Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Радасць пакаяння
Вера і жыццё. Старонка кс. Уладзіміра Русака
16.03.2012 11:03

Вялікі пост для некаторых людзей можа быць часам не проста цяжкіх намаганняў, але часам невыносным. Ён можа стаць часам, калі вушы нашага сэрца ўспрымаюць толькі манатоннасць: «навяртайцеся, кайцеся, спавядайцеся, выракайцеся, адмаўляйцеся…» Манатоннасць і звычка штогадовасці, падмацаваная свядомасцю таго, што з мінулага года мы так і не сталі больш дасканалымі, многіх можа звесці з добрай дарогі і пазбавіць запалу.

Падчас посту можна адмаўляцца ад многіх рэчаў, прыемнасцяў, забаваў. Але памылковым было б адкласці ў бок тое, што з’яўляецца фундаментальным для хрысціянства – аптымізм. Іншымі словамі, выракаючыся на час посту ад аптымізму, мы не можам пасціць па-хрысціянску!

Нездарма Езус, прадказваючы вучням, што чакае Яго ў Ерузалеме, заканчвае словамі: «Але на трэці дзень Сын Божы ўваскрэсне» (пар. Мц 16, 21).

Нездарма ў адну з нядзеляў Вялікага посту мы чуем чытанне Евангелля, якое распавядае аб перамяненні Езуса на гары Табор, калі Настаўнік «анансаваў» вучням хвалу ўваскрасення.

Нездарма ў чацвёртую нядзелю велікапоснага перыяду літургія дазваляе выкарыстоўваць ружовы колер.

Не проста так на пачатку Вялікага посту, калі на нашы галовы ўпаў попел, мы пачулі словы «кайцеся і верце ў Евангелле».

«Верце ў Евангеллле» — верце, што для вас ёсць Добрая Навіна.

Езус абвяшчае Добрую Навіну, якая з’яўляецца лекам ад нашай мігрэні безнадзейнасці і безвыходнасці. Шмат разоў мы перажываем пачуццё скрухі. Але не заўсёды жаль за грахі прыносіць плён трывалай вернасці Богу. Нашыя ўпадкі і вяртанне да граху выразна паказваюць, што самі па сабе мы слабыя. І яшчэ: пакаянне, якое здольнае сапраўды змяніць чалавека, з’яўляецца не толькі справай чалавека. Добрая навіна ў тым, што Бог не толькі чакае нашага вяртання праз пакаянне, не толькі дае магчымасць пакаяцца. Ён сам дае людзям тое, чаго ад іх чакае: «Дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх» (Эзх 36, 27). Іншымі словамі, калі я адчуваю сваю немач, калі ўсведамляю сваю слабасць, калі заклік да пакаяння напаўняе мяне не энтузіязмам, а горыччу, тады з’яўляецца магчымасць па-сапраўднаму сустрэць Бога, заўважыць Яго прапанову змяніць штосьці ў сваім жыцці, тады ёсць шанс, што ў сэрцы з’явіцца надзея.

Езус мае Добрую Навіну таксама для тых, хто згубіў сэнс посту, а можа і свайго жыцця. Збаўца выразна акрэслівае мэту: «Споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 14). Мэтаю Вялікага посту, такім чынам, з’яўляецца Божае Валадарства. Недастаткова толькі захапляцца «подзвігам», які здзейсніў Хрыстус праз сваю Муку, Смерць і Уваскрасенне, але трэба дазволіць, каб падзеі з жыцця Хрыста паступова перамянялі маё ўласнае жыццё, засноўваючы на тэрыторыі майго сэрца валадарства справядлівасці, валадарства супакою, валадарства Бога.

На самым пачатку перыяду пакаяння мы чуем заклік да аптымізму, мы чуем словы, якія спрабуюць пераканаць нас, што грэх не здолее канчаткова пазбавіць нас радасці (менавіта радасці, а не весялосці — заўвага аўтара). Мы чуем, што можам асягнуць радасць на дарозе пакаяння. Каб мець радасць у сэрцы, не абавязкова чакаць вечара Вігіліі Уваскрасення.

Кс. Уладзімір Русак

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.