Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельнікі музычнага гурту «AVE» распавядаюць пра сябе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.08.2011 18:47

Музычны гурт «AVE» Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў заснаваны ў 1993 г. і з таго моманту з’яўляецца важнай часткай семінарыйнай супольнасці. Ініцыятарам заснавання гурту стаў кс. Уладзімір Гуляй. У 1995 г. гурт «AVE» запісаў свой першы альбом, які называўся «Otwórz, Panie, serca mego drzwi» («Адкрый, Пане, дзверы майго сэрца»).

Пераважна ў альбом увайшлі песні, якія моладзь спявала ў пілігрымках і падчас сустрэч, таму семінарыйны гурт адразу стаў блізкім для маладых вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі. У 2004 г. быў запісаны другі альбом гурту, які называўся «Твая Любоў», а пасля — альбомы «Чтобы смог идти за Тобой» (2006), «Доверяю» (2007)  і «Утро» (2008).

З 1993 г. ужо не адзін раз змяніліся ўдзельнікі гурту «AVE», але галоўная мэта яго існавання застаецца тая ж — праслаўленне Бога. Безумоўна, цяжка захаваць адзін стыль або адзін прафесійны ўзровень выканання песень, але найважней, каб заўсёды захоўвалася галоўная мэта — евангелізацыя — і імкненне спяваць па меры атрыманага ад Бога таленту.

Ад свайго заснавання семінарыйны гурт «AVE» (назва з лацінскай мовы пераводзіцца як радаснае прывітанне «Вітай»; гэтым прывітаннем распачаў абвяшчэнне падчас Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі Арханёл Габрыэль) прымаў удзел у шматлікіх малітоўных сустрэчах Гродзенскай дыяцэзіі. Гэта і сустрэчы моладзі дыяцэзіі, і ўрачыстасці ў Тракелях, і канцэрты на ўрачыстасці Хрыста — Валадара сусвету і Божага Аб’яўлення. Ужо амаль традыцыйнымі сталі калядныя і велікодныя акустычныя канцэрты ў Музеі гісторыі рэлігіі.

Напэўна, з такой вялікай колькасці песень нам цяжка выбраць некалькі, якія б змясціліся ў канцэртнай праграме, але мы заўсёды стараемся, каб гэтыя песні адпавядалі духу і настрою людзей, для якіх іграем. Пакліканне як дыялог паміж Богам і чалавекам, а таксама любоў Бога з’яўляюцца галоўнымі тэмамі нашых песень.

Перад канцэртам мы заўсёды молімся за тых, хто будзе слухаць нас. Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца асаблівай апякункай нашага гурту, таму па традыцыі мы распачынаем наш канцэрт песняй у яе гонар.

Удзельнікі гурту «AVE»


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме