Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Калі каралю здаецца гэта добрым...
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
21.07.2012 07:54

«...пашлі мяне ў Юдэю, у горад грабніц айцоў маіх, каб я адбудаваў яго» (Нм 2, 1–8). Так Нээмія просіць Артаксэркса — караля Персіі — даць яму паўнамоцтвы намесніка ў Ерузалеме.

Магчыма, гэта клішэ — звяртацца да караля менавіта так? Але ў выпадку з Нээміяй бачна, што ў аповедзе наогул няма фармальных і лішніх фразаў.

Кароль слушна цаніў свайго віначэрпія: «Чаму твар твой засмучаны, ты ж не хворы? Гэта нішто іншае, як смутак у сэрцы». І яшчэ не даўшы дазволу на ад’езд, пачаў сумаваць па ім: «Колькі часу працягнецца шлях твой, і калі вернешся?» Думаю, парада: «Калі хтосьці ліжа табе падэшвы, прыцісні яго нагой, перш чым ён пачне кусацца», была вядомая старажытным валадарам задоўга да таго, як Поль Валеры яе напісаў.

Таму мне здаецца, што толькі шчырая павага да караля гучыць у адказах Нээміі. Між іншым, спачатку «я памаліўся Богу нябеснаму» і толькі потым выказаў свой смутак і свае просьбы, папярэджваючы іх умовай: «Калі гэта спадабаецца каралю...» І Бог зрабіў каралеўскае сэрца прыхільным да словаў віначэрпія.

Што было з людзьмі і горадам далей, можна прачытаць у кнізе Нээміі ў Старым Запавеце. Знайшлася нават паэма: Вадим Сафонов «Виночерпий».

Мяне ж затрымаў кароткі дыялог Артаксэркса і Нээміі.

Невялічкі эксперымент: уявіце сабе, што аб нечым, на вашую думку, добрым трэба папрасіць кагосьці з блізкіх ці знаёмых. Замест звычайнага «Так і так, дапамажы мне, дай, падвязі, прынясі, падмяці...» пачніце просьбу са шчырага «Калі табе здаецца гэта добрым... ускапай мне гарод на дачы ў суботу». Ага, адчуваеце, як павялічваецца рызыка таго, што не ўскапае?

Ці вось у начальніка ўзяць і спытацца: «Калі вам гэтая ідэя здаецца добрай, то павялічце мне зарплату». Ляціць і падае — так спяшаецца? Але чаму б не? Ці прычына толькі ў тым, што ён — не кароль персаў, а вы — не добры віначэрпій? Ускосна так, бо далёка не кожны начальнік мае такую раскошу, як свабода паступаць згодна са сваім сумленнем і ўнутраным пачуццём дабра і зла.

Але пакінем начальства (хай спакойна абдумае пытанне аб росце зарплат работнікаў) і вернемся да сябе, да «чалавека, які быў створаны дзеля таго, каб праз Хрыста стацца святаром, прарокам і каралём». Не менш... Цяжка ўявіць, наколькі магло б змяніцца жыццё кожнага хрысціяніна, каб ён памятаў пра гэта, імкнуўся спазнаць глыбіню свайго паклікання і быць тым, кім створаны... І што самае нечаканае: іншы чалавек — таксама прарок, святар і кароль! Ракурс змяняецца радыкальна. Раптам можна апынуцца на супрацьлеглым ад сваіх патрэбаў баку, а гучны голас сваіх прэтэнзій сціхае перад пытаннем: а ці нясе мая просьба дабро іншаму?

Пасля такой рызыкоўнай верыфікацыі (а больш бяспечна было б дамагацца свайго, як звычайна) наступае момант ісціны для той каралеўскай асобы, якую мы аб нечым папрасілі: сфальшывіць ці не? Калі прызнае слушнасць просьбы, але адмаўляе, то чаму? Ці хапіла часу падумаць? Ці ўсведамляе ён сабе ўсе наступствы? Ці не здаецца яму, што добра было б патлумачыць свой адказ?

Варта навучыцца даваць людзям час спытацца ў свайго сэрца і розуму, ці дабро ім прапануецца, і даць магчымасць сказаць «Не». Пачаць, вядома ж, трэба з сябе, хоць гэта найцяжэй. Але ўявіце сабе, як нехта замест загаднага тону ціха вас папросіць: «Калі лічыш гэта добрым, то...»

Ці не гэтую думку калісьці ўкладвалі нашыя продкі ў сваё «калі ласка»? Ці не з гэтых словаў павінны пачынацца нашы малітвы?

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.