Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чаму я перастаў змагацца з гарбузамі
Пераклады
31.10.2015 00:00

Так, шатан – гэта зло, з ім няма дыскусій і забаваў. Таму хрысціянін глядзіць на свайго Збаўцу, а не на злога і свае псеўда-змаганні са злом. Вядуцца пастаянныя спрэчкі (у катэхезе, мас-медыя, інтэрнэце) на тэму пагрозы, якую нясе Хэлоўін. У дэталі гэтых спрэчак уваходзіць не будзем, іх занадта шмат, хаця б у сеціве. Хацелася б на гэтае «страшнае паганска-д’ябальскае свята» паглядзець праз прызму чытання Евангелля.

У ім гучыць пытанне, якое сёння задаюць многія людзі: «ці дазволена?» Пабожныя людзі стварылі тэорыі, заснаваныя на Законе, альбо хутчэй на яго інтэрпрэтацыі. Гэтыя інтэрпрэтацыі ставілі шмат спраў на «вастрыё нажа». Аказвалася, што для пабожных людзей Закон станавіўся важнейшым за любоў, выражаную ў канкрэтных учынках.

Адзіная праўдзівая сіла — у Богу, усё іншае альбо адлюстроўвае і выкарыстоўвае Яго моц, альбо толькі пераймае яе, як малпа, і de facto не пагражае таму, хто ўзіраецца ў Крыніцу.

Езус, не зважаючы на шум, які ўздымаюць пабожныя іўдзеі, аздараўляе, насуперак іх інтэрпрэтацыі Закону. У іх вачах Ён чыніць… зло! У іх разуменне Ён той, хто выступае супраць Закону Бога, значыць аддае хвалу злому. Гэта паказвае, што само ўражанне тых, хто абвяшчае перамогу злога, не абавязкова супадае з фактамі.

Езус аздараўляе, значыць абвяшчае Валадарства Божае, якое засноўваецца менавіта на гэтым. Нават тады, калі даходзіць да непасрэднай сустрэчы Езуса са злым духам, Езус абвяшчае Валадарства Бога. Ён абвяшчае Любоў Айца, не пагрозы.

Як хрысціянін я павінен абвяшчаць Валадарства Бога на зямлі, павінен не губляць веры ў тое, што Ён уваскрос (перамог злога) і жыве!

Азірацца ў пошуках злога не з’яўляецца маім пакліканнем. Чалавек, які ўглядаецца ў Езуса, знаходзіцца ў бяспецы. Ён уваходзіць у той свет, які з’яўляецца любімым светам Бога, і ён гаспадар рэчаіснасці. Ён жыве не ў страху і чаканні пагрозы, бо яму абвешчана Перамога Божага Валадарства.

Чалавек, які шукае зло і змагаецца з ім, не знаходзіцца ў бяспецы, бо засяроджваецца выключна на тым, хто ёсць злым.

Таму прашу — не дурыце дзецям галаву, кажучы ім пра д’ябла, які сядзіць у гарбузе на школьным калідоры або ў намаляваным шкілеце. Гэтак жа няма яго і ў воску, які льюць месяц пазней, каб па ім пабачыць, якой будзе мая будучая жонка. Гэта Езус, а за Ім і хрысціянін, з’яўляецца Панам матэрыі, а не злы дух.

Не, гэта не духоўны рэлятывізм, гэта не безадказнасць, не няведанне сур’ёзных справаў. Я ведаю, што ёсць мільён контраргументаў: лагічных, разумовых і духоўных. Мяне карыстанне аргументамі, цытатамі, доказамі не цікавіць. Не таму, што я безадказны.

Я займаю такую паставу (прызнаючы тое, што як катэхет у першыя гады навучання змагаўся з Хэлоўінам, наколькі было сіл), бо ў рэшце рэшт зразумеў, што, ідучы ў свет, не павінен ісці ў яго з прадпісаннямі і абвяшчэннем таго, што гэты свет знаходзіцца ва ўладзе злога, але павінен ісці з верай, што Езус уваскрос, павінен ісці абвясціць Божае Валадарства. Тады «гарбуз» не будзе несці ў сабе пагрозу, а стане мовай, якой я змагу прамаўляць да іншых.

Паводле www.deon.pl, Гжэгаж Грамер SJ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.