Звычайна… |
Вера і жыццё. Старонка кс. Уладзіміра Русака |
30.01.2012 11:44 |
Можа, пачну з першага. Еду на душпастырскую сустрэчу святароў і сясцёр у Мінск. За рулём мой прыяцель святар. Паўза ў нашай размове. З магнітолы загучаў трэк нумар 9. Знаёмыя гукі неакатэхуменальных рытмаў. «Ведаеш, песня была напісана акурат на гэты год», — адгукаецца мой вадзіцель. Я, не моцны ў іспанскай мове, гляджу на яго з запытаннем. «Гэты спеў, — кажа, — перафразоўка 12 раздзела Апакаліпсісу, там, дзе гаворка пра знак Жанчыны і Цмока на небе. А зараз, кажуць, год Цмока па ўсходнім календары, — глядзіць на мяне з усмешкай, — цікава, хто ў нас пераможа?» Хажу «па калядзе». Так у нас называюць душпастырскае наведванне сем’яў. Званок у дзверы. «Пахвалёны Езус Хрыстус!» У кватэры жывуць тры пакаленні. Усмешкі на вуснах і радасць у вачах найстарэйшых. Няёмкасць на твары сярэдняга пакалення. Адсутнасць наймалодшых. Мой погляд падае на фігурку Анубіса ў нішы на сценцы. «Бачу, вы любіце падарожнічаць, — кажу, — і, хіба, былі ў Егіпце». Адгукаецца сярэдняе пакаленне: «Не, гэта проста сувенір». «Ну, не сказаў бы я, што вельмі хрысціянскі», — прамаўляе мая душпастырская руплівасць. «Гэта ЗВЫЧАЙНЫ сувенір», — чую ў адказ. Мы прызвычаіліся да сапраўды звычайнага. Са звычайным не цікава. Каб звычайнае надавала сэнс, запальвала святло ў жыцці, яго трэба паглыбляць, прыкладаць намаганні. Напэўна, лягчэй «запаліць» жыццё чым-небудзь іншым, незвычайным. І мы патрабуем гэтага, як новай дозы наркотыкаў. А каб не было страшна, кажам, што гэта «звычайна». Звычайна на пачатку ліпеня шмат католікаў прыбывае ў Будслаў, каб наблізіцца да незвычайнай асобы Марыі. Сёлета наша сустрэча будзе адбывацца пад дэвізам «Марыя — Маці Божага Сына». Сёлета будзе асаблівая нагода, каб пазнаць Марыю і яе Сына. Пазнаць і выбраць, на чыім баку я хачу быць: на баку Усемагутнага Збаўцы, Праўды і Дабра ці на баку цмокаў, анубісаў і іншых «звычайных» незвычайнасцяў. Ад гэтага залежыць, хто пераможа ў маім жыцці. Ад гэтага залежыць — я перамагу ці буду пераможаны. Кс. Уладзімір Русак |