Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шкодная кампенсацыя для цярпення
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
29.01.2013 03:58

«Better suffer a great evil than do a small one» — з англ.: «Лепш сцярпець вялікае зло, чым учыніць малое». Падобныя прыказкі ёсць і ў іншых народаў. Але ў мяне адчуванне цяпер такое, што ўсе яны разам састарэлі і выйшлі з ужытку. Што значыць цярпець? Добра, бывае рознае ў жыцці, але — ну сцярплю — і што?

Дарэчы, апошняе пытанне набрала зараз вялікую папулярнасць, асабліва калі гучыць у сэнсе «І што мне з таго?», «А дзе тут мае грошы?» і г.д. Хаця б маральная кампенсацыя за мае пакуты павінна ж быць? (Ледзь утрымалася, каб не прыпісаць у канцы слоўца «ну»).

Нам так доўга казалі, што мы цярплівыя, што мы і паверылі, і самі каму хочаш раскажам. Толькі прыелася ўжо, сіл няма... А справядлівасці прагнуць небяспечна, таму мы крыўды кампенсуем дробнымі шкодамі. Патрабуе нешта начальнік — спаганю з падначаленых. Малы заробак — зраблю абы-як. Не даюць зарабіць — украду. Крыўдзіць хтосьці  — хай толькі адвернецца... Абы не заўважыў, бо ён жа сусед (ці радня, ці крэдытор, ці заробак плаціць...)

Дарэчы, продкі стагоддзямі моўчкі цярпелі — і што? Але розніца — ЯК. Цярпелі і даравалі, свайго няшчасця пад чужыя дзверы не падкідалі, таму і жылі сапраўдна, а не ўкраўшы. І галоўнае — сам чалавек не навучыцца цярпець. Злавацца — так, помсціць — выдатна, нават горш, чым вока за вока. Але не навучыцца здабываць у цярпенні лагоднасць, прабачэнне, любоў. Не здолее ствараць нешта добрае. Вырваўшыся з рабоў, паскача ў рабаўладальнікі...

«Ласка адрозніваецца ад свабоды: ласку дае Бог, свабоду дае чалавек... Пакорлівасць і паслухмянасць — плёны ласкі, а не разумнага рабаўладальніцтва». А. Якаў Кротаў.

Таму тыя, хто церпяць і не помсцяць, — не ідыёты... Хіба што не заўсёды цвярозыя, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.