Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Плоднасць і бясплоднасць у Бібліі
Абарона жыцця і сям’і. Старонка Ул. Валаховіча
31.01.2013 09:18

Уважлівы чытач Бібліі адразу заўважыць, што тэма плоднасці і ўсяго, што звязана з размнажэннем, з’яўляецца адной з галоўных у Кнізе кніг. Ужо першыя словы Бога, звернутыя да чалавека, непасрэдна датычацца плоднасці: «пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю». Бог хоча, каб нас было шмат і каб мы карысталіся пладамі зямлі. Ужо ў самым пачатку стварэння таямнічым чынам аказваюцца звязанымі плоднасць чалавека і ўрадлівасць зямлі.

Першае, што церпіць у выніку грэхападзення, — гэта плоднасць. Пасля граху Адама і Евы адбываецца парушэнне сужэнскіх адносін, з гэтага часу жанчына павінна ў болях нараджаць дзяцей, а зямля будзе прыносіць пустазелле замест добрага плёну. Але нават такая знішчаная плоднасць становіцца прадметам зайздрасці сатаны. З гэтага моманту ён будзе весці барацьбу з патомствам жонкі — «яно сатрэ табе галаву, а ты сатрэш яго пяту». Чаму д’ябал такі агрэсіўны да патомкаў Евы? Хутчэй за ўсё, справа ў тым, што раней ці пазней павінен будзе нарадзіцца далёкі Патомак Адама і Евы, Езус Хрыстус, таму галоўная задача д’ябла — каб у людзей наогул не было патомкаў.

Дзіўна прасачыць на старонках Бібліі, як тэма бясплоднасці з’яўляецца ва ўсіх ключавых момантах гісторыі збаўлення. Усе жонкі патрыярхаў, ад якіх паўстаў народ абраны, — Сара, Рэбэка, Рахіль — пакутавалі ад бясплоднасці. Яны ўспрымалі яго як цяжкае выпрабаванне і імкнуліся вырашыць гэтую праблему па-рознаму, прычым не заўсёды згодна з Божай воляй. Сара — пры дапамозе сурагатнага мацярынства, прапанаваўшы Абрагаму сваю наложніцу ў якасці жонкі. Вынік — нараджэнне Ізмаіла, продка ўсіх мусульман. І толькі потым, усвядоміўшы сваю памылку, Сара і Абрагам дачакаліся нараджэння свайго сына, хоць усе законы прыроды былі супраць гэтага. Рахіль, акрамя таго, што таксама звярталася да паслуг сурагатнай маці, яшчэ і загадкавым чынам прысядала на ідалаў, выкрадзеных у свайго бацькі, што магло быць нейкім магічным рытуалам, звязаным з плоднасцю. Вынік — Рахіль памірае ў родах. А вось Рэбэка з Ісаакам маліліся аб аздараўленні ад бясплоддзя — і ў іх нарадзіліся адразу двайняты.

Акрамя жонак патрыярхаў, ёсць і іншыя біблейскія прыклады. Доўга малілася аб аздараўленні ад бясплоднасці маці Самсона, а таксама маці прарока Самуіла. Гэты прарок пасля адыграў ключавую ролю ва ўсталяванні ў Ізраілі манархіі, ён памазаў на царства цара Давіда. Прабабуля Давіда, Рут, таксама больш за 10 гадоў была бясплоднай.

У Новым Запавеце на бясплоднасць пакутавалі Захарыя і Альжбета, бацькі Яна Хрысціцеля, а як кажа паданне, нават дзядуля і бабуля Езуса Хрыста — Яўхім і Ганна — не пазбеглі праблем з плоднасцю, нарадзіўшы Маці Божую толькі на схіле гадоў.

Такім чынам, у Бібліі бясплоднасць прадстаўлена як вельмі сур’ёзнае няшчасце, з якім ніхто не хацеў сутыкнуцца, бо яно ўспрымалася як праклён. Тым не менш, з тэкстаў Святога Пісання вынікае, што бясплоднасць — гэта ў першую чаргу праблема духоўная, свайго роду задача, якую неабходна вырашыць, перашкода, якую варта пераадолець, нягледзячы на ўсе інтрыгі злога духа. Біблія паказвае нам, што толькі Езус Хрыстус можа паставіць кропку ў пакутах бясплодных пар. Толькі Ён праз сваё цудоўнае зачацце і нараджэнне даказвае, што для Бога на самой справе няма нічога немагчымага.

Але калі бясплоднасць — гэта праблема, якая прыходзіць звонку, то свядомае адмаўленне ад нараджэння дзяцей — заўсёды асабістае рашэнне чалавека, і таму яно з’яўляецца асабліва цяжкім грахом. Такім быў, напрыклад, грэх Анана, які з’явіўся прычынай яго смерці. Але самым яркім прыкладам адмаўлення ад нараджэння дзяцей з’яўляецца садомскі грэх, які шмат разоў сурова асуджаецца ў Бібліі. Гомасексуалізм па сутнасці сваёй з’яўляецца поўным адмаўленнем ад Божага плану пра чалавека, які выяўляецца ў дары плоднасці, прычым гэты грэх мае атрутныя ўласцівасці для навакольнага свету, што яскрава праяўляецца ва ўчынку дачок Лота. Яны паходзяць з праведнай сям’і, якая жыла ў Садоме да яго знішчэння і не прымала граху яго жыхароў. Тым не менш, адразу ж пасля таго, як агонь з неба ўпаў на Садом і Гамору, яны ўступаюць па чарзе ў кровазмяшальную сувязь са сваім бацькам, даючы пачатак язычніцкім народам, якія потым былі прыгнятальнікамі ізраільцян.

Бог дае чалавеку дар плоднасці. Гэта вялікая таямніца, якую мы пакуль што да канца зразумець не можам, бо зразумела толькі адно: Бог хоча, каб людзей было шмат. Менавіта таму ў Бібліі ідэал жанчыны — гэта жонка, маці, якая параўноўваецца з пладавітай вінаграднай лазой. Плод улоння — дзеці — заўсёды прадстаўлены як Божае благаслаўленне, прычым чым больш гэтых пладоў, тым большае благаслаўленне для дома. Ды і само стварэнне дома ў Бібліі — гэта не будаванне і не купля нерухомасці, як мы зараз прывыклі думаць, а менавіта нараджэнне дзяцей.

Не хочацца верыць, але менавіта наша цывілізацыя, якая вырасла на высокіх біблійных ідэалах, паставіла на паток поўную адмову ад нараджэння дзяцей, узвёўшы ў ранг асноўных правоў чалавека жудаснае язычніцкае права на дзетазабойства — аборт, а таксама права на планаванне сям’і — кантрацэпцыю. Але, як паказвае нам Біблія, па сутнасці сваёй і аборт, і кантрацэпцыя — атрутныя плады аднаго дрэва, кажучы біблійнай мовай, дрэва смерці. Сілкавацца ад гэтага дрэва і пры гэтым заставацца хрысціянінам або проста чалавекам добрай волі немагчыма. Трэба выбіраць альбо тое, альбо іншае. Як кажа Кніга Другазаконня: «Я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё» (Дрг 30, 19).

Уладзіслаў Валаховіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.