Айцец Нябесны і бацькі зямныя (частка 3) |
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч |
28.06.2011 13:28 |
Сёння мы працягнем гаворку аб межах: аб тым, адкуль яны паходзяць, для чаго патрэбны і як уплываюць на наша жыццё. У папярэдняй размове мы казалі, што немаўля не адчувае сваіх межаў, нават фізічных. Яно не ведае, дзе пачынаецца і заканчваецца ягонае цела. r Веды аб сваім фізічным стане дзіцятка набывае праз даследаванне сябе самога, а таксама праз дзеянні маці, якая гладзіць яго, робіць масаж, купае, лашчыць — гэта значыць, так ці інакш дакранаецца да цела дзіцятка. Пры гэтым мама не можа трапіць унутр дзіцячага цела, а калі яна знаходзіцца трохі далей, дзіця не адчувае яе дотыкаў. Такім чынам, першай мяжой для дзіцяці становіцца ўласная скура. Іншы тып межаў, мы будзем іх называць сацыяльнымі, рэгламентуе паводзіны дзіцятка, тыя нормы і правілы, згодна з якімі яно будуе свае адносіны з навакольным светам і з іншымі людзьмі. Мы ўжо казалі, што ў межах спалучаюцца правобразы Боскай любові і справядлівасці. У дзесяці запаведзях любоў і справядлівасць Бога спалучаюцца, магчыма, у ідэальнай «прапорцыі», так, каб ні таго, ні іншага не было занадта шмат ці, наадварот, мала. Для бацькоў, звычайных людзей, гэтая задача з’яўляецца значна больш складанай. Давайце разгледзім, у які бок могуць схіляцца вагі паміж любоўю і справядлівасцю (іншымі словамі — паміж любоўю і забаронай), і высветлім тыя наступствы, якія маюць гэтыя «ваганні» для адносінаў чалавека з іншымі людзьмі і з Богам. Разважаючы на гэтую тэму, я буду спасылацца на кнігу Дэна Алендэра, псіхолага і хрысціяніна, якая мае назву «Як дзеці выхоўваюць бацькоў». Зыходзячы з уласнага бацькоўскага досведу, Алендэр вылучыў два галоўныя пытанні, якія дзеці задаюць сваім бацькам. Прычым робяць яны гэта пастаянна, і далёка не заўсёды праз словы, часцей — праз паводзіны, учынкі, адносіны да бацькоў і г. д. Гэтыя пытанні наступныя: 1. Ці ты мяне любіш? 2. Ці я магу рабіць абсалютна ўсё, што мне хочацца? Як бачым, пытанні гэтыя напрамкі датычацца любові і межаў — забаронаў. На думку Алендэра, якую і я падзяляю, адзіным слушным спалучэннем адказаў бацькоў на гэтыя пытанні з’яўляецца наступнае: 1. ТАК, мы любім цябе больш за ўсё на свеце. 2. НЕ, ты не можаш рабіць усё, што захочаш. Зразумела, бацькі таксама адказваюць не словамі, а сваімі адносінамі з дзецьмі. Калі бацькі кіруюцца гэтай камбінацыяй адказаў, яны могуць спалучаць любоў і строгасць так, што ніводны з гэтых элементаў не адмаўляе існавання другога: любоў бачна ў паводзінах бацькоў, іх поглядах, у манеры размовы з децьмі, голасе — аднак гэтая любоў не забываецца і забараніць дзецям тое, што можа ім пашкодзіць. Разгледзім цяпер іншыя магчымыя камбінацыі адказаў на гэтыя пытанні. На жаль, кожнае з іх больш ці менш часта сустракаецца ў жыцці і становіцца прынцыпамі выхавання. Камбінацыя 1: ТАК, мы любім цябе. ТАК, ты можаш рабіць усё, што захочаш. Любоў тут не ставіць ніякіх абмежаванняў, і таму сама мяжуе з абыякавасцю: «Давай я куплю табе ўсё, што захочаш, а нават калі гэта табе шкодна — дык гэта ж дзіцятка просіць, як яму адмовіш…» Штосьці падобнае можна назіраць у любові бабуль і дзядуляў да ўнукаў. Чытала нават гісторыю пра дзіця, у якога была ад нараджэння вельмі моцная алергія на шакалад. Зразумела, бацькі ніколі не куплялі яму ласункаў з шакаладу. Аднак бабуля часам употай частавала яго шакаладкай: «Бацькі ставяцца да цябе строга, а я вось свайму ўнучку дам салодзенькага…». Пасля чаго, вядома, дзіцяці рабілася дрэнна. Самае цікавае — бабуля была медыкам! Бываюць і іншыя сітуацыі. Да мяне за кансультацыяй неяк звярнулася жанчына, якая трапіла ў наступную гісторыю: яна пайшла з сынам да крамы. Хлопчык, гадоў 6, стаў голасна патрабаваць дарагія алоўкі. Калі маці яму адмовіла, у яго пачалася істэрыка, якая імгненна скончылася тады, калі нейкая жанчына, незадаволена пазіраючы на маці, сказала: «Ну дай я табе куплю тыя алоўкі, калі ўжо маці не хоча…» Грамадства, такім чынам, часам вельмі спакушае нас пайсці па шляху «любові без аніякіх абмежаванняў». З дзяцей, выхаваных па такім прынцыпе, вырастаюць людзі, упэўненыя, што ўвесь свет, а таксама і Бог, штосьці ім павінны. Яны не могуць перанесці той непрыемнасці (па-навукова-псіхалагічнаму — фрустрацыі), якую нясуць з сабою межы. Яны не чуюць слова НЕ, і не разумеюць яго. У сужэнстве яны ўпэўнены, што сужэнец павінен клапаціцца пра іх, выконваць жаданні, нарэшце, «жыць дзеля мяне». На працы ім цяжка суіснаваць з іншымі супрацоўнікамі, асабліва калі тыя не збіраюцца, як кажуць, «танчыць пад іхнюю дудку». Бога, калі яны наогул задумваюцца аб Ім, яны часта ўяўляюць як нейкага «добрага дзядулю», які ўсё дазваляе, усё прабачае і павінен толькі рабіць тое, што прыемна для іх. Таму, зразумела, калі ў жыцці такіх людзей здараюцца цяжкасці, яны вельмі гневаюцца на Пана Бога, на людзей, на абставіны — але толькі не на сябе саміх. Фактычна, яны застаюцца разбэшчанымі дзецьмі-немаўлятамі (памятаеце, мы казалі, што калі патрэбы немаўляці незадаволеныя, асноўнай рэакцыяй на гэта з’яўляецца гнеў). Камбінацыя 2: НЕ, мы не любім цябе. ТАК, ты можаш рабіць усё, што захочаш. Сітуацыя абыякавасці ў дачыненні да дзіцяці, адвяржэння яго. «Хай робіць, што хоча, абы пад нагамі не блыталася!» Усе, напэўна, бачылі «дзяцей вуліцы» — тых, якія і маюць юрыдычна бацькоў, але да позняй ночы гойсаюць па дварах, збіваюцца ў кампаніі, а дамоў не хочуць ісці, бо маюць толькі «хату», а не дом. Сітуацыі няпоўных сем’яў, бацькоў-алкаголікаў адносім да гэтай камбінацыі. Такія дзеці вучацца выжываць па законах вуліцы, а патрэбу ў любові хаваюць недзе вельмі глыбока ў душы, каб не адчуваць болю пакінутасці. Пазней, з узростам, у якасці «абязбольваючага» пачынаюць выступаць алкаголь, наркотыкі, раннія сексуальныя стасункі, злачынствы і звязаны з імі «экстрым» і г. д. Вобраз Бога для такіх дзяцей (падлеткаў, дарослых) — такі ж, як і вобраз іх бацькоў: «Калі Ён і ёсць, Яму пляваць на мяне, мае праблемы Яго не клапоцяць». Асноўная эмоцыя гэтых людзей у дачыненні да свету, людзей і Бога — гнеў, але не таму, што хтосьці не задавальняе іх жаданняў, а таму, што іх пакінулі, яны не патрэбныя, выкінуты з жыцця. Такі гнеў нараджае жаданне помсціць (а гэта таксама спосаб звярнуць на сябе ўвагу!), злосць, недавер, расчараванне, роспач і г. д. Камбінацыя 3: НЕ, я не люблю цябе. НЕ, ты не можаш рабіць тое, што хочаш. Сітуацыя чыстага садызму. «Я не люблю цябе, але калі ты ўжо з’явіўся — будзеш рабіць тое, што я скажу, каб кампенсаваць тыя клопаты, якія прычыняеш». Падсвядома так паступаюць бацькі нежаданых дзяцей, якія хочуць выкарыстаць іх для здзяйснення сваіх мар, якія не здолелі здейсніць іх самі (аб гэтай сітуацыі я трохі распавядала ў першым артыкуле). Я чула, напрыклад, такую гісторыю з жыцця: хлопец, 9–10 год, малодшы ў сям’і, прыбіраецца ў кватэры. Побач сядзіць ягоны бацька, размаўляе з сябрам па тэлефоне і скардзіцца яму: «Ай, дзеці, лянота такая, нічога ў доме не робяць, толькі б паесці ды сысці куды…» Бог для такіх людзей заўжды суровы, які не мае любові і толькі і чакае, каб чалавек дзесьці памыліўся, каб пакараць яго. Што тычыцца іх стаўлення да людзей, то яны могуць быць ці то занадта мяккімі, не ўмець адстойваць свае інтарэсы, заўсёды з усімі згаджацца, нават шкодзячы сабе, — а могуць, наадварот, кантраляваць іншых людзей гэтак жа, як і іх кантралявалі ў дзяцінстве. Як бачым, межы, а таксама правільнае спалучэнне паміж любоўю і строгасцю маюць вельмі важнае значэнне для развіцця чалавека. Якія ж высновы можна зрабіць з факту іх існавання ў жыцці дарослага чалавека? Па-першае, відавочна, што межы аддзяляюць аднаго чалавека ад другога, а таксама чалавека ад навакольнага асяроддзя: «Я — гэта не ты»; «я — не адно і тое ж, што мая праца, маё Я шырэйшае за выключна прафесійныя рысы». Па-другое, існаванне межаў дае нам магчымасць казаць «не», адмаўляць іншым. Зразумела, мы ведаем, што людзі, асабліва хрысціяне, павінны дапамагаць бліжнім. Але ёсць вялікая розніца паміж тым, калі чалавек дапамагае «ад усяго сэрца», таму што хоча дапамагчы, і тым, калі ён проста не ў стане сказаць «не», і дапамагае не з любові, а па прымусе, прыносіць «ахвяру, а не любоў». У гэтым, дарэчы, заключана сутнасць адрознення просьбы і загаду: на просьбу можна даць адмоўны адказ. Часта, на жаль, сустракаюцца загады, «замаскіраваныя» пад просьбу, калі адказ «не» не прадугледжаны. Па-трэцяе. Як чалавек сам будуе свой дом, так ён будуе і свае межы. Яны могуць быць больш шырокімі ці больш вузкімі і наогул змяняцца ў залежнасці ад таго, з кім і пры якіх абставінах мы маем кантакт. Калі працягваць паралель з домам: камусьці мы дазваляем там жыць, камусьці — наведваць нас у ім і праводзім гэтага чалавека ў лепшы пакой; з кімсьці можам паразмаўляць на кухні, а камусьці наогул не дазволім увайсці. Здаецца, што з існавання межаў вынікаюць адны правы: межы праведзены, каго хачу — дапускаю, каго не хачу — не дапускаю, на просьбы даю адмоўны адказ — карацей, як бы дыктую ўмовы ўсяму свету. Аднак з існавання межаў вынікаюць і абавязкі, і іх мінімум два: 1. Існаванне межаў аднаго чалавека аўтаматычна прадугледжвае іх наяўнасць у іншых, а таму першы абавязак кожнага — паважаць асабістую прастору тых, хто вакол. Самы просты прыклад гэтай павагі — умець прыняць адмову на сваю просьбу: «так, я магу адмовіць табе, але і ты маеш права адмовіць мне». 2. Чалавек, які з’яўляецца гаспадаром свайго дома, сам вырашае праблемы, звязаныя са сваёй гаспадаркай. Гэткім жа чынам кожны чалавек нясе адказнасць за тое, у якім стане знаходзіцца ягоная ўнутраная прастора. На жаль, у нашыя часы існуе шмат фактараў, якія могуць нанесці чалавеку псіхалагічныя і маральныя траўмы. Часта гэтыя фактары не залежаць ад волі чалавека і ён не можа паўплываць на іх (напрыклад, развод бацькоў, хвароба ці смерць кагосьці з блізкіх). Але выпраўляць наступствы чалавеку ўсё ж даводзіцца самому. Можна параўнаць такую сітуацыю з наступным прыкладам: калі падчас буры ў доме пашкодзіўся дах, можна наракаць на змяненні клімату, якія прывялі да ўрагану, можна лаяцца на будаўнікоў, якія не зрабілі дах больш надзейным, можна сумаваць аб тым, што разам з дахам знішчылася антэна-«талерка», — але праблему адсутнасці даху можна вырашыць толькі праз рамонт, і гэта задача гаспадара. Ён можа паклікаць каманду будаўнікоў, можа ўзяцца за справу сам ці запрасіць сяброў, але ўсе рашэнні ляжаць на ім. Ён не можа сказаць камусьці: «Вырашы маю праблему за мяне». На жаль, вельмі часта разумення гэтага не хапае ў найбольш блізкіх адносінах паміж людзмі: паміж сябрамі, сужэнцамі. Напрыклад, сужэнцы доўга жывуць разам, і тут муж пачынае «хадзіць налева», выпіваць. Змяняць нічога не хоча, яго задавальняе жыццё на два дамы. Жанчына плача: «Чаму ён са мною так? Усё жыццё яму дагаджала, а цяпер непатрэбная…» Але муж робіць тое, што жонка дазваляе з сабою рабіць. Межы дазволенага ў гэтай сям’і не праведзеныя, і ад жанчыны ў дадзеным выпадку залежыць — будзе яна вырашаць гэтую праблему ці не. Яскравы біблейскі прыклад таго, як ставіцца да адказнасці Бог, знаходзім у Кнізе Быцця. Пасля зграшэння Адам і Ева схаваліся. Калі прыйшоў Пан, то запытаўся ў Адама: «…Ці не еў ты ад дрэва, з якога Я забараніў табе есці?» Заўважце, Бог не пытаецца: «А хто табе падказаў?» ці «Хто змусіў цябе?». Ён пытаецца аб тым, што знаходзілася ў сферы адказанасці Адама: ТЫ еў ці не? Адам жа перакладвае адказнасць на Еву і, часткова, — на самога Бога: «Жонка, якую Ты даў мне, дала мне плод, і я еў». Ева ж перакладвае адказнасць на змея. Адказнасць, такім чынам, непарыўна звязана са свабодай волі, якую даў нам Пан Бог. Кожны чалавек адказвае перад Богам за сваё духоўнае жыццё, і веруючыя ў гэтым плане павінны прыкладаць яшчэ больш намаганняў, чым няверуючыя: «Каму болей дадзена, з таго болей спытаецца». Падсумоўваючы, можна сказаць, што межы арганізуюць наш свет, робяць яго больш зразумелым, прадказальным, і могуць быць вельмі карыснымі пры будаванні міжасабовых адносінаў: сяброўскіх, сужэнскіх, працоўных і г. д. Яны таксама з’яўляюцца «зонай сумяшэння» любові, міласэрнасці і справядлівасці, строгасці. Адмаўляючы прымус у якасці падмурку для адносінаў паміж людзьмі, яны на гэтую ролю прапануюць любоў, шчырае жаданне дапамагчы і ўдзячнасць. Яны робяць людзей роўнымі паміж сабою і ў той жа час не адмаўляюць нашу ўзаемазалежнасць і ўзаемасувязь. Наталля Станкевіч |
tt З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару. |