Святары Гродзеншчыны дзякуюць Богу за 22 гады існавання Гродзенскай дыяцэзіі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
16.04.2013 11:56 |
15 красавіка 2013 г. прэзбітэрый Гродзеншчыны, сабраны ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, дзякаваў Богу за 22 гады існавання Гродзенскай дыяцэзіі і за паслугу ў ёй біскупа Аляксандра Кашкевіча. 13 красавіка споўнілася 22 гады з моманту заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і абвяшчэння папам Янам Паўлам ІІ яе першага ардынарыя. Пастыр дыяцэзіяльнай сям’і запрасіў святароў на святкаванне ў Гродна. Больш за 100 душпастыраў прынялі ўдзел у дні духоўных сустрэч, якая таксама адбывалася ў гэты дзень, разам перажывалі адарацыю, слухалі канферэнцыі і маліліся. Канферэнцыю на тэму «Святарства ў супольнасці Касцёла і ў моцы Святога Духа» прамовіў кс. Мікалай Ціхановіч, які, даючы сведчанне ўласнага перажывання святарства, указаў на тое, што святар павінен быць жывым слугою Езуса Хрыста і нястомна адкрывацца на моц Духа Святога. Па-другое, будаванне. Будаванне супольнасці святароў у любові: «Будаваць партыкулярны Касцёл праз асабістыя адносіны з Езусам, які заўсёды жыве». І па-трэцяе, вызнаванне: «Калі мы не вызнаем Езуса, усё затрымліваецца на адным месцы, тады няма ніякага развіцця». Урачыстую святую Імшу за духавенства і ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў кс. Багдан Міхальскі, сакратар агульнапольскага руху «Папская місійная дзейнасць распаўсюджвання веры» і «Папская місійная дзейнасць св. Пятра, Апостала». Святар звярнуў увагу на ролю і патрэбу евангелізацыі сучаснага свету і чалавека. Зрабіў моцны акцэнт на тое, што ў евангелізацыі свету найперш трэба дасягнуць чалавечага сэрца, каб слова Божае, якое абвяшчаюць святары, магло змяніць іх жыццё. Ксёндз Міхальскі заахвоціў душпастыраў заўсёды мець ахвоту дзяліцца сваёй верай з тымі, да каго пасылае іх Касцёл. «Сталы Касцёл заўсёды ўмее дзяліцца, бо ад адной заснаванай хрысціянскай супольнасці бралі пачатак іншыя», — дадаў святар. Вельмі важным у распаўсюджванні веры і ў яе перадаванні з’яўляецца ўласны прыклад і стыль жыцця святароў, бо, як падкрэсліў, «святар павінен быць тым, за кім хочуць ісці іншыя». Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы, святарам за ахвярную і адданую працу ў Гродзенскай дыяцэзіі і за вядзенне вернікаў да Хрыста. Іерарх выказаў надзею, што святары з яшчэ большай моцай і руплівасцю будуць абвяшчаць Слова самога Бога сваім вернікам, тым, сярод якіх штодзень прысутныя. Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |