29 снежня ў раённым шпіталі ў Ашмянах была асвечана новая капліца, якая будзе месцам спаткання хворых з Богам. Асвячэнне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Біскуп сустрэўся ў гэты дзень з пацыентамі шпіталя, пабываў ва ўсіх яго аддзяленнях, паразмаўляў з медыцынскім персаналам і ўсімі, хто абслугоўвае шпіталь. Наведаўшы радзільнае аддзяленне, іерарх удзяліў спецыяльнае благаслаўленне маці, якія чакаюць нараджэння дзіцяці.
Гродзенскі ардынарый пажадаў пацыентам і супрацоўнікам шпіталя шчодрых Божых ласкаў на надыходзячы Новы 2013 год. У гэтым месцы, дзе людзі асабліва зведваюць цярпенне з прычыны розных хваробаў, біскуп пажадаў усім добрага здароўя, якое вельмі важнае ў жыцці чалавека.
Таксама біскуп Кашкевіч узначаліў літургію, падчас якой асвяціў капліцу і аддаў яе ва ўжытак вернікам.
Капліца атрымала тытул Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Яна была заснавана дзякуючы старанням пробашча ашмянскай парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Яна Пузыны. Як адзначыў святар у размове з Сatholic.by, гэты тытул невыпадковы, бо абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі яднае ўсіх хрысціян, злучае Усход і Захад. Да таго ж Маці Божая Нястомнай Дапамогі з’яўляецца апякункай тых, хто знаходзіцца ў найбольшым смутку і патрэбе, тых, каму асабліва неабходна любоў і апека. І менавіта ў шпіталі прабываюць такія людзі, якіх Касцёл атачае самым вялікім клопатам.
З гэтага моманту капліца будзе адкрыта штодзень з 7.30 да 22.00. У ёй будзе таксама захоўвацца Найсвяцейшы Сакрамэнт, што будзе спрыяць эўхарыстычнаму культу сярод вернікаў.
У гаміліі падчас Імшы кс. доктар Раман Катлімоўскі нагадаў аб бэтлеемскай радасці. Святар назваў новую капліцу Бэтлеемам, што азначае «дом хлеба». Гэтым хлебам, дадаў кс. Катлімоўскі, будзе ў шпітальнай капліцы Божае Слова — жывы і праўдзівы Езус Хрыстус, які будзе прыходзіць да вернікаў асаблівым чынам у святой Камуніі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім, хто паспрыяў паўстанню капліцы: мясцовым уладам, духавенству Ашмянскага дэканату, ахвярадаўцам і спонсарам. Іерарх пажадаў, каб падобныя капліцы былі ў шпіталях кожнага рэгіёну, каб у іх вернікі маглі сустракацца з Богам.
Гэта ўжо трэцяя капліца ў Гродзенскай дыяцэзіі. Першая была адкрыта ў Абласной бальніцы ў Гродне, другая — у раённай бальніцы ў Іўі.
Кс. Юрый Марціновіч (AG)
|