Учынак міласэрнасці для цела бліжняга: адзець нагіх |
Усяго патроху | ||||
10.03.2016 00:00 | ||||
Адсутнасць адзення выстаўляе чалавека на кпіны з боку іншых людзей, чалавек губляе сваю годнасць, становіцца абяздоленым і безабаронным. Прычынай агалення і ўсёй гамы негатыўных пачуццяў, з ім звязаных, з’яўляецца, у большасці выпадкаў, грэх: свой уласны, калі пад яго ўплывам чалавек апускаецца на дно свайго існавання, або бліжняга, калі людзі, напоўненыя прагавітасцю матэрыяльных рэчаў, прама або ўскосна пазбаўляюць вопраткі і годнасці шматлікіх асобаў у гэтым свеце.
Tissot James, 1892. Сім і Яфет прыкрываюць галізну Ноя, свайго бацькі. Мы, хрысціяне, добра ведаем, што ў такім выпадку маем рабіць. Ведаем аб учынку міласэрнасці – нагіх адзець, які падае нам у катэхізісе Касцёл, засноўваючы сваю навуку на Божым слове. Даць вопратку нагім лічылася ў Старым Запавеце добрым учынкам, поўным міласэрнасці. Тобій так павучаў свайго сына: “Хлебам сваім падзяліся з галодным і адзеннем з голым” (Тоб 4, 16). Для ізраэльцяніна адзенне было такім жа важным, як хлеб і вада. Успамінае аб гэтым мудрэц Сірах: „Галоўнае для чалавечага жыцця: вада, і хлеб, і адзенне, ды дом, каб схаваць сорам” (Сір 29, 24). Адзенне бароніць перад ім і забяспечвае чалавечую годнасць. У кантэксце такога падыходу належыць змясціць драматычную сцэну агалення Езуса перад укрыжаваннем: “Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку” (Ян 19, 23). У гадзіну сваёй смерці безабаронны Езус спазнаў разбуральныя наступствы недахопу адзення. Выстаўлены на ўсеагульны агляд, яшчэ больш стаўся аб’ектам абразаў і кпінаў. Збаўца прыняў на сябе ўсё цярпенне, якое звязана з галізною.
Адзець нагіх – гэта адзін з асноўных абавязкаў захавання права і справядлівасці. Забяспечванне вопраткай і клопат аб тым, каб ніхто з акружэння не застаўся голым, з’яўляецца ўмовай гарманічнага грамадскага жыцця. Аддаць каму-небудзь сваё адзенне з’яўляецца ў Бібліі сведчаннем сардэчнасці і братэрства (1 Сам 18, 3-4). І няма нічога дзіўнага, што – як у выпадку наталення голаду і смагі – вобраз Апошняга Суду ў навучанні Езуса (Mц 25, 31-46) заключае ў сабе абвяшчэнне ўзнагароды і кары таксама ў тым, што датычыцца апранання нагіх. Хрыстус кажа тым, хто пасля смерці будзе з Ім у Нябесным Валадарстве: “[Я] быў голы, і вы апранулі Мяне” (Mц 25, 36); тым жа, хто будзе асуджаны на “агонь вечны”: “[Я] быў голы, і вы не апранулі Мяне” (Mц 25, 43). У гэтых словах Езус атаясамляецца з тымі, хто церпіць нястачу ў адзенні, такім чынам адзець нагога – гэта значыць падарыць сваю вопратку Хрысту. Адмаўляючы іншым у вопратцы, мы можам пераканаць іх, што, пакінутыя людзьмі, яны былі пакінуты таксама Богам. Між тым нават у сітуацыі найбольшых грахоў шчыры жаль за зробленае зло чыніць так, што апошнім словам Бога заўсёды з’яўляцца прабачэнне. Мука, Смерць і Уваскрасенне Хрыста – гэта праяўленне найбольшай Міласэрнасці Бога адносна нас – грэшных. Бог наш Айцец, а мы Яго дзеці, таму вельмі актуальным для нас з’яўляецца заклік Папы Францішка на Год Міласэрнасці: “Міласэрныя, як Айцец”. І нават калі мы не маем нагіх вакол сябе, то можам ім дапамагчы праз дабрачынныя арганізацыі. Напрыклад, аднесці ўжываную, але яшчэ добрую вопратку ў “Caritas”: члены гэтай каталіцкай арганізацыі маюць большы кантакт з беднымі людзьмі. Праз іх пасрэдніцтва мы можам выканаць учынак міласэрнасці – нагіх адзець – і такім чынам споўніць абавязак хрысціянскай любові, прыйсці з дапамогай тым, хто знаходзіцца ў нястачы і прыніжэння, вярнуць ім пачуццё чалавечай годнасці, а для сябе атрымаць узнагароду ад міласэрнага Айца. “Давайце, і будзе дадзена вам” (Лк 6, 38). |