Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ці мой пост сапраўдны?
Вера і жыццё. Старонка кс. Уладзіміра Русака
28.02.2013 11:15

Ні для каго не сакрэт, што Вялікі пост для хрысціяніна з’яўляецца часам падрыхтоўкі да святкавання Перамогі. Кожная перамога патрабуе ад нас вялікіх намаганняў, а часам і стратаў. І ў пэўны момант мы апынаемся ў сітуацыі, калі трэба вырашыць, што для мяне больш важнае: перамога, да якой я імкнуся, ці штосьці, чым трэба ахвяраваць, каб яе, перамогу, асягнуць. Чым важнейшая перамога, тым цяжэйшыя часта трэба панесці страты. Тым цяжэй зрабіць правільны выбар.

Несумненна, для дзіцяці вялікай перамогай будзе захаванне на працягу 40 дзён устрымання для цукерак. Але, напрыклад, не для мяне асабіста, бо я не ласы на салодкае.  Да таго ж не да такога «дзяцінства» заклікае нас Езус.

Час перад Вялікаднем — гэта час пакаяння, навяртання, выпраўлення памылак. Магчыма гэта толькі тады, калі мы абудзім нашу ўвагу. Увага нам патрэбна, каб заўважыць Таго, хто дае нам усё і нават самога сябе да смерці. А таксама для таго, каб зразумець, якім чынам мы выкарыстоўваем дары з крыніцы гэтай бязмежнай любові.

І вось тут важна не пераблытаць і зрабіць адпаведны выбар, што важнейшае: дар ці даўца? Пост — гэта час, каб сказаць сабе праўду пра тое, што важнейшае ў маім асабістым жыцці: рэч ці асоба. Адмовіцца, адсунуць на бок дар, каб заўважыць даўцу.

Не раз можна заўважыць, як дар займае ўсё больш месца і пачынае кіраваць, панаваць, знявольваць. Тое, што па прызначэнні павінна служыць выражэнню любові і яе будаваць, на самой справе часта яе забівае.

Вельмі добра гэтую стратэгію зла ілюструе просьба некаторых ІТ-кампаній, скіраваная ў Вярхоўны суд ЗША наконт легалізацыі аднаполых сужэнстваў. Тыя супольнасці, якія пачыналі з таго, што рабілі наша жыццё больш выгодным і сучасным, цяпер жадаюць уплываць на наша жыццё і змяняць яго паводле свайго светапогляду.

Я не аб’яўляю мабілізацыю супраць тэхналогій ці кампаній вытворцаў. Я толькі заклікаю даць у сваім жыцці месца Богу, якое Яму належыць па праву. Выпадак з ІТ-кампаніямі адзін са шматлікіх. Небяспека можа знаходзіцца значна бліжэй, чым заморскія фірмы. Трэба быць уважлівымі, каб мы не былі пазбаўлены ўдзелу ў Перамозе Уваскрасення.

А перамога магчыма толькі на шляху змагання.  

Кс. Уладзімір Русак 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме