Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых яркіх падзей з жыцця Касцёла за мінулы тыдзень
Беларусь
10.11.2015 03:43
Ружанец па скайпу на Хэлоўін, новыя дыяканы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, фармацыйная сустрэча салезіянскіх аніматараў, малітва Апостальскага Нунцыя за ахвяр савецкага тэрору і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень.


Skype аб’яднаў каталіцкую моладзь Беларусі на малітве Ружанца
 


Каталіцкая моладзь з Гродна, Мінска, Полацка і Магілёва аб'ядналася на малітве Ружанца праз Skype. Малітва стала ўжо пятай па ліку (упершыню яна прайшла ў гродзенскай катэдры), але першай, якая сабрала маладых католікаў з усёй Беларусі.

Ружанец прайшоў 31 кастрычніка, як супрацьстаянне паганскаму святу, калі шмат хто з беларусаў святкаваў Хэлоўін.


Раман Страшко і Аўгуст Калясінскі прынялі дыяканскае пасвячэнне



Дыяканскае пасвячэнне прайшло ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, на радзіме новых дыяканаў. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх пажадаў новым дыяканам, каб іх служэнне было дапамогай усім, каго яны сустрэнуць на сваім жыццёвым шляху, і спрыяла далейшай фармацыі, каб яны «сталі сапраўднымі святарамі Новага Запавету».

«Вашай задачай будзе вучыць людзей праўдам веры і абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова. Перад вамі паўстае заданне: так абвяшчаць Божае слова, каб яго разумеў кожны чалавек; прамаўляць да сэрца», -- дадаў арцыпастыр.


Апостальскі Нунцый ушанаваў ахвяраў мемарыяльнага комплекса «Трасцянец» і ўрочышча Курапаты

2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўсклаў вянкі і запаліў знічы ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец» і ва ўрочышчы Курапаты, ушанаваўшы такім чынам памяць ахвяраў, загінулых у гэтых месцах.



Прадстаўнік Папы памаліўся за ўсіх ахвяраў рэпрэсій і войнаў, якімі пазначана гісторыя Беларусі.

Адмысловую малітву на месцы масавых расстрэлаў людзей у Другую сусветную вайну правялі і католікі з парафіі Нараджэння Маці Божай у Гомелі.


Да 100-годдзя кс. Яна Твардоўскага ў беларускім перакладзе выйшла кніга святара «Вазьмі свой крыж. Разважанні Крыжовага шляху»

Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Pro Christo». У аснову кнігі леглі прамовы знакамітага польскага святара, агучаныя ім падчас набажэнстваў Крыжовага шляху на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў яго душпастырскай працы.


Айцы піяры наведалі магілы памерлых братоў, якія працавалі ў Беларусі


Ва ўспамін усіх памерлых вернікаў айцы піяры са Шчучына ўшанавалі памяць спачылых братоў супольнасці. Каталіцкі Касцёл заклікае сваіх вернікаў маліцца за ўсіх памерлых, асаблівым чынам у лістападзе, наведваючы магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама ўдзельнічаючы ва ўрачыстасцях, прысвечаных памяці памерлых. У Лідзе пахаваны пробашч і апошні рэктар былога піярскага калегіума (зараз праваслаўная царква) а. Клімент Марыян Чабаноўскі SP, а таксама былы лідскі дэкан а. Станіслаў Роек SP, а ў Крамяніцы - а. Станіслаў Петраш SP.



Часы, калі піяры працавалі ў Беларусі, былі нялёгкімі, многія з братоў былі запалоханы і выгнаны з парафій, але, нягледзячы ні на што, святары заставаліся вернымі свайму пакліканню і прысвяцілі шмат гадоў жыцця служэнню на гэтых землях. Гэта могуць пацвердзіць людзі, якія сустракаліся з імі.


Беларускія архівісты падрыхтавалі збор матэрыялаў пра рэлігійны стан Міншчыны ў міжваенны перыяд

Кнігу пад назвай «Религиозная жизнь на Минщине (1918–1941 гг.): документы и материалы», якая паказвае рэаліі з жыцця святароў і вернікаў розных канфесій, выдалі беларускія архівісты. 

Раней ужо былі надрукаваныя зборы «Праваслаўная царква на Віцебшчыне (1918-1991): дакументы і матэрыялы» і «Канфесіі на Гомельшчыне (20-30-я годы ХХ в.): дакументы і матэрыялы».
 


Салезіянскія аніматары Беларусі сабраліся на фармацыйнай сустрэчы ў Мінску

Фармацыйная сустрэча салезіянскіх аніматараў Беларусі сабрала сваіх удзельнікаў у Мінску для паглыблення салезіянскай духоўнасці і ўзрастання ў аніматарскім пакліканні.


 
Моладзь удзельнічала ў сумесных разважаннях, прымала ўдзел у святой Імшы і ядналася ў малітве падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
 


Біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў да духоўнай падрыхтоўкі да СДМ у Кракаве і... згуляў у настольны тэніс

Адказны за справы моладзі пры ККББ біскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да каталіцкай моладзі Беларусі з паведамленнем, у якім заахвоціў да падрыхтоўкі да Сусветнага дня моладзі, які летам пройдзе ў Кракаве.
 

 
«Запрашаем вас уключыцца ў духоўную і арганізацыйную падрыхтоўку да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве ў сваіх парафіях і супольнасцях. У межах падрыхтоўкі сярод моладзі кожнай дыяцэзіі запланаваны перэгрынацыя мініяцюр сімвалаў СДМ — крыжа і абраза Маці Божай, правядзенне дыяцэзіяльных сустрэч на тэму СДМ у Кракаве, спецыяльныя сустрэчы і катэхезы», - адзначыў іерарх.

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, які раней з’яўляўся рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, днямі паказаў таксама майстар-клас у настольным тэнісе, згуляўшы з семінарыстамі ў пінг-понг.
 
 
Аляксандр Патліс і Патрыцыя Курганава – адны з салістаў беларускай версіі гімна да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве 2016 года

Завяршыўся запіс беларускамоўнай версіі гімна СДМ-2016, удзел у якім прымала каталіцкая моладзь з розных куткоў Беларусі.



Словы для беларускай версіі гімна рыхтавала Юлія Шэдзько, за музычную частку адказвала Алена Кот. Адным з асноўных ініцыятараў запісу гімна стаў а. Сяргей Трысцень OCD.

У якасці салістаў выступілі спявак Аляксандр Патліс – голас гурта «Новы Ерусалім», маладая спявачка Патрыцыя Курганава, перакладчыца гімна Юлія Шэдзько і артыст-вакаліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Дзмітрый Маціеўскі.

Аўтары беларускай версіі гімна абяцаюць і прэзентацыю адмысловага відэароліка, якая папярэдне запланавана на 19 лістапада.
 

Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў Крыжовы шлях на мінскай Кальварыі, дзе пахаваны Ян Дамель, Янка Лучына, Вацлаў Ластоўскі і інш.

За спачылых падчас працэсіі на Кальварыйскіх могілках сталіцы разам з вернікамі парафіі Узвышэння Святога Крыжа маліўся і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.



Кальварыя – самыя старыя з захаваных могілак сталіцы, якія ўзніклі ў ХVІІІ стагоддзі. Вядома, што падчас сталінскіх рэпрэсій, якія найбольшага размаху дасягнулі ў 1937-1978 гг., тут адбываліся адзіночныя расстрэлы. На могілках пахаваны салдаты напалеонаўскай арміі, палонныя з ліку аўстрыйскіх салдат, польскіх салдат польска-савецкай вайны, савецкіх салдат перыяду Другой сусветнай вайны, 3 000 яўрэяў з мінскага гета, ахвяры рэвалюцыйнага тэрору, шматлікія палітыкі, паэты, мастакі і іншыя.

Гэта беларускі мастак Ян Дамель, пахаваны ў падкасцёльнай крыпце разам з біскупам Матэвушам Ліпскім; паэт Ян Неслухоўскі, вядомы пад творчым псеўданімам Янка Лучына; Вацлаў Іваноўскі, Уладзіслаў Казлоўскі, Генадзь Кісялёў, Іван Навуменка і многія іншыя.

«Без іх не было б нас. Без іх не было б прыгожых мінскіх касцёлаў. Без іх не было б нашай хрысціянскай культуры і спадчыны», – заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі.
 
Ілья Лапато
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.