Значэнне і гісторыя пілігрымавання |
Усяго патроху |
17.06.2016 11:23 |
Слова «пілігрымка» знаёмае бадай што кожнаму католіку, таму што адразу асацыюецца з доўгім падарожжам, напоўненым малітвамі, спевамі і... мазалямі. Традыцыя пілігрымавання ў свеце вельмі распаўсюджана і мае багатую гісторыю. rШто такое пілігрымка? Паняцце «пілігрымка» ёсць у хрысціянстве, а таксама ў іншых рэлігіях. У хрысціянстве яна вызначаецца як падарожжа ў Святую Зямлю і іншыя геаграфічныя мясцовасці, якія маюць сакральнае значэнне для хрысціян, з мэтай пакланення і малітвы. Чалавека, які здзяйсняе падарожжа, называюць паломнікам або пілігрымам.
Пілігрымы здзяйсняюць сваё духоўнае падарожжа ў розных мэтах. Гэта і просьбы аб здароўі для сябе і сваіх блізкіх, перапрашэнне за грахі і правіны, падзяка Богу за атрыманыя ласкі і шматлікія іншыя інтэнцыі. Адкуль з’явіліся пілігрымкі? Калі казаць агулам, то традыцыя здзяйсняць пешае падарожжа да святых месцаў даволі даўняя. Яшчэ ў Старым Запавеце мы сустракаем выпадкі такога пілігрымавання, калі пабожныя ізраільцяне хадзілі ў пілігрымку да Скініі з Каўчэгам Запавету (пазней — у Ерузалемскі храм) для здзяйснення ахвярапрынашэнняў і малітваў. У Новым Запавеце — прыклад, калі Святая Сям’я (Марыя, Юзаф і 12-гадовы Езус) пайшлі ў Ерузалем на свята Пасхі (Лк 2, 41-52). Таксама можна сустрэць і шмат іншых прыкладаў. Пасля смерці і ўваскрасення Хрыста асноўнай мэтай пілігрымаў сталі месцы, звязаныя з жыццёвым шляхам Сына Божага. Каб перашкодзіць першым хрысціянам здзяйсняць пілігрымкі, рымскія імператары імкнуліся знішчыць усё, звязанае з жыццём і дзейнасцю Езуса. Яны загадвалі руйнаваць храмы, перайменоўвалі гарады, а на месцы хрысціянскіх святыняў ладзілі язычніцкія капішчы.
У пачатку VII стагоддзя (638 годзе) тэрыторыю Палесціны захапілі арабы-мусульмане. Таму колькасць пілігрымак у Святую Зямлю значна скарацілася. Замест іх сталі папулярнымі рэгіянальныя пілігрымкі да святых месцаў (санктуарыяў). Найбольшую значнасць сярод іх атрымалі пілігрымкі да грабніц апосталаў. Самымі папулярнымі з іх былі пілігрымкі да месцаў пахавання апосталаў Пятра і Паўла ў Рыме, а таксама да грабніцы св. Якуба ў Санцьяга дэ Кампастэла (Іспанія). Пілігрымкі да санктуарыяў Маці Божай сталі папулярнымі ў XVI стагоддзі. Тады ж аднавілася традыцыя IV ст. каранаваць найбольш значныя для хрысціян абразы Маці Божай. Гісторыя пілігрымак на суседніх з Беларуссю тэрыторыях распачынаецца ў 2-й палове XVI ст. Тады ў 1651 годзе папскім нунцыем у Варшаве быў укаранаваны абраз Маці Божай Ласкавай. Пазней адбылася каранацыя абразоў Маці Божай у Чэнстахове, Тракаі, Кодані, Сокале і Падкамені. Пілігрымкі ў Беларусі Першым укаранаваным абразом Маці Божай на тэрыторыі Беларусі стаў абраз Жыровіцкай Божай Маці. Абраз шануецца не толькі католікамі і праваслаўнымі, але і вернікамі Рыма.
Абраз Маці Божай Жыровіцкай У Вечным горадзе копія абраза Маці Божай Жыровіцкай у выглядзе фрэскі была адкрыта пад тынкамі муру ў 1718 годзе ў касцёле свв. Сяргея і Бакка. Фрэску перанеслі ў галоўны алтар і зараз ушаноўваюць як Мадонну дэль Паскола. Затым, у 1761 годзе, быў каранаваны абраз Маці Божай у Бялынічах. Доўгі час абраз лічыўся страчаным, а нядаўна была знойдзена копія абраза за бакавым алтаром у касцёле ў Новай Мышы (Баранавіцкі р-н). Цуды праз заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай адбываюцца і зараз. На працягу XIX-XX стст. адбываўся жорсткі пераслед Касцёла спачатку ва ўмовах Расійскай імперыі, потым СССР. Таму пілігрымкі ў гэты час амаль не праводзіліся. Вернікі таемна праводзілі пілігрымкі да розных санктуарыяў краіны. У гэты час удалося нават каранаваць абраз Маці Божай Вастрабрамскай у Вільнюсе. Пасля адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі аднавіўся і пілігрымкавы рух. Акрамя гэтага, адбыліся каранацыі найбольш шанаваных абразоў Маці Божай на тэрыторыі Беларусі. У 1996 годзе быў каранаваны абраз Маці Божай Брэсцкай, у 1997 г. — Маці Божай Лагішынскай, у 1998 г. — Маці Божай Будслаўскай, у 2005 г. — Маці Божай Кангрэгацкай (знаходзіцца ў катэдральным касцёле ў Гродне), у 2009 г. — Маці Божай Тракельскай. Акрамя пілігрымак да цудатворных абразоў Маці Божай, ёсць пілігрымкі, якія ўшаноўваюць Езуса. Напрыклад пілігрымка «Гродна-Рось» у санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. Кожная пілігрымка — гэта найперш шлях да Бога: у малітве, разважанні, пераадольванні перашкодаў. Летні час дае кожнаму з нас магчымасць прайсці гэтым шляхам пілігрыма і стаць бліжэй да Божага Валадарства. Паводле інтэрнэт-крыніц падрыхтавала Марына Валасар |