Колькі можна гаварыць? |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч |
20.08.2012 13:30 |
Часта менавіта так усклікаюць кожныя бацькі, калі зноў і зноў трэба тое ж самае дзіцяці сказаць, засцерагчы, папрасіць, нагадаць, забараніць... І, набіваючы сінякі, ранячы сябе і блізкіх, дзеці зноў і зноў «забіваюць» на бацькоўскія словы. Яны не хочуць вучыцца на сваіх памылках, не зважаюць на аўтарытэты і дарадчыкаў, не цікавяцца сваёй будучыняй, жыццём сям’і і планамі іншых... Так бывае, праблемы росту. «Ты расцеш эгаістам!» — спрабуюць адкрыць ім вочы блізкія. «Гэта вы мяне не разумееце! Я ўсё яшчэ паспею, я яшчэ вам усім пакажу! Толькі не зараз... Не сёння, ну, не да вас, няма настрою, не хочацца... Дапамажыце спачатку ВЫ мне, тады паглядзім...» І бацькі, якія не перастаюць любіць сваё дзіця, як тыя біблейскія прарокі, пачынаюць спачатку: зрабі, паслухай, навучыся, пачакай, будзь чалавекам... Мацней за словы прамаўляючы сваёй прысутнасцю, сваёй дапамогай, сваім прабачэннем. Ці ж бацькі — такія бездакорныя? Не. Але ці могуць яны адрачыся ад свайго паклікання даўжынёй у жыццё? Калі спрабуюць, то гаруюць. Але нават у такой несентыментальнай бацькоўскай любові бываюць дні, калі не хочацца больш нічога: ні каб цябе пачулі, ні каб ацанілі, ні каб не чапалі – нават жыць. Ну бо колькі можна казаць аб адным і тым жа? Колькі можна з сябе гэтым людзям даваць? Колькі сябе выракацца і зменаў да дабра не бачыць? Нічога ў мяне не атрымалася, усё марна. Ты іх даверыў мне, Пане, але я… «У тыя дні: Пайшоў Ілля ў пустыню на адлегласць аднаго дня дарогі і, прыйшоўшы, сеў пад адным з кустоў ядлоўцу і прасіў смерці сабе. І сказаў: Хопіць ужо, Пане! Вазьмі маё жыццё, бо я не лепшы ад маіх продкаў! І лёг ён, і заснуў. І вось анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: Устань і еш! Ілля глянуў, і вось каля ягонай галавы была печаная аладка і збан вады...» (пар. 1 Вал 19, 4–8). Сёння святар напрыканцы святой Імшы зноў нагадаў, што касцёл па суботах прыбіраюць з года ў год тыя самыя некалькі чалавек. Не за грошы, бо наймаць кагосьці няма магчымасці. «А павінна ўдзельнічаць уся парафія». «Нічога я не павінна», — падумала парафія. Але ж не — кожны сам паўтарыў пра сябе свае апраўданні. Вядома, святару пра іх не скажаш, дзе яму зразумець! Ён увогуле, паміж намі кажучы, шмат вымагае ад людзей. Калі тыя прыбіраць прыходзяць — значыць, так трэба, значыць, могуць. Даюць грошы на будоўлю/рамонт, то могуць даць, а ў мяне і так мала. Аддаць — сябе абдзяліць, а раптам што якое, хто дапаможа? Тут рэальнага жыцця не разумеюць. Ну, так, на пенсіі, яно канечне, буду хадзіць, удзельнічаць (бо што яшчэ рабіць, састарэўшы?). То ж бедныя мы, неразумныя дзеці, думаючы так... Зноў і зноў забываемся, не бяром адказнасці, не цікавімся, выкручваемся з абавязкаў, хаваемся за спіны, вырашаем свае патрэбы... Як добра, што ў кожнай парафіі ёсць людзі дарослыя, незалежна ад узросту. Дзякуй Богу за святароў, якія — прарокі нашыя і бацькі — знаходзяць сілы і волю, і любоў гаварыць зноў і зноў аб адным і тым жа, нагадваць, засцерагаць, падтрымліваць, чыніць непрыкметныя і вялікія цуды. Няхай наталяе і акрыляе вас Божая ласка! Бо наперадзе яшчэ далёкая дарога... Тэрэса Клімовіч |