Рось — месца духоўнага абнаўлення |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
05.07.2012 14:57 |
Сёлета рэкалекцыі, у якіх удзельнічала каля 5 тысяч чалавек, праводзіў а. Джэймс Манджакал. На заканчэнне духоўных практыкаванняў прыбыў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Канферэнцыі былі прысвечаны падрыхтоўцы да споведзі, бо, як адзначыў рэкалекцыяніст, паміж духоўнымі і фізічнымі пакутамі і грахом існуе непасрэдная сувязь. Выключэннем з’яўляюцца цярпенні, благаслаўлёныя Богам. Айцец Манджакал звярнуў увагу на галоўныя крыніцы граху і спакус — сатану, плоцкія жаданні і асяроддзе чалавека. Сучаснае грамадства перажывае вялікае мноства сацыяльных, маральных, духоўных і фінансавых цяжкасцяў. Прычынамі гэтага рэкалекцыяніст назваў секулярызм, рэлятывізм і матэрыялізм, якія вядуць да жыцця без Бога, калі кожны сам вызначае, што ёсць дабро, а што зло, калі над духоўным пераважае матэрыяльнае. Аднак воля Божая, як нераз падкрэсліў а. Манджакал, — гэта святасць, да якой пакліканы кожны. Айцец рэкалекцыяніст пералічыў неабходныя «сродкі», з дапамогай якіх чалавек можа весці святое жыццё: адносіны з Богам праз прыватную малітву, сакрамэнт Эўхарыстыі і іншыя сакрамэнты, чытанне Бібліі і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, малітва ў сям’і, удзел у малітоўнай групе. Акрамя гэтага ўзрастаць духоўна дапамагае пост, міласціна, малітва за грэшнікаў, удзел у набажэнстве Крыжовага шляху. Нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў, дзякуючы намаганням пробашча кс. Чэслава Паўлюкевіча, вернікаў Росі і наваколля, усім быў забяспечаны начлег і харчаванне. На дадзеным этапе ў Росі вядзецца праца над праектам «Цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі. Дом міласэрнасці». Патрабуюцца спецыялісты і сродкі. Запрашаем усіх жадаючых унесці сваю «цаглінку» на будаўніцтва рэкалекцыйнага дома пры санктуарыі Езуса Журботнага.
В. Пазнякевіч |
Фотарэпартаж |