Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Айцец Нябесны і бацькі зямныя: адрознае і падобнае (частка 1)
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
02.06.2011 12:09

Адносіны паміж бацькамі і дзецьмі — тэма, зразумела, не новая. Пра гэта напісаны сотні кніг і артыкулаў, якія прысвечаны ўсім дэталям і асаблівасцям гэтага ўзаемадзеяння. Аднак менавіта гэты бок адносінаў паміж людзьмі аказвае найбольшы ўплыў як на псіхалагічны стан чалавека, так і на ягоную духоўнасць: бацькі фармуюць у дзіцяці вобраз Бога, нават калі самі няверуючыя.

 rАдносіны паміж бацькамі і дзецьмі — тэма, зразумела, не новая. Пра гэта напісаны сотні кніг і артыкулаў, якія прысвечаны ўсім дэталям і асаблівасцям гэтага ўзаемадзеяння. Аднак менавіта гэты бок адносінаў паміж людзьмі аказвае найбольшы ўплыў як на псіхалагічны стан чалавека, так і на ягоную духоўнасць: бацькі фармуюць у дзіцяці вобраз Бога, нават калі самі няверуючыя.

Калі памятаеце, у папярэдняй размове мы казалі, што ўнутраны свет чалавека мае два складальнікі: Божае і сацыяльнае. Стаўленне бацькоў да дзіцяці з’яўляецца асноўным «каменем» у сацыяльным падмурку духоўнага развіцця. Бог кожнаму дзіцяці дае сваю ласку, аднак тое, што станецца з духоўным светам дзіцяці, у вялікай ступені залежыць ад таго, які вобраз бацькоў яно мае ў душы, які досвед вынесла з узаемадзеяння з імі, чаму навучылася.

Засяродзімся на найбольш раннім перыядзе, калі адносіны паміж бацькамі і немаўляткам толькі фарміруюцца. Гэты этап — ад нараджэння дзіцятка да трохгадовага ўзросту — з’яўляецца адным з найбольш важных, таму што менавіта ў гэты час закладваюцца падмуркі для далейшага гарманічнага развіцця асобы.

Першая частка нашай размовы будзе прысвечана таму, што адчувае немаўля і як ягоныя пачуцці развіваюцца на працягу трох першых гадоў жыцця.

Першыя эмоцыі, якія адчувае маленькі чалавек, — гэта страх, гнеў, а пазней і радасць. Гэтыя пачуцці адрозніваюцца ад эмоцый дарослых па сваёй моцы. Для немаўляці страх — як для дарослага страх смерці, паніка, якая ўзнікае пры рэальнай пагрозе для жыцця. Яно і зразумела: пасля 9 месяцаў спакойнага, сытага і ўтульнага жыцця дзіця з болем аказваецца выкінутым у незнаёмы, варожы свет, у якім яно цалкам бездапаможнае, не можа задаволіць ніякіх, нават найпрасцейшых сваіх патрэбаў, і таму наогул не ўпэўнена, ці выжыве яно ў гэтым свеце. У дзіцяці яшчэ няма досведу, які кажа, што прыйдзе мама, пакорміць, сагрэе, супакоіць. Дзіця, умоўна кажучы, разлічвае толькі на сябе і разумее, што не выжыве.

Гнеў немаўляці роўны шаленству дарослага. Гэта стан, калі чалавек ужо не кантралюе ні думак, ні ўчынкаў, не памятае самога сябе. Радасць, напэўна, з’яўляецца чымсьці, што нагадвае стан душы ў раі — лепш быць проста не можа. Яна ўзнікае, калі нейкая патрэба немаўляці задавальняецца (было галодным — мама пакарміла, было халодна — мама сагрэла і г.д.). Гэтак жа незадаволеная патрэба прабуджае шалёны гнеў.

І гэта нармальнае развіццё дзіцяці. Гэтыя пачуцці нельга назваць добрымі ці дрэннымі. Яны проста ёсць.

Іншай асаблівасцю немаўляці з’яўляецца тое, што яно не адчувае межаў свайго цела. Менавіта таму немаўляткі так энергічна даследуюць сябе, боўтаюць ручкамі, ножкамі, спрабуюць голас: для іх гэта нешта зусім новае, з чым варта пазнаёміцца бліжэй. Такім жа чынам у самым раннім узросце дзіцё не ўсведамляе  сігналаў, якія падае, напрыклад, плач. Яму здаецца, што мама з’яўляецца і выконвае ягоныя жаданні проста таму, што яно вельмі моцна гэтага жадае, быццам і мама, і задавальненне жаданняў ствараецца проста моцай ягонай думкі. Адсюль недалёка і да таго, каб уявіць сябе ўсемагутным, што немаўля і робіць.

Вырашыўшы, што ягоныя жаданні усемагутныя, немаўля прыкладна на 6–7 месяцы жыцця пачынае «задумвацца» (у пэўным сэнсе) над тым, што яму рабіць са сваімі моцнымі пачуццямі. Асабліва гэта датычыць пачуцця гневу, калі дзіця злуецца на маму за тое, што яна не задавальняе ягоных патрэбаў. «А што, калі мой гнеў можа забіць маму?» — гэтае пытанне з’яўляецца новай прыступкай у развіцці немаўляці, таму што пераводзіць фокус ягонай увагі з сябе самога на бліжняга, пакуль што толькі на маці. Праз гэтае непрамоўленае пытанне дзіця вучыцца спачуванню, а таксама адказнасці за свае пачуцці і дзеянні. Таму менавіта ў гэтым узросце мы можам назіраць, як дзіцятка, пацягнуўшы, напрыклад, маму за валасы, потым адразу цалуе яе альбо ўсміхаецца. Гэты пацалунак ці ўсмешку псіхолагі называюць рэпарацыяй, г.зн. тым, чым дзіця як бы згладжвае, кампенсіруе праяву агрэсіі. Вельмі важна прыняць гэтую рэпарацыю, таксама ўсміхнуцца ці пацалаваць дзіцятка, каб яно магло ўпэўніцца ў тым, што ягоны гнеў не можа забіць маці, і тым самым больш пазнала навакольны свет.

Дзіцятка падрастае і ўсё болей цікавіцца тым, што адбываецца навокал яго. Развіваючыся таксама фізічна, яно кожны дзень робіць для сябе неверагодныя адкрыцці: я магу пераварочвацца на другі бок… Сядзець… Хадзіць… Бегаць… Узбірацца па лесвіцы… У гэты перыяд наступае яшчэ адзін важны этап развіцця дзіцяці — пачатак ягонага актыўнага знаёмства са знешнім светам. Яму ўсё цікава, усюды хочацца залезці, усё пакаштаваць… Тыя, у каго ёсць маленькія дзеці, гэта пацвердзяць.

Аднак не ўсё так проста.

Свет навокал дзіцятка вельмі прывабны і цікавы, аднак і вельмі страшны. Таму яно аказваецца перад вельмі складаным выбарам: набываць самастойнасць у гэтым страшным свеце, адчуваць небяспеку, рызыкаваць і такім чынам сталець, ці схавацца за маму, адчуваць сябе ў бяспецы, па магчымасці нічога супольнага не мець са знешняй рэальнасцю, але не адкрыць сваю індывідуальнасць, не стаць незалежнай у псіхалагаічным сэнсе асобай. Звычайна дзеці пераадольваюць гэты крызіс, то набліжаючыся, то аддаляючыся ад мамы. Напэўна, шмат хто з вас назіраў сцэну: дзіця гуляецца дзесьці, а потым раптам падхопваецца і бяжыць да мамы, абдымае, часам плача… Затым ізноў бяжыць па сваіх справах. З цягам часу дзіцяці дастаткова толькі бачыць маму, кінуць позірк на яе. Потым проста ведаць, што мама побач, напрыклад, у суседнім пакоі… Канчатковае вырашэнне гэтага крызісу наступае тады, калі вобраз мамы як бы пасяляецца ў душы дзіцяці і можа ўжо сам падтрымліваць сябе, супакойваць і г.д. На жаль, даволі часта складваецца сітуацыя, калі мама не падтрымлівае малога ў ягоных пошуках, а наадварот, уздейнічае на яго негатыўна.

У другой частцы артыкула звернем увагу на ролю, якую адыгрываюць бацькі на працягу першых гадоў жыцця дзіцяці.

Наталля Станкевіч 

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.