозе, - будзе азначаць адкрыць яму сваё сэрца, заўважыць яго бяду, патрэбы і паспрабаваць іх вырашыць. Бяздомныя або падарожныя, якіх належыць „прыняць у дом”, - гэта будуць асобы хворыя ці пажылыя, часам нават нашы бацькі або сваякі, якія звычайна не могуць самастойна
існаваць і патрабуюць дапамогі ў штодзённых чалавечых справах.  


Канешне, нельга абысціся без рашучасці і фантазіі міласэрнасці. Як да чалавека, патрабуючага нашай дапамогі (што можа з ім здарыцца, калі яму не дапаможам, гэта ж дапамагаем самому прыніжанаму Езусу), так і да нас саміх, таму што нельга быць наіўным і аддаваць пагрозе або маральнай крыўдзе сябе і нашых блізкіх з сям’і. Дзеля гэтага Стварыцель даў нам розум, каб мы ім карысталіся і дзейнічалі разумна. Нельга нам ніколі пакінуць чалавека без дапамогі, і адначасова трэба зрабіць гэта разумна і па меры сваіх магчымасцяў.

Я чуў у Польшчы прыгожую прыказку: “Госць у дом – Бог у дом”. Такім чынам, мы павінны прымаць кожнага чалавека ў нашых сценах, як самога Пана Бога. Прыказка гэтая не будзе аднабаковай. Бог, прыняты сардэчна ў нашым доме, аддзячыць па-Божаму.

Мы чакаем адкрытага дому вельмі моцна, з тугою. Памятаю, як мой памерлы ўжо бацька, ведаючы, што я павінен неўзабаве прыехаць дадому, шырока адчыняў вароты і пакідаў іх адчыненымі. Калі я пад’язджаў і бачыў гэты знак, то ведаў – мяне чакаюць. У такі дом мы ўваходзім з даверам, таму што там жывуць людзі з адкрытымі сэрцамі.

Тут належыць узгадаць таксама пілігрымаў, якія штогод у вялікай колькасці накіроўваюцца з усіх куткоў Беларусі ў Будслаў або ў іншыя санктуарыі нашай сінявокай Бацькаўшчыны. Клопат, каб забяспечыць ім дах над галавою і падаць “кубак вады” – гэта асаблівы абавязак усіх, каго яны мінаюць і дзе затрымліваюцца. Гэта адначасова абавязак і прывілей. Такая гасціннасць дае свядомасць духоўнага саўдзелу ў іх вандраванні, нягледзячы на фізічную немагчымасць крочыць пілігрымскім шляхам. Нярэдка тады ствараюцца сардэчныя сувязі і знаёмствы, якія аднаўляюцца штогод або і на працягу года.

Наша зямля славутая гасціннасцю, бо перажываем тут сваю штодзённасць сярод розных нацыянальнасцяў і культур, аднак жа варта яшчэ раз нагадаць, што неабходна мець таксама цноту (добрую здольнасць) прадбачлівасці. Яна нагадвае нам заўсёды разважліва бачыць далей, заўважаць наступствы нашых учынкаў і ўзважваць іх вартасць. Калі адчыняем дверы дома невядомым людзям, могуць стварацца абставіны для спакус і небяспек. Аб гэтым усім павінны памятаць добрыя гаспадары і рашуча не згаджацца на дрэнныя прапановы гасцей.

Некалі наша група плыла кацерам па Аўгустоўскім канале, на беразе нам махала моладзь. Капітан памахаў рукой, маладыя людзі зразумелі, што іх клічуць, і прыплылі да нас. Увайшлі на борт і адразу прапанавалі выпіць. Правілам капітана на гэтым кацеры было: на кацеры ніхто не п’е! Як госці прыплылі, так і адплылі на бераг!

Асноўны намер міласэрнага сэрца хрысціяніна, які хоча зрабіць учынак міласэрнасці: прыняць Езуса, які стаіць перада мною. Аднак жа сэрца і розум параяць, што канкрэтна зрабіць. Нярэдка неабходна проста добрае слова, парада, падказка дарогі ці месца, дзе можна пераначаваць. Такая зычлівая дапамога таксама каштоўная і важная ў Божых вачах.

А. Анджэй Юхневіч ОМІ

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.