Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чаму Хэлоўін?
Вера і жыццё. Старонка кс. Уладзіміра Русака
30.10.2016 00:00

Бо гэта весела, цікава і займальна. Гэта адкрыццё на культуру іншых народаў. Гэта пошук нечага новага, новых знаёмстваў, перажыванняў, эфектаў.

З аднаго боку, мы можам назіраць, што новыя адэпты старажытнага свята друідаў шчыра выказваюць сваё павярхоўнае стаўленне да ўсяго, што навокал. Яны не абцяжарваюць сябе закладкай моцнага фундаменту для свайго жыцця і слізгаюцца па корцы абыякавасці і цынізму, якую час ад часу пакрываюць прыгожымі бліскаўкамі і канфеці. Каб не так разіла вока…

З іншага боку, павярхоўны падыход не перашкаджае таму, хто прыкрывае сваю чорную натуру прыкольным маскарадным касцюмам, незаўважальна ўвайсці пад паверхню. Ін’екцыя зроблена і пачынае дзейнічаць, паволі раскладаючы ўнутраны свет, уздейнічаючы на пачуцці, паставы і выбары.

— Нейкія жахі! — скажаце вы.

— У традыцыях жанру! — адкажу. — З той толькі агаворкай, што не для хэлоўінскага жарту, а дзеля клопату.

Чаму Хэлоўін?
Чаму не ўрачыстасць Усіх Святых?

Таму, што святыя невясёлыя, сумныя і…

Ці Яну Боска, Філіпу Нэры не хапала гумару?
Ці Жане Д’Арк, Ігнацыю Лаёлу не хапала ў жыцці драйву?
Ці Францішак, Ян Павел ІІ былі людзьмі без эмоцый і не ўмелі захапляцца?

Не варта змяняць маскарадныя касцюмы пачвараў на касцюмы святых. Варта змяняць свой унутраны свет. А вось гэта сапраўдная прыгода са своеасаблівымі перажываннямі і спецэфектамі.

Кс. Уладзімір Русак

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.