Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Што значыць «Чарнобыль»?
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
27.04.2012 10:44

26 красавіка. 26-я гадавіна аварыі ў Чарнобылі. Узгадваю, як у мінулым годзе ўпершыню ў жыцці я трапіў у радыяцыйную зону адсялення. Дапамагаў мясцовым святарам перад Вялікаднем наведаць састарэлых і хворых католікаў, якія засталіся ў паўразбураных і забытых вёсачках на беларуска-украінскім памежжы, у мёртвай зоне.

Першае, што ўразіла, гэта руіны населеных пунктаў. А яшчэ больш уражвала, калі на фоне запушчанасці і бязлюднасці раптам паўставала перад вачыма абжытая хата.

У адной з вёсачак святара чакала цэлая група пенсіянераў-католікаў. Заўважаючы маё здзіўленне такой колькасцю парафіянаў, адзін з дзядуляў пачаў апраўдвацца: «А куды нам, старым, было выязджаць, мы вырашылі тут застацца».

Пенсіянеры-чарнобыльцы з вялікай цікавасцю прыглядаліся да маладога святара з «жывога свету», а я з не меншай цікавасцю назіраў за жыхарамі экзатычнай, адрэзанай ад цывілізацыі зоны.

«Нас тут шмат тады засталося. А цяпер вунь сколькі нас… Дзякуй Богу, што хоць ксяндзы да нас прыязджаюць», — дзялілася расчуленая жанчына.

У хаце, дзе мы маліліся разам з групай пажылых католікаў, была адмысловая атмасфера. Спачатку я думаў, што ўся справа ў надзвычай цёплым духоўным клімаце, які стварылі сабраныя на споведзь і святую Імшу вяскоўцы. Аднак пасля я адчуў, што гэтая спецыфічная атмасфера звязана таксама з убранствам хаты, незвычайнымі карцінамі, якія ўпрыгожвалі сцены. Гэта былі і пейзажы, і партрэты, і рэлігійныя выявы.

«А хто іх намаляваў?» — запытаўся я ў людзей, нібы прадчуваючы гістарычнасць гэтых твораў на сценах. Усе паказалі на старэнькага дзядулю, які сціпла ўсміхаўся, трымаючы ў руках ружанец. Крыху зачырванеўшыся, ён адмахнуўся: «Ах, ойча, тут засталася толькі мая мазня з маладосці, калі пачынаў. Тое, што лепшае, дзеці забралі ў горад, Саветы пазабіралі кудысьці на выстаўкі». Мастацкі талент гэтага чалавека быў відавочны па яго творах. Вось так, падумалася мне, вялікія таленты рассыпаныя па нашай зямлі, выраслі і паміраюць па забытых чарнобыльскіх вёсках. На хвіліну я ўявіў сабе гэтага дзядулю жыхаром Францыі ці Германіі… Як жа там адрозніваецца старасць яго братоў па таленту ад гэтай напаўразваленай хаты ў змярцвелай чарнобыльскай зоне.

Літаральна праз некалькі месяцаў мне прыйшлося знаходзіцца ў Ватыкане. Ідучы адным з калідораў старадаўняга папскага палаца, я быў уражаны яго аздабленнем. Сцены былі распісаны сярэднявечнымі фрэскамі-мапамі Еўропы. Неяк машынальна я пачаў пільна ўзірацца ў выявы, шукаючы беларускія землі. І першае, што звярнула на сябе ўвагу, гэта выразная назва горада на самай сярэдзіне адной з мапаў. Па-лаціне было напісана: «Chernobyl». Гэтая назва была такая яркая, што адразу кідалася ў вочы. Тады яшчэ я задумаўся, чаму мастак дзесьці паўтысячы гадоў таму так яскрава падпісаў гэтую мясцовасць. Былі ж недалёка больш важныя гарады, назвы якіх можна было мацней падкрэсліць.

Ватыканскія фрэскі і сустрэча з жыхарамі радыяцыйнай зоны навялі на роздум аб сімволіцы і значэнні Чарнобыля. Думалася аб тым, што аўтар і заказчык ватыканскай фрэскі нават не здагадваліся, чым будзе вядомы Чарнобыль ва ўсім свеце. Ніхто тады ў хрысціянскай Еўропе не падазраваў, што праз некалькі стагоддзяў яна будзе захлынацца кроўю ад змагароў за свет без Бога, па вобразу і падабенству шалёных правадыроў у «светлую будучыню». І ніхто ні сярод веруючых, ні бязбожнікаў не спадзяваўся, што сімвалічным помнікам чалавечага самадурства стане мёртвая пляма ў самым цэнтры Еўропы. І называцца яна будзе Чарнобыль. Тамтэйшая АЭС павінна была стаць гонарам ударнай пяцігодкі і савецкага «раю». А стала вечнай перасцярогай для тых, хто волю ўлады ставіць вышэй за розум і Бога.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.